Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Байдэн у Кіеве: Ня бойцеся перазагрузкі ЗША-Расея


Джо Байдэн і Віктар Юшчанка ў Кіеве

Джо Байдэн і Віктар Юшчанка ў Кіеве

Віцэ-прэзыдэнт ЗША Джозэф Байдэн сказаў сёньня ў Кіеве, што разьвіцьцё амэрыканска-расейскіх дачыненьняў ня будзе адбывацца коштам Украіны.

Байдэн, які сустрэўся ў Кіеве з прэзыдэнтам Віктарам Юшчанкам, прэм’ер-міністрам Юліяй Цімашэнкай ды апазыцыйнымі палітыкамі Віктарам Януковічам і Арсеніем Яцэнюком, стараўся запэўніць украінцаў, што пацяпленьне амэрыканска-расейскіх адносін ня будзе суправаджацца зьменай стаўленя Вашынгтону да Кіеву. Заўтра Байдэн зьбіраецца ў Тбілісі з больш-менш аналягічным пасланьнем.

"Як вы ведаеце, пане прэзыдэнт, мы працуем над перазагрузкай сваіх адносін з Расеяй, але я хачу вас і ўвесь украінскі народ запэўніць, што гэта ня будзе адбывацца коштам Украіны", — украінскія СМІ цытуюць словы Байдэна на супольнай прэс-канфэрэнцыі зь Юшчанкам у Кіеве.

"Для нас было надзвычай важна пачуць выразную і зразумелую пазыцыю амэрыканскага боку ў гэтым пытаньні", — сказаў перад журналістамі Юшчанка.

Візыт Барака Абамы ў Маскву два тыдні таму і пакет падпісаных амэрыканска-расейскіх пагадненьняў спарадзіў у Кіеве боязь, што пацяпленьне дачыненьняў паміж Вашынгтонам і Масквой можа адбыцца за кошт пахаладаньня амэрыканска-украінскіх кантактаў.

Байдэн наведаўся ў Кіеў за шэсьць месяцаў перад прэзыдэнцкімі выбарамі. Усе чатыры палітыкі, зь якімі амэрыканскі віцэ-прэзыдэнт сустрэўся, ужо заявілі, што будуць змагацца за прэзыдэнцкае крэсла. Пра жаданьне ўзяць удзел у прэзыдэнцкіх выбарах заявіў і Ўладзімір Літвін, старшыня Вярхоўнай Рады Ўкраіны, у якой на працягу апошніх месяцаў дэбаты шматразова блякаваліся і зрываліся дэпутамі як з апазыцыі, так і з урадавай кааліцыі.

Байдэн сказаў журналістам на супольнай прэс-канфэрэнцыі зь Юшчанкам, што ён заклікае ўкраінскіх палітыкаў да супрацоўніцтва:

"Я сказаў прэзыдэнту тое, што скажу іншым лідэрам, зь якімі буду сустракацца: супрацоўнічаць разам, асабліва ў крызысных умовах — гэта ня выбар, а неабходнасьць. І кампраміс — гэта не пазнака слабасьці, а паказ сілы".

Байдэн таксама сказаў у Кіеве, што адміністрацыя Барака Абамы падтрымлівае эўраатлянтычную інтэграцыю Ўкраіны.
XS
SM
MD
LG