Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Насельніцтва Беларусі сёлета спажывае менш кандытарскіх вырабаў. Пра гэта абвясьціў Нацыянальны статыстычны камітэт. Паводле афіцыйных дадзеных, кошты на салодкае ў 2009 годзе павялічыліся ў параўнаньні зь мінулым годам на 16,5%. Найгорш прадаецца чакаляд.


МЕНСК

Чаму зь менскай “Камунаркай” сварацца прадпрымальнікі?

Уладальніца трох гандлёвых пунктаў на менскім рынку “Ждановічы” Алена Сямёнава сёньня расказала “Свабодзе” пра прычыны свайго цяперашняга канфлікту з кандытарскай фабрыкай “Камунарка”. Прадпрымальніца кажа:

Гандлярам даводзіцца прадаваць цукеркі, якія праляжалі на складзе 2—3 месяцы

“Чаму я адмовілася працаваць цяпер з “Камунаркай”? Таму што прыходзяць цукеркі, якія паляжалі на складзе 2—3 месяцы. Мяне гэта ня вельмі задавальняе, бо я не хачу страціць свайго пакупніка. Сама ж фабрыка такую прадукцыю прадае актыўна, хаця выстаўляе інакш”.

Са словаў суразмоўніцы, “Камунарка” ў крызіс зьменшыла таксама асартымэнт цукерак. Нехадавым таварам становіцца чакаляд.

“Скараціўся асартымэнт цукерак і пагоршылася іх якасьць”

“У іх скараціўся вельмі вялікі асартымэнт цукерак. Акрамя таго, якасьць некаторых беларускіх цукерак стала нашмат горшаю. Чакаляд не прадаецца ў летні пэрыяд”.

На “Камунарцы”, дзе я цікавіўся прычынамі продажу заляжалай прадукцыі, заявілі, што фабрыка цяпер не працуе.

“Наша прадпрыемства — на прафіляктыцы. Практычна ўсе працаўнікі знаходзяцца ў адпачынку да 1-га жніўня”, — паведаміла супрацоўніца адміністрацыі.

У аддзеле продажу “Камунаркі” спадарыня Ірына пацьвердзіла, што спажыўцам накіроўваюць прадукцыю ранейшага вырабу:

“Мы выбіраем рэзэрвы. Гэтага запасу хопіць, пакуль фабрыка зноў не адновіць працу”.

МАГІЛЁЎ

На паліцах прыватных крамаў пераважае ўкраінская слодыч

На Магілёўшчыне гандляры прызнаюць, што попыт на беларускую салодкую прадукцыю зьмяншацца. На прылаўках прыватных крамаў усё болей таньнейшай прадукцыі з Украіны.

Некаторыя гандляры з Магілёва не хаваюць, што беларускую слодыч выкладаюць на прылаўкі, толькі каб зрабіць асартымэнт больш разнастайным. У Бабруйску — падобная ж сытуацыя. Тамтэйшыя гандляры адзначаюць: украінская прадукцыя ня толькі смачная.

Украінскія цукеркі — для смаку, беларускія — дзеля прэзэнтаў

“Калі вы хочаце ведаць розьніцу ў цэнах, то зайдзіце ў любую краму, і вы ўбачыце, што ўкраінскі тавар таньнейшы, чым беларускі. Цукерка, ідэнтычная беларускай, ідзе таньней, таму яе й набываюць. Там вялікая розьніца”, — тлумачыць бабруйская гандлярка слодыччу.

Паводле суразмоўніцы, беларускія цукеркі часьцей набываюць дзеля прэзэнтаў для замежжа.

“Крызісу здаўся і “Красный пищевик”

У Бабруйску месьціцца адна з найбуйнейшых у Беларусі кандытарскіх фабрык “Красный пищевик”. Прадпрыемства не працуе амаль месяц, там вядуцца плянаваныя прафіляктычныя працы. Амаль увесь калектыў разам з кіраўніцтвам — на вакацыях.

