Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Крушэньне расейскага гелікоптэра. Паранены беларус

  • БелаПАН

У выніку катастрофы расейскага гелікоптэру Мі-8 ва Аўганістане цяжка паранены грамадзянін Беларусі. Пра гэта паведамляе РІА Новости са спасылкай на супрацоўніка пасольства Расеі ў Кабуле.


"Пры крушэньні цяжка паранены два расейцы і адзін грамадзянін Беларусі. Расейцы — камандзір экіпажа і другі пілёт, бортмэханік быў грамадзянінам Беларусі. Цяпер яны знаходзяцца ў канадзкім шпіталі ў Кандагары", — цытуе дыплямата агенцтва.
Паводле апошняй інфармацыі, на борце гелікоптэра знаходзіўся 21 чалавек, 16 — загінулі. "Аб нацыянальнасьці пасажыраў дакладнай інфармацыі пакуль няма", — сказаў расейскі дыплямат, камэнтуючы зьвесткі, якія зьявіліся раней, аб тым, што ўсе загінулыя пасажыры былі грамадзянамі ЗША.

У інтэрвію "Эхо Москвы" часовы павераны ў справах Расеі ў Аўганістане Андрэй Вадаў назваў імёны і прозьвішчы членаў экіпажа: Мікалай Морын (камандзір), Андрэй Галькоў (другі пілёт), Сяргей Фішчанка (бортінжынер).

Авіякатастрофа адбылася непадалёк ад найбуйнейшай ваеннай базы НАТО Kandahar Air Field. Расьсьледаваньнем здарэньня займаецца адміністрацыя Кандагара і Міждзяржаўны авіяцыйны камітэт.

Асашыэйтэд Прэс са спасылкай на прадстаўнікоў амэрыканскага ваеннага камандаваньня ў Аўганістане паведамляе: сьведчаньняў таго, што гелікоптэр быў зьбіты, няма.

Між тым у нядзелю зьявіліся паведамленьні, што Вялікабрытанія выкарыстоўвае расейскія гелікоптэры і самалёты для перавозкі людзей і грузаў ва Аўганістане з-за недахопу ўласнай авіяцыі. Як піша брытанская газета Mail on Sunday, журналістам удалося высьветліць, што брытанскае Мінабароны выкарыстоўвае расійскія грамадзянскія транспартныя гелікоптэры Мі-8 і Мі-26 для перавозкі грузаў і салдат ва Аўганістане.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG