Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Дзежыц: Пасьля Асьвеі Атлянтыду шукаюць у Опсе


Зьміцер Дзежыц

Зьміцер Дзежыц

Чарговы грамадзкі рэдактар тыдня – Зьміцер Дзежыц з Полацку. Нарадзіўся 23 траўня 1977 году ў горадзе Горкі, што на Магілёўшчыне. Дзякуючы бацьку, зацікавіўся і пачаў рабіць першыя крокі ў свеце фотаздымкаў гадоў зь дзесяці.У 2007 годзе дэбютаваў як фотарэпартэр на сайце “Тузін Гітоў”. Зараз супрацоўнічае з полацкай гарадзкой недзяржаўнай газэтай “Информ плюс”, інтэрнэт-сайтамі “Хімік”, “Народныя навіны Віцебска”, здымае для “Народнага слова”.

“У пошуках Атлянтыды” – менавіта такую філязофска-рамантычную назву носіць праект пленэраў маладых мастакоў, якія пяты год запар падарожнічаюць па розных невялікіх мястэчках роднага краю ў пошуках сваёй пэрсанальнай беларускай Атлянтыды.


Праект быў распачаты ў 2005 годзе. Яго ініцыятарамі сталі полацкая паэтка Лера Сом і на той момант полацкая, а цяпер менская мастачка Кацярына Мясьнікова.


Майстры пэндзля з Полаччыны, Віцебшчыны, Меншчыны прыяжджаюць у месцы, вядомыя сваім мінулым, каб увекавечыць іх цяперашні выгляд, пры дапамозе мастацкіх выяў асэнсаваць і суаднесьці яго з сучаснасьцю, захаваць на палатне кроплі той спадчыны, што пакуль яшчэ не пахаваная запалам гора-рэстаўратараў.


Асноўным кірункам праекту зьяўляецца падтрымка і навучаньне маладых мастакоў, аказанне ім дапамогі ў правядзенні выстаў. З гэтай мэтай пленэр наведваюць карыфеі мальбэрту. Так, у першы год пошукаў Атлянтыды (яны праходзілі ў Лявонпалі) ў праекце прыняў удзел Алесь Пушкін – цяперашні ляўрэат прэміі “За свабоду думкі”, заснаванай старшынёй “Руху за Свабоду” Аляксандрам Мілінкевічам. Дарэчы, менавіта ў Лявонпалі ім быў напісаны партрэт вядомай полацкай паэткі Леры Сом, які на выніковай выставе ў віцебскай Ратушы названы найболей запамінальным.


Яшчэ адна мэта – пашырэньне ведаў аб роднай старонцы. Мастакі ня толькі малююць, але і знаёмяцца з гісторыяй тых месцаў, дзе яны знаходзяцца, сустракаюцца з краязнаўцамі, мясцовымі літаратарамі, наведваюць знакавыя гістарычныя мясьціны.


“Пошукі Атлянтыды” традыцыйна працягваюцца тыдзень, а па выніках ладзяцца некалькі выставаў у розных гарадах. На сёньня праведзены чатыры пленэры (Лявонпаль, Дзісна, Друя, Аьсвея) і 16 выстаў.



Зараз беларускія мастакі зьехаліся на “круглы” – пяты пленэр, які праходзіць у мястэчку Опса на Браслаўшчыне. Улічваючы, што там знаходзяцца касьцёл св. Яна Хрысьціцеля (пач. 20 ст.), мураваны палац Плятэраў з паркам (рэстаўруецца), самы стары дуб Браслаўшчыны і курганны могільнік балта-славянскага насельніцтва 8-11 ст., праблемаў з натхненьнем, на мой погляд, у жывапісцаў не прадбачыцца.


Для мясцовых жыхароў прыезд мастакоў – гэта і нечаканасць, і цікавая падзея, якая размалёўвае скупыя вясковыя будні ў яркія фарбы сьвята. Пабываўшы на экспрэс-выставе, якая традыцыйна праводзіцца ў апошні дзень пленэра, большасьць са зьдзіўленьнем кажа: “Мы й ня ведалі, што ў нас так прыгожа!”.



Але прыгажосьць прыгажосьцю, краявіды краявідамі, а стан большасьці архітэктурных помнікаў у невялікіх населеных пунктах наўрад ці каго прывядзе ў захапленьне. Намаганьнямі вернікаў паступова аднаўляюцца касьцёлы і цэрквы, а вось някультавыя будынкі, многія зь якіх унікальныя для Беларусі, збольшага ў жахлівым стане.

“А якое дачыненне мае Атлянтыда да Беларусі?” – гэтае пытаньне найчасьцейшае ў наведвальнікаў выстаў. Самае непасрэднае! Атлянтыда выступае як сымбаль беззваротна страчанай, важнай часткі мінулага, як напамін аб тым, што нішто ня вечнае і некаторыя рэчы пакідаюць нас назаўжды. Рэальна, што і ў помнікаў беларускага дойлідзтва – хацін, старых драўляных бажніцаў, старасьвецкіх сядзіб і проста краявідаў – пры цяперашнім стаўленьні да іх маюць рэальны шанец, як і ў загадкавай Атлянтыды, неўзадаўжкі стаць мітам.

Пленэры “Ў пошуках Атлантыды” – гэта спроба прыцягнуць увагу ды тых куткоў Беларусі, якія па той ці іншай прычыне аказаліся непатрэбнымі, забытымі, закінутымі.



Гэта спроба пазнаёміцца з той Радзімай, якую не пакажуць па тэлебачаньні і не сфатаграфуюць для глянцавых альбомаў.

Зь Беларусьсю, якая яна ёсьць насамрэч у сваім паўсядзённым нялёгкім жыцьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG