Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уцечка аміяку на мясакамбінаце. Ёсьць ахвяры

  • БелаПАН

Малекула аміяку

Малекула аміяку

Адзін чалавек загінуў, чацьвёра — атрымалі апёкі ў выніку ўцечкі аміяку на Слуцкім мясакамбінаце.


Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Віталь Навіцкі, інфармацыя аб НЗ на мясакамбінаце паступіла 18 ліпеня ў 13.13. У выніку разгэрмэтызацыі трубаправода халадзільнай камэры адбылася ўцечка 200 кіляграмаў аміяку, які распаўсюдзіўся па тэрыторыі цэху. Адна супрацоўніца прадпрыемства загінула, яшчэ чацьвёра — тры жанчыны і мужчына — атрымалі апёкі. Адна з пацярпелых знаходзіцца ў цяжкім стане.

У ліквідацыі наступстваў НЗ было задзейнічана больш за 50 ратавальнікаў МНС. Яны асаджвалі аміяк з дапамогай "воднай заслоны" і адпампоўвалі аміячную ваду. "Дзякуючы дакладным своечасовым дзеяньням ратавальнікаў, аміячнае воблака не распаўсюдзілася за межы камбіната і пагрозы прылеглым жылым дамам не было", — сказаў прэс-сакратар.

Паводле яго слоў, "папярэдняй прычынай НЗ стала ўцечка ў месцы зварачнага злучэньня". "Магчыма, было няякаснае зварачнае шво, але гэта — папярэдняя вэрсія", — падкрэсьліў Навіцкі. Расьсьледаваньнем прычынаў здарэньня займаецца спэцыяльна створаная камісія.

Цяпер ліквідацыя наступстваў НЗ прадаўжаецца. З выкарыстаньнем спэцыяльных дымасосаў ратавальнікі адпампоўваюць паветра з памяшканьня цэху, на месца ўцечкі ўстаноўлены бандаж. Канцэнтрацыя аміяку ў паветры на гэты момант перавышае дапушчальны паказчык у 5 разоў.
XS
SM
MD
LG