Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Калі памяняецца візавая сытуацыя?


Чарга за візамі ў пасольства Польшчы

Чарга за візамі ў пасольства Польшчы

Нягледзячы на пацяпленьне паміж афіцыйным Менскам і Эўразьвязам, грамадзяне Беларусі, як і раней, атрымліваюць шэнгенскія візы па 60 эўра. Ля амбасадаў эўрапейскіх краін бываюць чэргі. Калі памяняецца візавая сытуацыя?

Дырэктар консульскага дэпартамэнту Міністэрства замежных спраў Літвы Вітаўтас Пінкус паведаміў, што кіраўнік літоўскага зьнешнепалітычнага ведамства днямі накіраваў ліст у Эўрапейскую камісію з заклікам паскорыць вырашэньне візавай праблемы адносна грамадзянаў Беларусі.

Чарга за візамі ў амбасаду Літвы

“Гэта цэлы комплекс пытаньняў. Калі мы кажам пра кошты шэнгенскіх візаў і парадак выдачы гэтых візаў, усё гэта трапляе пад агульнаэўрапейскую кампэтэнцыю. І каб нешта памяняць, патрэбная згода ўсіх эўрапейскіх краінаў. За прыклад можна ўзяць Расею і Ўкраіну, якія падпісалі з Эўразьвязам пагадненьне пра спрашчэньне візавага рэжыму. І адзін са складнікаў яго — кошт візы, якая нашмат таньнейшая за тую цану, якую даводзіцца плаціць беларусам. Літва стала ўздымае гэтае пытаньне ў Эўрапейскім Зьвязе, абмяркоўвае гэта з партнэрамі”.
За прыклад можна ўзяць Расею і Ўкраіну, якія падпісалі з Эўразьвязам пагадненьне пра спрашчэньне візавага рэжыму.

Беларускі бок павінен пачаць дыялёг з Эўразьвязам, каб падпісаць пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму.

“Я думаю, што гэта частка дыялёгу Беларусі і Эўразьвязу. Таму цяпер сказаць канкрэтныя нейкія даты, запэўніць, што мы пачнём перамовы тады й тады — гэта, канечне, цяжка зрабіць. Пагадненьне аб спрашчэньні візавага рэжыму, канечне, — гэта палітычнае пытаньне. Але яно зьвязана з вырашэньнем нейкіх тэхнічных праблемаў”.

Далучэньне Беларусі да праграмы “Ўсходняга партнэрства” спадар Пінкус называе адным з інструмэнтаў вырашэньня гэтай праблемы, бо ў праграме ідзе гаворка і пра свабоду руху. Але ён ня ўзяўся абнадзейваць, што справа вырашыцца ў хуткім часе. Да прыкладу, Беларусь і Літва даўно меркавалі падпісаць пагадненьне аб памежным перамяшчэньні, аднак з-за пэўных тэхнічных праблемаў яго даводзілася адкладаць. Калі гэтае пагадненьне ўдасца падпісаць сёлета, то жыхары прыгранічных тэрыторый змогуць прыяжджаць “таньней і прасьцей, маючы доўгатэрміновыя дазволы”. Адносна чэргаў ля амбасады спадар Пінкус сказаў, што яны хутчэй зьвязаныя з сэзонным попытам.

“Улетку павялічваецца колькасьць зваротаў па візы. Гэта час адпачынкаў. І не заўсёды можна хутка зрэагаваць, каб павялічыць рэсурсы. Таму падчас нейкага піку, бывае, даводзіцца пачакаць у чарзе. Сёлета мы ўжо выдалі ў Менску значна больш візаў, чым у мінулым годзе. Гэта прыкладна больш на 15—20%. Нягледзячы на крызіс, зносіны застаюцца даволі інтэнсіўнымі”.
Сёлета мы ўжо выдалі ў Менску на 15—20% больш візаў, чым у мінулым годзе.

У амбасадзе Нямеччыны наагул адмовіліся камэнтаваць сытуацыю. А ў амбасадзе Баўгарыі распавялі, што краіна гады праз два плянуе далучыцца да шэнгенскай зоны і паступова прыстасоўвае сваё заканадаўства паводле ўсіх крытэраў да патрабаваньняў шэнгенскага пагадненьня. Баўгарская віза для беларусаў каштуе, як і шэнгенская, 60 эўра. Часовы павераны ў справах Баўгарыі Георгій Карастаматаў сказаў, што эканамічны крызіс не паўплываў на колькасьць запытаў на візу. Аднак урад пайшоў на выдачу бясплатных візаў на летні сэзон дзецям да 18 гадоў, калі яны едуць дзеля адукацыі, і дзецям да 12 гадоў, калі яны едуць з бацькамі па турыстычнай пуцёўцы.

“У нас амаль на 40% больш турыстаў гэтым летам выяжджае ў Баўгарыю. У мінулым годзе за два з паловай месяцы, з траўня да сярэдзіны ліпеня, у нас было 13 тысяч 500 турыстаў. А сёлета за гэтыя месяцы — больш за 20 тысяч. У пэўныя моманты атрымліваецца невялікая чарга і праходзіць вельмі хутка. Нікому не даводзіцца чакаць больш за 15—20 хвілін, максымум — паўгадзіны”.

Па візы ў амбасаду Польшчы

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG