Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэзыдэнт Чачні Рамзан Кадыраў заявіў, што падасьць у суд на кіраўніка праваабарончай арганізацыі "Мэмарыял" Алега Арлова за паклёп. На мінулым тыдні Арлоў усклаў на Кадырава адказнасьць за сьмерць супрацоўніцы "Мэмарыялу" Натальлі Эстэміравай.


Адначасова "Мэмарыял" заявіў, што спыняе сваю дзейнасьць у Чачні, каб не рызыкаваць жыцьцямі сваіх супрацоўнікаў.

Натальля Эстэмірава
Нагадаем, што Эстэмірава была выкрадзеная ў Грозным 15 ліпеня, пасьля чаго яе цела зь дзьвюма ранамі ад агнястрэльнай зброі знайшлі непадалёк ад гораду Назрань у суседняй Інгушэтыі.

"Тыя, хто забіў яе, хочуць, каб інфармацыя аб тым, што адбываецца ў Чачні, не выходзіла за межы Чачэнскай рэспублікі," — сказаў Арлоў журналістам пасьля таго, як знайшлі цела Эстэміравай. — "Я знаю, хто стаіць за гэтым забойствам, хто вінаваты. Я магу назваць імя і пасаду. Гэта Рамзан Кадыраў, прэзыдэнт Чачэнскай рэспублікі".

Тыя, хто забіў яе, хочуць, каб інфармацыя аб тым, што адбываецца ў Чачні, не выходзіла за межы Чачэнскай рэспублікі
Кадыраў, які меў асабістую тэлефанічную размову з Арловым, адкідвае гэтыя абвінавачаньні. Паводле яго, матывам забойства была дыскрэдытацыя Чачні і Інгушэтыі.

Забойства Эстэміравай пракамэнтаваў прэзыдэнт Расеі Дзьмітры Мядзьведзеў, які сказаў, што яно было зьвязанае зь яе прафэсіянальнай дзейнасьцю. Мядзьведзеў паабяцаў, што злачынства будзе раскрытае, а віноўнікі — пакараныя. Аднак Мядзьведзеў выключыў удзел Кадырава ў гэтым забойстве.

Забойства Эстэміравай выклікала шмат камэнтараў у заходняй прэсе.

Сёньняшняе выданьне "Financial Times" піша, што рэакцыя Мядзьведзева на сьмерць Эстэміравай рэзка адрозьніваецца ад рэакцыі Уладзімера Пуціна на сьмерць журналісткі Ганны Паліткоўскай у 2006 годзе, калі гэты апошні сказаў, што "яе сьмерць зрабіла Расіі большую шкоду, чым яе артыкулы".

Адначасова "Financial Times" падкрэсьлівае, што калі Мядзьведзеў сапраўды хоча, каб ягоным словам аб сьмерці Эстэміравай паверылі, ён павінен назначыць пракурора, які поўнасьцю расьсьледаваў бы гэтае забойства, уключна зь цьверджаньнем кіраўніка "Мэмарыялу", што галоўным віноўнікам зьяўляецца Кадыраў.

Тым часам "International Herald Tribune" нагадвае сваім чытачам, што ўвесь рэгіён паўночнага Каўказу ўжо колькі гадоў ахоплены хваляй гвалту і палітычных выкраданьняў ды забойстваў. Газэта цытуе дадзеныя вашынгтонскага Цэнтру стратэгічных і міжнародных дасьледаваньняў, паводле якіх колькасьць актаў гвалту ў гэтым рэгіёне, дзе жыве 6 мільёнаў чалавек, летась у чатыры разы перавысіла колькасьць такіх актаў у Калюмбіі, у якой 42 мільёны жыхароў.

А брытанскі тыднёвік "Observer" піша, што, паводле непацьверджаных зьвестак ад чачэнскіх эмігрантаў, Рамзан Кадыраў склаў сьпісак 300 сваіх апанэнтаў, якіх ён пастанавіў фізычна зьліквідаваць. Тыднёвік нагадвае, што ў сакавіку ў Вене застрэлілі Умара Ісраілава, які ў Эўрапейскім судзе правоў чалавека абвінаваціў Кадырава ў катаваньнях. Газэта дадае, што яшчэ адзін апанэнт Кадырава, Сулім Ямадаеў, быў у тым самым месяцы застрэлены ў Дубаі.
XS
SM
MD
LG