У аддзеле збыту кажуць, што прадпрыемства да спыненьня працавала бяз збояў:

“Ніякіх запасаў у нас не было. Мы іх нават не маглі зрабіць, бо прадукцыя разыходзілася з каткоў, як кажуць”.

У фірмовых крамах “Пищевика” адзначаюць, што пастаўкі з-за прастою прадпрыемства істотна скараціліся, аднак спадзяюцца, што як толькі праца адновіцца, аб’ёмы продажу павялічацца.

На бабруйскай гуртавой базе “Бакалея” аптымізму меней. У адміністрацыі адзначаюць, што попыт на слодыч за апошні час неістотна, але зьменшыўся. “У пакупнікоў стала менш грошай”, — кажа яе супрацоўнік:

“Сёньня народ думае, ці яму цукерак купіць, ці каўбасы. Калі раней прадпрыемствы працавалі па чатыры дні, то цяпер перайшлі некаторыя зь іх на трохдзёнку. Натуральна, і заробкі — калі раней плацілі па чатырыста даляраў у эквіваленце, то цяпер дзьвесьце”.

ГОМЕЛЬ

Чакаляд расьцякаецца ў часовых лядоўнях

У Гомелі спынілася найбуйнейшае кандытарскае прадпрыемства “Спартак”.

Апавядае працаўніца фабрыкі спадарыня Валянціна:

“На 21 дзень пайшлі ў адпачынак. Я працую ў вафэльным цэху.”

Паводле суразмоўцы, тыя, хто свой адпачынак скарыстаў раней, засталіся ў цэху на рамонце:

“На рамонце засталіся. Будуць чысьціць абсталяваньне, дапамагаць спэцыялізаваным цэхам. Там часовыя лядоўні, чакаляда не астуджаецца. І ў сувязі з гэтым таксама спыніліся. Горача, усё растае. Трэба рамонт рабіць”.

Афіцыйныя прадстаўнікі кандытарскага прадпрыемства сьцьвярджаюць, што гэта плянавае спыненьне вытворчасьці. У прыватнасьці, так патлумачыла цяперашнюю сытуацыю галоўны эканаміст Алена Пількевіч:

“Гэта ў нас плянавае спыненьне. Яно ўзгоднена з канцэрнам “Белдзяржхарчпрам”. У нас кожны год капрамонт праводзіцца ў летні пэрыяд”.

Як патлумачыла галоўная эканамістка, гандаль, тым ня менш, не спыняецца, бо ёсьць запасы кандытарскіх вырабаў. Але рэалізацыя цукерак ды рознага печыва сёлета ідзе больш складана. У прыватнасьці, у суседнюю Расею:

“Цяжка, канечне. Сытуацыя цяжкая, але мы імкнемся спраўляцца зь ёю. І пакуль пастаўкі ў Расею, скажам так, ідуць”.

Працаўніца складу гатовай прадукцыі кажа, што Расея хаця й бярэ гомельскія цукеркі, але большасьць іх адгружаюць цяпер на ўнутраны рынак:

“На Расею таксама адпраўляем. Але больш — у Менск, у Магілёў. У Расею, паўтару, ёсьць, але больш за ўсё прадукцыі мы адпраўляем для Беларусі. У Казахстан накіроўваем, там вялікі заказ — вагоны зараз прыходзяць. І ў Азэрбайджан вялікі заказ. У Нямеччыну таксама адпраўляем — і карамэль, і чакаляд, і чакалядныя цукеркі”.



Даведка Свабоды: “Белстат” таксама інфармуе, што зьмяншэньню попыту на кандытарскія вырабы спадарожнічае рост продажу алькагольных напояў. Спажываньне гарэлкі ў 2009 годзе вырасла на 2,4%, лікёра-гарэлачных вырабаў — на 13,9%, піва — на 4%.
XS
SM
MD
LG