Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эканамічны крызіс моцна ўдарыў па фінансавай сыстэме Беларусі. Якія прагнозы наконт дэвальвацыі беларускага рубля? Ці ўстойлівая беларуская фінансавая сыстэма? Ці павялічыўся аб’ём банкаўскіх укладаў?

Удзельнікі: фінансавы аглядальнік газэты “Белорусы и рынок” Уладзімер Тарасаў і прафэсар Барыс Жаліба.


Якія прагнозы наконт дэвальвацыі беларускага рубля?


Валер Карбалевіч: “З пачаткам гэтага году, з навагодняй дэвальвацыяй пытаньне ўстойлівасьці беларускага рубля стала на парадак дня ня толькі адмыслоўцаў, але і шараговых грамадзянаў. Чуткі пра новую дэвальвацыю ўвесь час гуляюць сярод насельніцтва. Кіраўніцтва Нацбанку, урад увесь час супакойваюць людзей, запэўніваюць у стабільнасьці фінансавай сыстэмы. А як насамрэч? Наколькі ўстойлівы беларускі рубель? Ці можна зрабіць прагноз наконт дэвальвацыі хоць бы да канца году?”

Уладзімер Тарасаў: “Пытаньне пра дэвальвацыю зьвязанае з агульным станам эканомікі. Дэвальвацыя — гэта адзін з мэтадаў рашэньня праблемы адмоўнага сальда замежнага гандлю. Урад і Нацбанк, якія кажуць пра ўстойлівасьць беларускага рубля, якраз маюць на ўвазе выкарыстаньне іншых мэтадаў, акрамя дэвальвацыі. Такая магчымасьць існуе. Ёсьць плян дзеяньняў, узгодненых з МВФ.

Але каб пазьбегнуць дэвальвацыі, трэба пайсьці на некаторыя рэформы ў эканоміцы, на якія наш урад пакуль не гатовы. Таму думаю, што дэвальвацыя на 5% ці больш будзе ажыцьцёўлена, хоць, можа, і ня ў гэтым годзе”.

Барыс Жаліба:: “Увогуле, стабільнай лічыцца такая валюта, якая вытрымлівае стабільны валютны курс адносна сусьветных валютаў, такіх, як даляр, эўра. Гэтыя валюты плюс расейскі рубель уваходзяць у “валютны кошык”.

Пакуль што курс беларускага рубля больш-менш стабільны. Нацбанк пад ціскам МВФ пашырыў калідор ваганьняў курсу з 5 да 10%. З улікам крэдытаў МВФ, думаю, Нацбанк да канца году вытрымае гэты калідор. Іншая справа — вельмі нязручна карыстацца наяўным рублём”.

Ці мае рашэньне праблема высокіх банкаўскіх працэнтаў?


Карбалевіч: “З пачаткам крызісу грошы зрабіліся даражэйшыя, рэзка павысіліся банкаўскія працэнты. Суб’екту гаспадараньня вярнуць банкаўскі крэдыт з працэнтам звыш 20% гадавых вельмі цяжка. Павінна быць вялікая рэнтабэльнасьць, каб акупіць такі працэнт. А ва ўмовах крызісу гэта праблематычна. Гэтай сытуацыяй незадаволеныя і дырэктарат, і бізнэсоўцы. Праблема тычыцца і фізычных асобаў, якія хацелі б узяць крэдыт — спажывецкі альбо на будаўніцтва жыльля. Прычым у сьвеце з пачаткам крызісу банкаўскія працэнты ўпалі, а ў нас — растуць. Ці мае рашэньне гэтая праблема?”

Тарасаў: “Вырашаць гэтую праблему трэба не асобна, а ва ўзаемасувязі з агульным станам эканомікі. Высокія працэнты па крэдытах адпавядаюць стану эканомікі. Хоць прадпрыемствы, фізычныя асобы і „стогнуць“, але бяруць крэдыты і вяртаюць з працэнтамі. Праблему я бачу ў іншым — у тым, што эканоміка не рэфармуецца”.

Жаліба:: “Банкаўскія працэнты залежаць ад узроўню інфляцыі. На Захадзе інфляцыя значна ніжэйшая, таму і працэнты нізкія. А ў нас інфляцыя высокая.

Перад банкамі стаяць дзьве задачы. З аднаго боку, ім трэба прыцягнуць грашовыя рэсурсы, найперш — грошы насельніцтва. А каб гэтага дасягнуць, трэба зрабіць прывабныя, то бок высокія, працэнты на дэпазыты. Сёньня банкі прапануюць 20% і больш для дэпазытаў.

А крэдытныя стаўкі павінны быць вышэйшыя за дэпазытныя, каб банкі маглі атрымліваць прыбытак. Таму крэдытныя працэнты высокія. Але, нягледзячы на крызіс, аб’ёмы крэдытаваньня растуць.

Сёньня банкам патрэбныя рублёвыя рэсурсы. Таму па рэкамэндацыі Нацбанку з 1 чэрвеня на новыя валютныя дэпазыты банкі не даюць больш за 8%. Пад уплывам крызісу вырасла колькасьць праблемных крэдытаў. Сёньня іх доля — каля 5%, паводле некаторых прагнозаў яна можа вырасьці да 10%.

Але існуе і сыстэма льготнага крэдытаваньня. Гэта бюджэтныя пазыкі, 10-адсоткавыя спажывецкія крэдыты для насельніцтва. Большасьць крэдытаў, якія бяруць людзі для будаўніцтва жыльля, — таксама льготныя“.

Ці выгадна захоўваць грошы ў банках?


Карбалевіч: “Іншы бок гэтага пытаньня. А ці выгадна захоўваць свае грошы ў банках фізычным асобам, шараговым грамадзянам? У якой валюце?”

Тарасаў: “Безумоўна, выгадна, бо вялікія працэнтныя стаўкі па дэпазытах. Тым больш што іншых магчымасьцяў захаваньня грошай няма. Бо цэны на нерухомасьць падаюць, цэны на аўтамабілі не растуць.

З улікам магчымай дэвальвацыі выгадней захоўваць грошы ў валюце. Дэпазыты ў рублях цікавыя з
Выгадней захоўваць грошы на рублёвых укладах, калі вынесьці за дужкі рызыку дэвальвацыі рубля.
гледзішча спэкуляцый, бо тут стаўкі дасягаюць 20-22% і вышэй. Таму мае сэнс захоўваць грошы ў рублях, пакуль курс стаіць. Але трэба ўважліва сачыць за валютным курсам, каб у выпадку яго падзеньня своечасова канвэртаваць рублі ў валюту“.

Жаліба:: “Трэба падлічыць рэальную дэпазытную стаўку. Сёньня банкі даюць па рублёвых укладах 20%. Інфляцыя ў пералічэньні на год складае 13-14%. У выніку мы атрымліваем рэальную стаўку па рублёвых дэпазытах у 6%.

Валютныя стаўкі цяпер ня большыя за 8%. Інфляцыя даляра і эўра — 3-4% у год. У выніку мы атрымліваем рэальную стаўку па валютных дэпазытах у памеры 4%. Таму выгадней захоўваць грошы на рублёвых укладах, калі вынесьці за дужкі рызыку дэвальвацыі рубля”.

Ці павялічыўся аб’ём банкаўскіх укладаў?


Карбалевіч: “Напрыканцы мінулага году беларускія ўлады заканадаўчымі актамі гарантавалі ўсе банкаўскія ўклады. Пытаньне нават ня ў тым, наколькі гэта рэальна. Праблема ў тым, ці паверыла насельніцтва ў надзейнасьць беларускай банкаўскай, фінансавай сыстэмы. Ці павялічыўся аб’ём укладаў фізычных асобаў?

Калі прымалася рашэньне аб гарантыі ўкладаў, то быў спадзеў, што Беларусь ператворыцца ў нейкую афшорную зону, сюды пацякуць грошы замежных фірмаў і грамадзян. Ці спраўдзіліся гэтыя надзеі?“

Тарасаў: “Гэтыя надзеі спраўдзіліся толькі часткова. За першае паўгодзьдзе гэтага году дэпазыты насельніцтва ў рублях скараціліся на 1 трыльён рублёў, а валютныя дэпазыты вырасьлі на 4 трыльёны рублёў. То бок людзі проста перакладаюць грошы з рублёвых дэпазытаў у валютныя. І ў суме ўклады вырасьлі. То бок насельніцтва давярае банкам.

А вось на нерэзыдэнтаў, то бок замежнікаў, гэтыя захады беларускіх уладаў не зрабілі ўплыву. Сума ўкладаў замежных грамадзян у нашых банках — некалькі дзясяткаў мільёнаў даляраў, і яна не расьце. Пры тым, што агульныя дэпазыты фізычных асобаў у беларускіх банках складалі 3,3 млрд. даляраў”.

Жаліба:: “Памеры фонду, зь якога можна браць грошы дзеля кампэнсацыі страчаных укладаў, цяпер яшчэ недастатковыя, каб гарантаваць усе ўклады.

Рашэньне аб гарантыі было палітычным, разьлічаным на псыхалягічнае ўзьдзеяньне на грамадзтва. Трэба было супакоіць людзей, каб яны несьлі грошы ў банкі. І гэтае рашэньне адыграла пазытыўную ролю.

Працэнты па ўкладах у беларускіх банках значна вышэйшыя, чым у Эўропе ці ЗША. Але эўрапейцы не нясуць да нас грошы. Таму што вялікая рызыка, у тым ліку — палітычная”.
  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG