Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Беларусь — не Расея і ня выспа ў Ціхім акіяне”


Пад такім дэвізам арганізацыя “Лібэральныя студэнты Швэцыі” (LS) распачала кампанію інфармаваньня насельніцтва пра Беларусь.


Як лічаць сябры гэтай моладзевай палітычнай арганізацыі, цяпер толькі вельмі невялікі адсотак швэдаў ведае, што Беларусь — незалежная краіна, а ня частка Расеі ці выспа ў Ціхім акіяне. І толькі адзінкі ў Швэцыі называюць краіну Belarus, а не Vitryssland (“Белая Расея”).

“Надышоў час пазнаёміцца зь Беларусьсю. Мы таксама хочам зрабіць усё, каб людзі, якія жывуць ва ўмовах “апошняй дыктатуры Эўропы”, ведалі пра падтрымку і салідарнасьць звонку”, — кажуць прадстаўнікі LS.

Сябры арганізацыі выступаюць за тое, каб як мага болей швэдзкіх палітыкаў і журналістаў адкрылі для сябе гэтую “закрытую”, паводле вызначэньня Freedom House, краіну. Швэдзкія мэдыі павінны ня толькі зьмяшчаць больш уласнай інфармацыі пра Беларусь, але і даваць слова беларускім дэмакратычным палітыкам і журналістам. Цяперашні стан інфармаваньня швэдзкіх мэдыяў пра гэтую краіну ў цэнтры Эўропы LS ацэньвае як “вельмі кепскі”.

Сябры LS таксама падтрымліваюць распачатую нядаўна ў Швэцыі кампанію, каб зьмяніць афіцыйную швэдзкую назву Беларусі (Vitryssland). Назва гэтая дакладна перакладаецца як “Белая Расея”, што ўводзіць у зман. Разам зь іншымі прадстаўнікамі швэдзкай грамадзкасьці яны таксама паставілі свае подпісы пад адпаведным зваротам швэдзкіх беларусаў на адрас Міністэрства замежных спраў Швэцыі, швэдзкай Моўнай рады і Швэдзкай Акадэміі.

“Лібэральныя студэнты Швэцыі” заклікаюць прадстаўнікоў іншых краін, дзе назва Рэспублікі Беларусь таксама перакладаецца як “Белая Расея”, а беларусаў блытаюць з расейцамі, распачаць кампанію па зьмене афіцыйнай назвы гэтай краіны.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG