Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Акудовіч: каго б зь беларусаў я выправіў на Месяц першым?


Валянцін Акудовіч

Валянцін Акудовіч

Сёньня не абы-які дзень! Сорак год таму менавіта ў гэты дзень амэрыканцы зваліліся на Месяц. Увесь сьвет тады захлынуўся ад радасьці, а беларусы дык не, ня надта каб захлынуліся. Маўляў, што тут за дзіва?

Нашыя людзі адвеку па драбіне на Месяц лазілі. Пра гэта ў фальклёры колькі заўгодна зьвестак засталося. Праўда, ніхто ня ведае, чаму потым яны на гэтую забаву забыліся. І я пра гэта яшчэ ўчора ня думаў, толькі сёньня мне пазванілі з Радыё Свабода ды запыталіся: каго б зь беларусаў я выправіў на Месяц першым? І далі нават трохі часу падумаць — а што тут думаць? Ня толькі мы, увесь сьвет ведае, хто ў нас першы. А дублёрам у Лукашэнкі будзе Пазьняк, — адразу даўмеўся я, аднак хутка перадумаў. Бо пабіцца на касмадроме могуць. І тады вырашыў, хай Лукашэнка ляціць ракетай, бо ён нават на амэрыканскім матацыкле “Харлей” езьдзіць не баіцца, а Пазьняк, як зацяты традыцыяналіст, хай лезе па драбіне. Праўда, Пазьняк у сваім эўрапейскім гарнітуры на драбіне будзе выглядаць трохі недарэчна, але нічога — хутка абносіцца.

Пэўна, тут вы падумалі, што я нашых касманаўтаў паставіў ў гранічна няроўныя ўмовы? Не сьпяшайцеся. Лукашэнка ўжо колькі год нейкі лядашчы спадарожнік зрабіць ня можа, а тут вам не спадарожнік — цэлую ракету трэба змайстраваць. Пакуль яе выштукуюць, Пазьняк ужо бел-чырвона-белы сьцяжок у Месяц уваткне, а Лукашэнка, натуральна, прыляціць з чырвона- зялёным. Потым, зразумела, яны пачнуць біцца. Усе ведаюць, што Лукашэнка добра натрэніраваны, а Пазьняку трэніравацца няма калі, бо яму пра занядбаную Бацькаўшчыну трэба ўвесь час думаць. Хаця ў той бойцы яшчэ невядома хто пераможа, бо за Пазьняком — досьвед стагодзьдзяў гераічнага змаганьня беларускага народа, а за Лукашэнкам — толькі натрэніраваныя цягліцы.

Між іншым, пакуль яны там будуць біцца, у беларусаў зьявіцца новая завядзёнка. Ціхімі зорнымі начамі яны стануць выходзіць на пагулянку, каб паглядзець на маладзік ці поўню. “Як там нашыя хлопцы?” — пры гэтым будуць разважаць яны. — ”Усё яшчэ б’юцца ці, можа, ужо зьмірыліся?”

А потым, добра абгледзеўшы неба, ціхамірна рушаць начаваць. Бо хто б куды ні лётаў, нашыя ці амэрыканцы, а назаўтра ўсё роўна трэба падымацца да працы.

Vox populi на вуліцах Менску: “Каго б вы адправілі на Месяц з прадстаўнікоў улады і каго — ад апазыцыі?”

СЛУХАЦЬ:


40 гадоў таму нага чалавека ўпершыню кранула паверхню іншага нябеснага цела
21 ліпеня 1969 году а 02 гадзіне 56 хвілін 20 сэкунд паводле Грынвіча тэлекамэра на борце месячнага модуля амэрыканскага карабля “Апалён-11” паказала сьвету, як Ніл Армстронг выскоквае зь люка і апускаецца падэшвамі на грунт.

“Апалён-11” стартаваў 16 ліпеня 1969 году а 13 гадзіне 32 хвіліны паводле Грынвіча. Месячны модуль апусьціўся ў Мора Спакою 20 ліпеня а 20 гадзіне 17 хвілінаў 42 сэкунды паводле Грынвіча. “Апалён-11” прабыў на Месяцы 21 гадзіну 36 хвілін.

Армстронг заставаўся па-за караблём 2 гадзіны 10 хвілін, Олдрын — крыху больш за паўтары гадзіны.

Да пасадачнай ступені, якая засталася на Месяцы, была прымацавана шыльда з выгравіраванай мапай паўшар'яў Зямлі і словамі: “Тут людзі з плянэты Зямля ўпершыню ступілі на Месяц. Ліпень 1969 г. новай эры. Мы прыйшлі зь мірам ад імя ўсяго Чалавецтва”. Таксама на шыльдзе стаялі подпісы ўсіх трох астранаўтаў і прэзыдэнта Ніксана.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG