Лінкі ўнівэрсальнага доступу

28-гадовы беларускі эмігрант Віктар Крус асуджаны акруговым судом Штату Вірджынія на 87 месяцаў турмы за падатковае і візавае махлярства ды адмываньне грошай.

Сваё больш як сямігадовае пакараньне Віктар Крус будзе адбываць ў акружной амэрыканскай турме, а пасьля вызваленьня яго дэпартуюць на радзіму ў Беларусь.

У судзе малады беларус цалкам прызнаў сваю віну. Па справе незаконных фінансавых апэрацыяў, дзе Крус адыгрываў адну зь вядучых роляў, ужо асуджаныя 22 чалавекі

Як падаюць мясцовыя амэрыканскія выданьні, матэрыялы абвінавачаньня займаюць каля 73-х тамоў. З дакумэнтаў сьледзтва вынікае, што ў пэрыяд паміж 2003 і 2008 гадамі ў ЗША, дзякуючы Крусу трапілі 3800 нелегальных працаўнікоў з былых рэспублік СССР. У далейшым яны былі ўладкаваныя на працу ў гатэлі, завод Ford, чыгунку, усяго ў 20 амэрыканскіх карпарацый.

Валавы абарот ад працы гэтых людзей склаў агулам $ 34 млн. Віктар Крус не заплаціў ЗША падаткаў у памеры $ 7,4 мільёны.

У часе ўчорашняга судовага паседжаньня памочнік пракурору Джозэф дэ Падзіл запрасіў для Круса 9 гадоў турмы.

Ён заявіў, што беларус рабіў свой капітал “на храбтах іншых замежнікаў” і што “яго дзеяньні ўяўляюць сабой пагрозу для бясьпекі ЗША”.

“Гэта тое, што ня можа быць праігнаравана”, заявіў памочнік пракурору.

Як вынікае з судовых матэрыялаў, Крус арганізоўваў для рабочых з Усходняй Эўропы ня толькі працоўныя месцы, але таксама і пражываньне. З гэтай нагоды ён здымаў агулам 15 кватэраў. Зразумела, ён адлічаў з заробкаў нелегалаў грошы за начлег, а таксама за іншыя паслугі(набыцьцё праязных квіткоў, прадметаў першай неабходнасьці). Пры ўладкаваньні людзей на працу Крус, вядома, атрымліваў і пэўны адсотак ад працадаўцаў.

Як лічаць амэрыканскія сьледчыя, Крус быў здольным бізнэсоўцам.

Паводле акруговага судзі Марка Дэвіса, “гэты беларус мог бы зрабіць мільёны і на законных умовах”.

Згодна з абвінавачаньнем, існавала сапраўдная змова паміж бізнэсоўцам і прадстаўнікамі асобных карпарацыяў. Так адміністрацыя шэрагу гатэляў ці курортных цэнтраў пад розным выглядам адмаўляла амэрыканскім кандыдатам на працу, трымаючы месцы для незаконных працаўнікоў з Усходняй Эўропы.

Віктар Крус прызнаў сябе цалкам вінаватым у змове, падатковым і візавым махлярстве ды адмываньні грошай.

"Я зраблю сапраўдны ўрок з гэтай гісторыі. Мне вельмі сорамна. Прабачце”, заявіў беларус у залі суду. Улічваючы шчырыя пакаяньні Круса і яго супрацоўніцтва са сьледзтвам акруговы суд вырашыў зьменшыць для беларуса тэрмін турэмнага пакараньня з 9-ці да 7 гадоў і 3-х месяцаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG