Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад улады патрабуюць асудзіць сталінізм і адмяніць 7 лістапада


Стварэньнем каардынацыйнай рады ініцыятыў, якія займаюцца дасьледаваньнем злачынстваў камунізму, скончылася сёньня паседжаньне круглага стала на тэму “Злачынствы камунізму на Беларусі. Мінулае і сучаснае”. Таксама прэзэнтаваны сайт represii-by.info, прысьвечаны пэрыяду сталінскай дыктатуры ў Беларусі.

Ініцыятар круглага стала — незарэгістраваная пакуль Партыя Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі. Ад 2007 году яна вядзе кампанію “Пакаяньне”, адзначае сустаршыня БХД Віталь Рымашэўскі:

Віталь Рымашэўскі
“Зьявілася яна пасьля сустрэч нашых актывістаў з былымі рэпрэсаванымі, ахвярамі камуністычных рэжымаў, у прыватнасьці, з Эрнэстам Канстанцінавічам Сабілам. Ён быў адным з тых людзей, чые сьведчаньні сталі такім натхненьнем для арганізатараў кампаніі. За гэты час мы назапасілі больш за 50 гадзінаў унікальных сьведчаньняў, інтэрвію з ахвярамі камуністычнага рэжыму ў Беларусі. Гэта людзі, якія прайшлі празь лягеры. Некаторыя зь іх у апошні час ужо нават сышлі з жыцьця. І гэта былі, можна сказаць, іх апошнія сьведчаньні”.

Сярод удзельнікаў сёньняшняга паседжаньня — Уладзімер Раманоўскі. Ён нарадзіўся ў 1941 годзе ў лягеры для “ворагаў народу” ў Магаданскай вобласьці. Там разам з маці правёў тры гады. Спадар Раманоўскі кажа: вяртаньне да тэмы злачынстваў камунізму адлюстроўвае некаторыя зьмены ў грамадзтве:

“І актуалізацыю пытаньня гістарычнага досьведу ў дачыненьні да будучыні. Размова ідзе пра тое, што краіна перажыла страшны пэрыяд таталітарнага рэжыму. А сёньня мы пачынаем разумець, што гэта пэрманэнтна ўзьнікае ў той ці іншай форме зноў і зноў. Значыць, патрэбна рабіць нейкія захады, якія б, па-першае, абаранялі грамадзтва ад такіх рэцыдываў. А па-другое, далі б адпаведную ацэнку тым падзеям.

І мне падаецца, што сасьпеў час грамадзтву шукаць інструмэнтарый, з дапамогай якога гэта можна вырашыць. І, на маю думку, ім павінны стаць палітычныя партыі. Грамадзтва павінна прымусіць да гэтага палітычныя партыі”.

Вячаслаў Сіўчык
Сёньня на круглым стале шмат казалі пра рэзалюцыю Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ад 3 ліпеня 2009 году. Гэты дакумэнт асуджае таталітарызм ва ўсіх яго праявах і фактычна прыраўноўвае нацызм і сталінізм. Вячаслаў Сіўчык, кіраўнік руху салідарнасьці “Разам”, ад імя руху запатрабаваў ад беларускіх уладаў:

“Першае — публічнага асуджэньня злачынстваў сталінізму і нацызму.
Другое — ажыцьцяўленьня ў Беларусі дэсталінізацыі, у тым ліку замены назова „Лініі Сталіна“, дэмантажу помнікаў Сталіну і іншым арганізатарам тэрору.
Трэцяе — адкрыцьця сваіх гістарычных палітычных архіваў.
Чацьвертае — спыненьня рэпрэсіяў супраць удзельнікаў акцыі па ўшанаваньні памяці ахвяр злачынстваў сталінізму.
Пятае — аднаўленьня мэмарыяльных помнікаў і крыжоў у памяць ахвяр сталінізму, зробленых прадстаўнікамі беларускай грамадзкасьці і ліквідаваных рашэньнямі ўладаў.
Шостае — адмены сьвяткаваньня 7 лістапада на дзяржаўным узроўні”.

Удзельнікі круглага падтрымалі гэтыя патрабаваньні.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG