Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьцяпанюк: “Мы займаемся беларускай моладзьдзю ў Польшчы”


Сёньня ў Менску пачаўся пяты зьезд беларусаў сьвету. У кулюарах форуму можна бачыць і ягоных дэлегатаў, і шэраг вядомых асобаў.

Міхась Сьцяпанюк на зьездзе прадстаўляе Зьвяз беларускай моладзі ў Польшчы:

“Я прыехаў сюды, каб паразмаўляць з людзьмі, даведацца, што дзе робіцца. Бо ў мяне такое ўяўленьне, што я замала ведаю пра беларусаў зь іншых краінаў сьвету.

Наша моладзевая арганізацыя паўстала на пачатку 90-х гадоў на хвалі адраджэньня. Зразумела, што мы займаемся моладзевымі справамі. Мы робім рэйды па вёсках Падляшша, распавядаем моладзі пра яе спадчыну. Ужо 16 гадоў запар арганізоўваем фэстываль беларускай бардаўскай і аўтарскай песьні “Бардаўская восень”. Здаецца такога няма ня толькі ў Польшчы, але і ў Беларусі, бо да нас зьяжджаюцца ўсе зоркі беларускай сцэны.

У Польшчы ёсьць два агульнаадукацыйныя ліцэі, у якіх вывучаецца беларуская мова: у Бельску-Падляшскім і ў Гайнаўцы. Мы зь імі трымаем цесную сувязь, каб там маладыя людзі арганізаваліся, а мы служым ім дапамогай”.
XS
SM
MD
LG