Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў на “Свабоду” за 21 ліпеня, аўторак.


Адна з тэмаў абмеркаваньня слухачоў “Свабоды” — 15-я гадавіна прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі. Нагадаю, што 10 ліпеня 1994 году ён перамог на першых прэзыдэнцкіх выбарах у Беларусі.

Ларыса, Менск: “Лукашэнка — гэта вялізны камень, які перакрыў рух і разьвіцьцё Беларусі ў эўрапейскім кірунку, якое толькі зараджалася яшчэ ў 1994 годзе”.

Марыя Іванаўна: “Добры дзень, маё дарагое Радыё Свабода. Краіна, у якой няма справядлівасьці, дзе абіраюць людзей, нахабна гледзячы ў вочы. Хопіць. Не зьбірайся застацца яшчэ на адзін тэрмін... У нас ёсьць чэсныя, справядлівыя людзі”.

Курневіч Валер, Барысаў: “Немцы гавораць па-нямецку, расейцы — па-расейску. Толькі беларусы не гавораць па-беларуску. Выходзіць, што белмове ідуць кранты. Бо беларусы — толькі на трасянцы гамоняць яны. Ёсьць падстава — іх прэзыдэнт гаворыць толькі па-расейску. Здарся ў маленькай Эстоніі такое, каб іх прэзыдэнт размаўляў на іншай мове, — эстонцы выказалі б думку, што і іх прэзыдэнт — крамлёўскі рэзыдэнт”.

Ларыса, Менск: “Што адбылося за апошнія пятнаццаць год?” Хачу ўзгадаць, як напачатку было сказана і паабяцана, што нам вернуць уклады. Мажліва, у грашовым эквіваленце, а мажліва, таварам — у выглядзе лядоўняў і тэлевізараў ды і іншай тэхнікі. Зараз гэта было б дарэчы, бо мы ўжо пажылыя, тэхніка састарэла разам з намі. Вырашыце, кіраўнікі, гэтае пытаньне. Шмат хто ўжо не дачакаўся. А мы яшчэ жывыя і чакаем”.

Выказваньне камэнтуе палітык і эканаміст Леў Марголін:

“Натуральна, што абяцаньні трэба выконваць. І тыя, што рабіліся 15 гадоў таму, і пазьнейшыя. Тым больш, што такая магчымасьць ёсьць. Да прыкладу, кампэнсаваць страты можна таварамі, якія зараз ёсьць на складах, іншай маёмасьцю. Толькі гэтага людзям трэба рашуча патрабаваць, а ня проста спадзявацца. Праз палітыкаў дамагацца, дапамагаць палітыкам у гэтай справе. А магчымасьць ёсьць”.

Працягваем праграму іншымі выказваньнямі:

Спадар, Ушачы: “Міністра замежных спраў Савецкага Саюзу, нашага земляка, у гонар стагодзьдзя з дня нараджэньня пачалі ўвекавечваць. Мяркую, што і народнага песьняра Васіля Быкава да такога ж юбілею таксама ўвекавечаць, але толькі іншая ўлада”.

Інэса Міхайлаўна, Тураў: “Сёньня да вядомага тураўскага апазыцыянэра Міхала Козела завітаў курсант-міліцыянт і патрабаваў, каб той здаў яму адбіткі пальцаў. Але Міхал адмовіўся даваць адбіткі пальцаў. Тады курсант паабяцаў, што ім зоймецца вобласьць. Вось такія прыкметы дэмакратыі мы бачым амаль кожны дзень то ў адным, то ў іншым нашым жыцьці”.

Шаноўныя слухачы! Нагадаем: тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: + 375 29 391 22 24. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG