Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Плян прыватызацыі скарацілі


З пляну прыватызацыі на 2009—2010 гады выключана 35 прадпрыемстваў. Гэта прадугледжана пастановай Савета міністраў Беларусі № 897 ад 6 ліпеня 2009 года.

Камэнтуючы дакумэнт для БелаПАН, начальнік упраўленьня па рэфармаваньні дзяржаўнага фонду маёмасьці Дзяржкамітэта па маёмасьці Ірына Баркоўская патлумачыла: шэраг прадпрыемстваў выключаны са сьпісу з прычыны пагаршэньня фінансавага стану, частка — былі рэарганізаваны і далучаны да іншых прадпрыемстваў, яшчэ частка — зьліквідаваны.

Пастанова таксама пераносіць тэрміны прыватызацыі з 2009 года на 2010 год для пяці прадпрыемстваў. Акрамя таго, у плян прыватызацыі на 2009 год дадаткова ўключаны тры прадпрыемствы.

Як паведамлялася раней, першапачаткова ў 2009 годзе плянавалася акцыянаваць больш за 200 прадпрыемстваў. У іх ліку — Беларускі аўтамабільны завод, Менскі завод колавых цягачоў, завод "Віцязь", "Агат-Сістэм", "Інкатэх", інстытут "Белдзяржпраект", завод "Электроніка".

У 2010 годзе прыватызацыі падлягаюць 130 прадпрыемстваў, у тым ліку Менскі завод аўтаматычных ліній імя Машэрава, Менскі НДІ радыёматэрыялаў, Аршанскі льнокамбінат.

Плян прыватызацыі беларускіх прадпрыемстваў, складзены ў 2008 годзе


Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG