Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Былы дэпутат: “Сям’я ў нас вялікая, сваякі працуюць на розных пасадах”


Генэральная пракуратура завяла крымінальныя справы на старшыню Столінскага райвыканкаму Аляксея Дзямко і на ягонага брата, былога дэпутата Нацыянальнага сходу Рыгора Дзямко.

СЛУХАЦЬ:


Братоў Дзямко абвінавачваюць у тым, што іх сям’я нібыта прыватызавала ўладу ў Столінскім раёне.

У пракуратуры Беларусі пацьвердзілі, што заведзеная крымінальная справа, у якой фігуруе старшыня Столінскага райвыканкаму Аляксей Дзямко. Высокі чыноўнік падазраецца ў службовых злоўжываньнях. Паводле сьледзтва, ён нібыта атрымліваў грашовыя прэміі ад вядомай малочнай фірмы. Падобная справа заведзеная і адносна брата старшыні райвыканкаму — Рыгора Дзямко, былога дэпутата Нацыянальнага сходу. Ён кіруе адной з найлепшых гаспадарак краіны — СПК “Фядорскі” Столінскага раёну. Сьледчыя падазраюць яго ў незаконным атрыманьні заробку кіраўніка гаспадаркі падчас дэпутацтва. Рыгор Дзямко, зь якім удалося злучыцца праз тэлефон, абверг гэтыя падазрэньні:

“Крыху мяне ўзнагароджвалі да дня працаўніка сельскай гаспадаркі, ды яшчэ юбілей у мяне быў, і ўсё. Пакуль я нічога не магу камэнтаваць, бо мне ніхто не выстаўляў абвінавачаньня. Вось калі выставяць, тады скажу”.

“А што вам вядома адносна вашага брата Аляксея Дзямко?”


“І яму таксама ніхто нічога не выстаўляў. Вы зарана звоніце. Відаць, хочаце быць першым”.

Таксама я спытаўся ў Рыгора Дзямко, як ён ставіцца да нараканьняў, што іх сям’я нібыта “прыватызавала ўладу ў Столінскім раёне”.

Нагадаю, на пачатку году Ўладзімер Макей, кіраўнік адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі, пералічыў на нарадзе шэраг сваякоў братоў Дзямко, якія займаюць кіраўнічыя пасады ў раёне:

“Ня ведаю, але гэта, відаць, так і ёсьць. Сям’я сапраўды вялікая. Ці ёсьць злоўжываньнем тое, што сваякі працуюць на розных пасадах? Магчыма, і ёсьць, калі кажуць. Дыму без агню не бывае”, — сказаў адносна абвінавачаньняў у кумаўстве Рыгор Дзямко.

Варта заўважыць, што летась сваім указам Аляксандар Лукашэнка ўганараваў Рыгора Дзямко званьнем заслужанага працаўніка сельскай гаспадаркі. У 2006 годзе падчас наведваньня аграгарадка Фядоры Лукашэнка ставіў мясцовую гаспадарку ў прыклад, а кіраўніцтву “Фядорскага” загадаў выйсьці на ўзровень гаспадаркі “Сноў” Нясьвіскага раёну, якая лічыцца адной з найлепшых у краіне.

Чаму ў Беларусі дагэтуль існуе кумаўство? Былы судзьдзя, праваабаронца Гары Паганяйла мяркуе, што прычыны гэтай зьявы — у асаблівасьцях адміністратыўнай сыстэмы, а таксама ў прыкладзе, які дэманструе сам Аляксандар Лукашэнка:

Гары Паганяйла
“Гэта ў Беларусі квітнее, калі начальнік уладкоўвае сваякоў на цёплыя месцы, аказвае ім розныя паслугі, у тым ліку ў бізнэсе. Гэтым, дарэчы, ён найперш клапоціцца пра сябе, бо з дапамогай сваякоў лягчэй ладзіць розныя парушэньні. Як кажуць, сваяк ня выдасьць. Але тут прыклад — самы галоўны чыноўнік. Вядома, што Аляксандар Лукашэнка сваім загадам прызначыў на пасаду ў Савет бясьпекі свайго сына Віктара. Хіба гэта не адмоўны прыклад?”

Гары Паганяйла не бярэцца прадказаць лёс справаў, заведзеных на братоў Дзямко. Былы судзьдзя нагадаў, што паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі высокапастаўленыя чыноўнікі і гаспадарнікі атрымалі магчымасьць пазьбегнуць судовай адказнасьці за злачынствы, калі яны яшчэ да суду кампэнсуюць страты, вызначаныя сьледзтвам. “Але дазвол на такую кампэнсацыю таксама даецца на самым версе”, — нагадаў Гары Паганяйла.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG