Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У глыбоцкай царкве знайшлі парэшткі расстраляных


Парэшткі растраляных у Курапатах
Парэшткі растраляных у Курапатах

Валянтэры Аб’яднаньня моладзі Беларускай праваслаўнай царквы, праводзячы добраўпарадкаваньне ў сутарэньнях катэдральнага сабора Раства сьвятой Маці Божай, знайшлі парэшткі больш як 20 невядомых асобаў, а таксама рэчы, датаваныя 1939 годам.

Паводле відавочцаў, былі знойдзеныя чалавечыя чарапы, косткі і рэшткі арганічных тканак. Цяпер трэба чакаць адмыслоўцаў, якія змогуць правесьці эксгумацыю, маючы адпаведнае абсталяваньне. Таму парэшткі невядомых пакуль засталіся на ранейшым месцы.

Сярод рэчаў, знойдзеных у сутарэньнях, быў пачак з-пад цыгарэт з надпісам па-польску, а таксама шматлікія фрагмэнты вопраткі — мужчынскай, жаночай і нават дзіцячай. На некаторых фрагмэнтах — сьляды крыві, таму відавочцы вырашылі, што, хутчэй за ўсё, невядомыя загінулі гвалтоўнай сьмерцю.

Краязнаўца Ўладзімер Скрабатун выказвае меркаваньне, што гэтыя людзі маглі стаць ахвярамі падзеяў, зьвязаных з усталяваньнем савецкай улады ў Глыбокім. Але канкрэтных сьведчаньняў няма: спадар Скрабатун кажа, што сутарэньні пад саборам надзвычай глыбокія, нават у некалькі ярусаў, і цягнуцца на некалькі кілямэтраў пад зямлёй. Таму стрэлы наўрад ці былі чуваць звонку, і ўспамінаў пра падобную трагедыю ад старажылаў Глыбокага ён ня чуў.

Затое глыбоцкаму краязнаўцу даводзілася чуць гісторыю пра прывід, які блукае ў сутарэньнях пад саборам. У 1960-я гады тут быў склад кансэрвавага заводу. Працаўнікі, якія чысьцілі ды перабіралі гародніну, нібыта яшчэ тады бачылі здань дзяўчынкі ў ружовай сукенцы. З гэтае нагоды правялі камсамольскі сход, які пастанавіў, што прывідаў у прыродзе не бывае, і распавядаць пра зьяўленьне дзявочай здані забаранілі. Але глыбачане кажуць, што прывіды ў сутарэньнях сустракаюцца дагэтуль.

Пра знойдзеныя парэшткі кіраўніцтва валянтэрскага летніку Аб’яднаньня моладзі Беларускай праваслаўнай царквы і мясцовыя сьвятары паведамілі ў пракуратуру Глыбоцкага раёну, якая распачала сьледзтва па гэтым факце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG