Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У разгары кампанія ўступу ў вышэйшыя навучальныя ўстановы. Працягнецца прыём дакумэнтаў да 25 ліпеня, і якраз на апошнія дні чакаецца наплыў абітурыентаў у прыёмныя камісіі. Наколькі аб’ектыўная тэставая сыстэма, ці задаволеныя ёй самі абітурыенты, чыноўнікі ад адукацыі, выкладчыкі ВНУ?

У першыя дні прыёму дакумэнтаў у асноўным падавалі іх тыя абітурыенты, якія набралі даволі вялікую колькасьць балаў. Гутару зь дзяўчатамі, якія стаяць у невялічкай чарзе ў прыёмную камісію БДУ:

“Я зьбіраюся паступаць на юрыдычны факультэт БДУ. Я набрала ў суме 295 балаў”.

Карэспандэнтка: “І ёсьць надзея, што пройдзеце на бюджэтнае аддзяленьне?”

“Спадзяюся, таму што ў мінулым годзе прахадны бал на юрфак быў 275, і я лічу, што ў мяне ёсьць запас”.

Карэспандэнтка: “Куды вы паступаеце?”

“На біялягічны факультэт”

Карэспандэнтка: “А якая ў вас сума балаў?”

“318. Вучылася ў пінскай гімназіі № 3”.

“І як вы ацэньваеце свае шанцы? Які быў прахадны бал у мінулым годзе?”

“257 балаў”.

Прахадныя балы мінулага году — пакуль адзіны паказьнік, паводле якога могуць арыентавацца сёлетнія абітурыенты. Летась, да прыкладу, прахадны бал у БДУ на “Міжнароднае права” і “Міжнародныя адносіны” быў 338, “Мэнэджмэнт” — 337, на “Сучасныя замежныя мовы” — 326, “Мытную справу” — 317, на ўсе спэцыяльнасьці эканамічнага профілю — 315.

А ў лідэрах быў факультэт фінансаў і банкаўскай справы Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўнівэрсытэту: конкурс на спэцыяльнасьць “Банкаўская справа”, напрыклад, склаў 4,3 чалавека на месца пры прахадным бале 367. Такім чынам, абітурыенты мусілі набраць больш як 90 балаў па ўсіх тэстах.

Наколькі аб’ектыўная тэставая сыстэма пры залічэньні ў ВНУ? Чыноўнік ад адукацыі, дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў:

“Ідэальных сыстэм не існуе. Гэтая таксама не ідэальная. Калі мы кажам пра аб’ектыўнасьць і справядлівасьць, то гэтай роўных няма. І не было выпадкаў, калі той, хто добра ведае і размаўляе, атрымае нізкую адзнаку, а той, хто нямы і ня ведае, — высокую адзнаку”.

Дацэнт аднаго з гуманітарных факультэтаў выказала такое меркаваньне:

“З аднаго боку, тэсты зручныя пры падлічваньні балаў: падлічыў і прыняў. Адміністрацыйнаму пэрсаналу лягчэй, таму што галаўнога болю менш. З другога боку, гэтая сыстэма абмяжоўвае і свабоду выкладчыкаў. Ну і, канечне ж, не дае ніякага ўяўленьня пра асобу абітурыента”.

Цэнтралізаванае тэставаньне не зьяўляецца сродкам вызначэньня ўзроўню падрыхтоўкі.
Наколькі колькасьць набраных балаў адлюстроўвае ўзровень ведаў? Дырэктар Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў Мікалай Фяськоў перакананы:

“Цэнтралізаванае тэставаньне не зьяўляецца сродкам вызначэньня ўзроўню падрыхтоўкі. Гэта сыстэма, якая вызначае рэйтынг кожнага вучня ў агульнай сыстэме, то бок вызначае, якое месца займае вучань сярод 175 тысяч чалавек”.

Найвышэйшую адзнаку, 100 балаў, набралі на цэнтралізаваным тэставаньні хоць па адным прадмеце 206 чалавек са 175 тысяч. Але былі і нулявыя вынікі: ніводнага бала па матэматыцы не зарабілі 254 чалавекі, па расейскай мове — 9. Абсалютная бальшыня абітурыентаў упісалася ў межы ад 20 да 40 балаў. А вось ад 80 да 100 балаў набралі, да прыкладу, па беларускай мове 6%, па хіміі — 4%, па матэматыцы і расейскай мове — 2%, а па гісторыі Беларусі, грамадазнаўстве — меней за 1%. 100 балаў па прадмеце “Чалавек, грамадзтва, дзяржава” атрымаў толькі 1 выпускнік! Паўстае пытаньне: ці то школа не дае неабходных ведаў, ці то тэставыя заданьні занадта цяжкія?

Дацэнт аднаго з гуманітарных факультэтаў выказала такое меркаваньне:

“Пытаньні ж так і фармулююцца адмыслова, каб „засадзіць“ альбо адсеяць. Дацэнты і нават прафэсура ВНУ на некаторыя пытаньні ня ведаюць адказаў па грамадзкіх альбо дакладных навуках.
На некаторыя пытаньні цэлыя катэдры ня могуць знайсьці адказу.
На некаторыя пытаньні цэлыя катэдры ня могуць знайсьці адказу. Канечне, гэта глупства поўнае. Гэта ўжо ўзьнята да нейкага культу: засадзіць, зрабіць так, каб як мага меншая колькасьць балаў і колькасьць паступаючых была”.

Нельга не засяродзіць увагу на яшчэ адным спрэчным аспэкце. З-за таго, што ў Беларусі колькасьць тэстаў абмежаваная трыма, у апошні дзень абітурыенты, якія адчуваюць, што ня пройдуць на абраную спэцыяльнасьць, пачынаюць мітусіцца і перападаваць дакумэнты туды, куды маюць шанец трапіць менавіта з тэстамі па гэтых прадметах. Самі абітурыенты выказваюць незадаволенасьць абмежаваньнем у тры прадметы:

“Мне здаецца, што гэтая сыстэма не дае свабоды абітурыентам, таму што калі чалавек бачыць, што не праходзіць на абраны факультэт, ён вымушаны не выбіраць спэцыяльнасьць, на якой ён таксама хацеў бы вучыцца, а выбірае ВНУ, куды трэба здаваць тыя ж тэсты”.

Карэспандэнтка: “То бок сыстэма ня вельмі дасканалая?”

“Так, яна не апраўдвае сябе”.

Дацэнт аднаго з гуманітарных факультэтаў мяркуе:

“Я думаю, пройдзе нейкі час, і ўсё ж такі адмовяцца ад гэтай масавай тэставай сыстэмы. Можа, у матэматыцы гэта добра, у фізыцы добра. А што тычыцца гуманітарных кірункаў, гэта ня творчы падыход, гэта мэханічны падыход. Паверыць альгебру гармоніяй, альбо, наадварот, гармонію праверыць альгебрай — гэта не заўсёды аб’ектыўны ўзровень ацэнкі”.

І яшчэ адна цікавая акалічнасьць: з кожным годам зьмяншаецца колькасьць бюджэтных месцаў і павялічваецца, адпаведна, колькасьць платных. І з кожным годам павялічваецца плата за навучаньне. Так, сёлета рэкардсмэнам застаецца стаматалягічны факультэт Менскага мэдунівэрсытэту: 6 мільёнаў за год. Эканамічны і лінгвістычны ўнівэрсытэты — прыкладна 3,5 мільёна. БДУ, БНТУ, Акадэмія кіраваньня пры прэзыдэнце ды іншыя ВНУ пакуль ня вызначыліся.
XS
SM
MD
LG