Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Магілёўскі гарвыканкам не дазволіў актывістам апазыцыйнага руху правесьці інфармацыйныя пікеты на 19 гадавіну прыняцьця Вярхоўным саветам БССР Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце Беларусі.

У адказе за подпісам намесьніка старшыні гарадзкой вэртыкалі Фёдара Міхеенкі гаворыцца, што ў Магілёве для правядзеньня такіх акцыяў ёсьць вызначанае месца.

У адказе адзначана: калі заяўнікі ня згодныя з рашэньнем улады, яны могуць зьвярнуцца ў суд. Апазыцыянэры не выключаюць, што так і зробяць. Нягледзячы на пазыцыю ўлады, ад сваіх намераў адмаўляцца яны таксама не зьбіраюцца. Падчас пікетаў яны плянавалі распаўсюджваць улёткі з інфармацыяй пра падзеі дзевятнаццацігадовай даўніны.

За апошнія два з паловай гады магілёўская ўлада не дазволіла мясцовым апазыцыянэрам правесьці ніводнага публічнага мерапрыемства. Рашэньні гарвыканкаму актывісты абскарджвалі ў судовым парадку, але безвынікова.

Месцам правядзеньня публічных мерапрыемстваў гарвыканкам вызначыў пляцоўку на вуліцы Чалюскінцаў каля дома № 54-а. Гэтая пляцоўка знаходзіцца ўдалечыні ад людных вуліц. Каб атрымаць дазвол на акцыю, спачатку заяўнікам трэба заключыць дамовы зь мясцовай міліцыяй, мэдыкамі й камунальнікамі й аплаціць іх паслугі. Гэта прыкладна паўмільёна рублёў. Аплата паслугаў, аднак, не гарантуе таго, што акцыю дазволяць. Два гады таму акцыю на Дзень Волі не дазволілі, бо нібыта рамантавалі саму пляцоўку. Апазыцыянэры тады высьветлілі, што ніякі рамонт ня вёўся.
XS
SM
MD
LG