Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Агляд тэлефанаваньняў за панядзелак, 20 ліпеня.

СЛУХАЦЬ:


“Роспотребнадзор” узмацніў лябараторны кантроль за прадукцыяй 40 малакаперапрацоўчых заводаў зь Беларусі, якія пастаўляюць сваю прадукцыю ў Расею. Гэта зроблена з мэтай “недапушчэньня ўвозу ў Расею зь Беларусі небясьпечнай у вэтэрынарна-санітарных адносінах прадукцыі жывёльнага паходжаньня”.

Ніна Ярмалінская, Салігорск: “У адказ Расеі на малочныя і іншыя войны супраць нашай краіны — правесьці дэмантаж помнікаў Леніну на цэнтральных плошчах усіх гарадоў. Такі крок будзе важнай падзеяй у гісторыі Беларусі на пачатку дваццаць першага стагодзьдзя”.

Сёньня мы атрымалі такое тэлефанаваньне:

Спадарыня: “Вы ж гэтага Абуховіча зрабілі такім нацыянальным героем, а аказваецца, што ён амаль што не злачынца. Не плаціў падаткі. Яго пакаралі. А вы ўжо гэта, апазыцыя, абы толькі што-небудзь зачапіць, знайсьці што-небудзь такое нэгатыўнае ў Беларусі, і на ўвесь сьвет трубіце, што ён нацыянальны герой, што ён — гэта палітвязень. Паднялі, як чорта на вілах, гэтага Абуховіча і лічаць яго героем. Кіньце вы гэтую задуму”.

Выказваньні слухачкі камэнтуе юрыст праваабарончай арганізацыі “Беларускі Гэльсынскі камітэт” Зьміцер Маркушэўскі:

“Наколькі я разумею, гаворка ідзе пра Мікалая Аўтуховіча. Што тычыцца ягонага лёсу і ягонага статусу, паводле меркаваньняў праваабаронцаў, мы ня маем дастаткова інфармацыі, каб казаць, што ён зьняволены з палітычных матываў. Але няма ніякай падставы казаць, што ён вінаваты ў зьдзяйсьненьні нейкіх крымінальных злачынстваў. Яшчэ не было суду, не вядомыя ўсе акалічнасьці справы. Я лічу, што трэба надаваць увагу гэтай справе, калі яна выклікае такі грамадзкі рэзананс, таму што ўжо даволі працяглы час вядзецца сьледзтва, а ніякіх дэталяў не вядома”.

Ваўкавыскія прадпрымальнікі Мікалай Аўтуховіч, Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка знаходзяцца за кратамі ад 8 лютага. Аўтуховіча падазраюць у тым, што ён кіраваў групай “аўганцаў”, якія рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменку.

Зіноўеў: “На паседжаньні камітэта па абароне Аўтуховіча трэба сказаць пра адсутнасьць кантролю Генпракуратуры за падпіскамі аб неразгалошваньні. Гэта сьмешна, што забіраюць кагосьці, пасьля выпускаюць, як невінаватага, але папера становіцца гаспадаром чалавека, да якога няма прэтэнзіяў. Так было з Уланавым, так было зь іншымі”.

Слухачы выказваюць сваё стаўленьне да кіраўніцтва краіны:

Мужчына: “У адным з выступаў наш правадыр з уласьцівай яму манерай безапэляцыйна заявіў, нібыта на беларускай мове нельга размаўляць пра штосьці высокае, пра вышэйшыя, так бы мовіць, матэрыі. Словаў, так бы мовіць, нестае. Памыляецеся, Аляксандар Рыгоравіч. Нават абарыгены з афрыканскіх плямёнаў кантактуюць на сваёй мове і могуць размаўляць пра што заўгодна. Значыць, ня ў мове справа, а ў нечым іншым. Падумайце пра гэта, Аляксандар Рыгоравіч, як-небудзь вольным часам”.

На чарзе такое тэлефанаваньне:

Ігар Сьцябуля, Менск: “Наконт таго, што зараз адбываецца ў Іране пасьля выбараў прэзыдэнта. Ёсьць такі камэнтар. Гэта чымсьці нагадвае падзеі ў Беларусі дзьве тысячы шостага году. Толькі дзеяньні іранскай апазыцыі больш узважаныя”.

12 чэрвеня ў Іране адбыліся прэзыдэнцкія выбары. Прыхільнікі аднаго з кандыдатаў на прэзыдэнта, Міра Хусэйна Мусаві, не пагадзіліся з афіцыйнымі вынікамі галасаваньня, паводле якіх перамогу атрымаў Махмуд Ахмадзінэджад. Іранская апазыцыя зладзіла сэрыю акцыяў пратэсту. Паліцыя жорстка разагнала маніфэстацыі. Было забіта некалькі дзясяткаў чалавек.

Развагі слухача камэнтуе палітоляг-іраніст Сяргей Богдан:

Сяргей Богдан
“На маю думку, падзеі ў Іране хутчэй нагадваюць менскую вясну-96, а не падзеі 2006 году. Ужо хоць бы таму, што на кану стаяць значна большыя стаўкі з боку апазыцыі. Бо ў 2006-м, безумоўна, надзея на зьмены была, але ранейшага патэнцыялу ў апазыцыі не было. А ў 96-м было экзыстэнцыйнае супрацьстаяньне, гаворка была пра сутыкненьне дзьвюх палітычных сілаў. З аднаго боку — Лукашэнкі, зь іншага — Вярхоўнага Савету і апазыцыі. У абодвух бакоў былі вельмі значныя сілавыя патэнцыялы. Таму я хутчэй бы параўнаў сёлетнія іранскія падзеі з падзеямі ў Беларусі вясной 1996 году”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG