Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Улады Чачні выказалі шкадаваньне ў зьвязку са спыненьнем дзейнасьці праваабарончай арганізацыі “Мэмарыял” у рэспубліцы. Паводле французскага інфармагенцтва АФП прадстаўнік праваабарончай арганізацыі Аляксандар Чаркасаў 18 ліпеня заявіў, што пасьля забойства яго калегі Натальлі Эстэміравай арганізацыя ня можа больш рызыкаваць жыцьцямі сваіх супрацоўнікаў.


У чацьвер кіраўнік “Мэмарыялу" Алег Арлоў адкрыта абвінаваціў чачэнскага лідэра Рамзана Кадырава ў забойстве сваёй калегі. Прэзыдэнт рэспублікі ў адказ разьмясьціў на сваім сайце заяву, ў якой паведамляецца, што ён асабіста затэлефанаваў Арлову, каб пераканаць яго ў сваёй невінаватасьці. Пазьней у пятніцу Кадыраў заявіў, што зьбіраецца падаць на арганізацыю ў суд за паклёп.

Нагадаем, Эстэмірава была выкрадзена ў Грозным у сераду раніцай, пасьля чаго яе цела з дзьвюма ранамі ў галаву знайшлі непадалёку ад гораду Назрань у суседняй Інгушэтыі. Натальля Эстэмірава займалася расьсьледаваньнямі зьнікненьняў і публічных забойстваў людзей, абвінавачаных у супрацы з ваеўнікамі. Праваабарончыя арганізацыі зьвязваюць посьпехі чачэнскага прэзыдэнта Рамзана Кадырава ў барацьбе з ваеўнікамі з жорсткімі мерамі супрацоўнікаў яго аховы супраць сямей паўстанцаў і іх прыхільнікаў сярод цывільнага насельніцтва.

Гвалтоўныя дзеяньні ў Чачні і ў суседняй зь ёй Інгушэтыі актывізаваліся апошнімі месяцамі неўзабаве пасьля заявы Кадырава аб пасьпяховым завяршэньні антытэрарыстычнай кампаніі. Дагэтуль у шпіталі знаходзіцца паранены тры тыдні таму прэзыдэнт Іншушэтыі Юнус-Бек Яўкураў.


[

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG