Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хроніка крызісу: 12 — 18 ліпеня


Расейскі ўрад працягвае выпрабоўваць беларускіх вытворцаў на адпаведнасьць новым тэхнічным рэглямэнтам.



Ад 1 студзеня 2010 году імпартаваныя ў Расею вялікагрузныя аўтамабілі павінны абсталёўвацца рухавікамі стандарту “эўра-4”. Аднак у беларускіх аўтавытворцаў такіх распрацовак няма. З улікам, што грузавікі ня ўпісваюцца ў новыя расейскія стандарты, шлях на расейскі рынак, прыкладам, для МАЗа ў хуткім часе можа быць закрыты.

Тэхнічны рэглямэнт “Аб патрабаваньнях да выкідаў аўтамабільнай тэхнікі” зацьверджаны ўрадам Расеі ў 2005 годзе. У адпаведнасьці зь ім, ад 1 студзеня 2010-га расейская мытня спыняе афармленьне імпартных аўтамабіляў, не адпаведных экалягічнаму клясу “эўра-4”. А ўжо да 2014 году Расея павінна перайсьці на рухавікі наступнага пакаленьня — “эўра-5”. Як лічаць экспэрты, імклівы прарыў у напрамку эўрапейскіх стандартаў нэгатыўна адаб’ецца на беларускім машынабудаваньні, якое не пасьпявае за сусьветнымі працэсамі. Гаворыць экс-кіраўнік прафсаюзаў працаўнікоў аўтамабільнага і сельскагаспадарчага машынабудаваньня Аляксандар Бухвостаў:

Аляксандар Бухвостаў
“Расея пераглядае шэраг эканамічных стандартаў. Калі раней яна заплюшчвала вочы на многія рэчы, то зараз, з улікам таго, што ўводзяцца новыя стандарты, сытуацыя для нас ускладняецца. Да прыкладу, ёсьць рашэньне аб увядзеньні стандарту на рухавік “эўра-4”. У гэтым выпадку ўсе нашы МАЗы ляснуцца, таму што на “эўра-4” яны не пераведзеныя. Такога рухавіка папросту няма яшчэ. То бок калі прымаецца рашэньне, што на тэрыторыю Расеі дазволеныя пастаўкі машынаў выключна з рухавіком “эўра-4”, ад таго часу расейцы будуць купляць толькі заходнюю тэхніку. І, адпаведна, ня будуць набываць нашы састарэлыя МАЗы... Але я мяркую, што тут збольшага ўсё выклікана тым, што пагаршаюцца палітычныя адносіны”.

Апошнія месяцы МАЗ працуе чатыры дні на тыдзень. Колькасьць вырабленых, але нерэалізаваных аўтамабіляў, дасягае 7—8 тысяч. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту, у цэлым па галіне выпуск грузавікоў у траўні склаў толькі 57% да адпаведнага пэрыяду 2008-га, а сярэднемесячныя запасы складаванай прадукцыі вырасьлі амаль у 3,5 раза ў параўнаньні зь мінулым годам.

МАЗ у экспартных пастаўках амаль цалкам залежыць ад расейскага рынку. Аднак асноўны пастаўшчык рухавікоў — яраслаўскае аб’яднаньне “Аўтадызэль” — не гатовае пастаўляць абсталяваньне ў адпаведнасьці з новым тэхрэглямэнтам. А вось асноўны канкурэнт мазаўцаў — КаМАЗ у Набярэжных Чаўнах — пры адпаведнай дзяржаўнай падтрымцы блізкі да таго, каб да канца 2009-га стаць адзіным у Расеі вытворцам аўтамабіляў з рухавіком стандарту “эўра-4”. У такім выпадку пасьля 2010 году доступ МАЗу на расейскі рынак можа быць зачынены.

***

Адзін з асноўных пастаўшчыкоў валюты ў дзяржаўны бюджэт — вытворчае аб’яднаньне “Беларуськалій” — з-за дэмпінгу расейскіх канкурэнтаў можа страціць стратэгічны рынак збыту. Міжнародная калійная кампанія — пасярэднік буйнейшага ў Расеі вытворцы калію “Сільвініт” — падпісала кантракт на пастаўку ў Індыю ўгнаеньняў па 460 даляраў за тону. Беларусы ж спадзяваліся атрымаць з кожнай тоны 630 даляраў.

За першы квартал 2009 году экспартны складнік “Белкалія” зьнізіўся ў параўнаньні з тым жа пэрыядам 2008-га амаль на 80%. Як згортваньне актыўнасьці адбілася на амаль 20 тысячным працоўным калектыве? У чаканьні лепшых умоваў скарочаныя аб’ёмы здабычы калію, многія службы пераведзеныя на аблегчаны рэжым працы. Звыклай справай стаў перавод на 2/3 заробку, скасаваныя прэміі, даплаты. Паводле мясцовай жыхаркі Ларысы Насановіч, крызіс ураўнаў больш прывілеяваных працаўнікоў “Белкалію” з астатнімі гараджанамі:
прынамсі месяцаў 6-8 аб’яднаньне будзе ў цяжкім становішчы ...

“Шмат супрацоўнікаў атрымліваюць 2/3 тарыфу. Многія сталі закладнікамі крэдытаў, калі заробак ідзе на выплату пазыкаў. Жанчыны з абагачальных фабрык спрабуюць працаваць гандляркамі на рынку. Пэнсіянэры, якія не жадалі ісьці на пэнсію, зараз масава сыходзяць. Баяцца, што скасуюць, як кажуць у нас, “грабавыя”. Бо калі чалавек ідзе на пэнсію, яму даецца значная кампэнсацыя. Дапусьцім, у шахтараў атрымлівалася каля 37 тысяч даляраў. Гэткія “адходныя”. Зараз ходзяць упартыя чуткі, што выплаты адменяць ці замарозяць... Нядаўна размаўляла з кіраўнікамі “Беларускалію”, дык яны лічаць: прынамсі месяцаў 6-8 аб’яднаньне будзе ў цяжкім становішчы”.

Сёлета Беларусь ужо карэктавала кошты на сыравіну падчас паставак у Бразылію — ад 1000 заплянаваных да 750 даляраў за тону. Цяпер даводзіцца пераглядаць цэнавую палітыку адносна Індыі, бо расейцы гатовыя пастаўляць хлёрысты калій на 26% таньней, чым Беларусь. Пра неабходнасьць перагляду коштаў у бок зьніжэньня гаворыць і Кітай — адзін з буйнейшых спажыўцоў калійных угнаеньняў у сьвеце.

Падчас адкрыцьця на “Беларуськаліі” Краснаслабодзкага рудніка Аляксандар Лукашэнка запэўніваў: сабе ва ўрон угнаеньні Беларусь аддаваць ня будзе. Па яго словах, шмат хто ў сьвеце заняў чакальную пазыцыю — маўляў, задарма аддадуць. Аднак Лукашэнка заявіў, што рэсурсы будуць толькі даражэць і разбазарваць іх недапушчальна.

Аднак пакуль што тэндэнцыі на рынку іншыя — угнаеньні працягваюць дзешавець, а пакупнікі робяцца ўсё больш пераборлівымі. Прычым, калі ў першай палове году страты на зьнешніх рынках “Беларуськалій” часткова кампэнсаваў коштам пасяўной, то цяпер дзеля новых кантрактаў даводзіцца разглядаць практычна любыя прапановы.

***


Пры канцы тыдня кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка зноў “узбудзіўся” ад беларускага малака. Ён заявіў, што Беларусь замест навядзеньня парадку ў малочнай галіне працягвае палітызаваць пытаньне паставак беларускай прадукцыі ў Расею.

Паводле Анішчанкі, з паўтысячы заявак ад беларускіх вытворцаў рэальна аформлена 167 заключэньняў, што меней за 40% ад агульнай колькасьці.

Гэтаксама ён выказаў шэраг прэтэнзій да якасьці беларускай малочнай прадукцыі. Нават вырабы, на якія атрыманыя санітарна-эпідэміялягічныя заключэньні, маюць сур’ёзныя пытаньні з боку санітарных службаў.

Беларускія вытворцы азадачаныя чарговым паваротам у малочным пытаньні.

Прадстаўніца аб’яднаньня “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна кажа, што кіраўніцтва прадпрыемства ў няведаньні, адкуль і на якой падставе раптам узьніклі прэтэнзіі да малочных вырабаў:

“Па лёгіцы, калі ў гандлёвай сетцы падчас адбору пробаў выяўленыя нейкія парушэньні, то сама гандлёвая сетка павінна выйсьці на нашага дыстрыбутара. Але такіх зваротаў не было! Гэтаксама на афіцыйным сайце “Роспотребнадзора” няма ніякай інфармацыі, якая пацьвярджала б прэтэнзіі. Каб казаць у чым увогуле справа, нам трэба бачыць пратаколы адбору пробаў, акты правядзеньне экспэртызы. Нам трэба ведаць пералік гандлёвых кропак, паколькі пробы можна ўзяць як у нармальнай гандлёвай сетцы, так і ў палатцы на рынку. Трэба ведаць усе ўмовы захоўваньня, бо гэта прадукцыя жывая і патрабуе тэмпэратурнага рэжыму 4 плюс мінус два градусы”.

Пасьля двухтыднёвай малочнай канфрантацыі ў чэрвені, якая прывяла да поўнага спыненьня паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расею, бакі пасьля складаных перамоваў вырашылі: малочныя прадукты зь Беларусі будуць пастаўляцца ў Расею, але паралельна вытворцы мусяць атрымаць санітарныя заключэньні ў акрэдытаваных расейскіх лябараторыях згодна з новым тэхрэглямэнтам. Ад пачатку “Роспотребнадзор” акрэсьліў максымальны тэрмін да 1 ліпеня, пазьней час на атрыманьне неабходных сэрфтыфікатаў быў падоўжаны да 1 жніўня. Аднак кіраўнік ведамства не сумняецца, што беларусы не ўкладуцца і ў гэтыя рамкі. А гэта дае падставу казаць пра верагоднасьць аднаўленьня канфліктнай сытуацыі.

Тым часам Савет міністраў Беларусі знайшоў крайніх у нядаўняй беларуска-расейскай малочнай вайне

Кіраўнік ураду Сяргей Сідорскі звольніў дырэктараў чатырох буйных малакаперапрацоўчых заводаў і аднаго мясакамбінату. Рашэньне патлумачанае тым, што кіраўнікі прадпрыемстваў не належным чынам выконвалі захады, каб удасканаліць працу арганізацый малочнай прамысловасьці. А гэта прывяло да значнага росту рэшткаў гатовай прадукцыі, высокай стратнасьці яе рэалізацыі. Сярод ахвяраў абвастрэньня стасункаў на малочным фронце — кіраўнікі Аршанскага малочнага камбінату, Акцябарскага заводу сухога абястлушчанага малака, Слуцкага сыраробнага камбінату, аб’яднаньня “Быхаўмалако”, а таксама Слонімскага мясакамбінату. Дырэктар Акцябрскага заводу сухога абястлушчанага малака Міхаіл Шайко зьнешне досыць спакойна паставіўся да інфармацыі наконт звальненьня:
для мяне прынцып адбору кіраўнікоў для пакараньня незразумелы ...

“Прыйдзе афіцыйная папера — значыць, забяру працоўную кніжку й пайду. Заўсёды лічыў: калі кагосьці прызначаюць на пасаду, то перад гэтым кагосьці звальняюць. Ня ведаю, што думаюць астатнія, але для мяне прынцып адбору кіраўнікоў для пакараньня незразумелы. Чамусьці ўсе — акцыянэрныя таварыствы. Чамусьці ўсё прадстаўлена так, што мы самыя злосныя парушальнікі”.

Дырэктар апавёў, што на складзе на пачатку месяца знаходзілася 237 тон сухога малака. Гэта сапраўды перавышае яго месячную вытворчасьць. Але ў гэтых складзкіх запасах — 60 тон сухога малака, якое вернута з расейскай мяжы пасьля пачатку “малочнай вайны”. Прадаць больш прадукцыі на ўнутраным рынку немагчыма, бо ўведзены квоты.

***


Адмоўнае сальда зьнешняга гандлю Беларусі за першыя пяць месяцаў сёлета, паводле афіцыйнай статыстыкі, дасягнула рэкорднай адзнакі — 3,2 мільярда даляраў. Параўнальна з тым жа часам летась яно павялічылася ледзьве на ўдвая. Адмоўнае сальда амаль зраўнялася з золатавалютнымі запасамі Беларусі, якія на 1 ліпеня складалі 3,8 мільярда даляраў. Кіраўнік аналітычнага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук тлумачыць суадносіны гэтых паказьнікаў у цяперашняй сытуацыі:

Яраслаў Раманчук
“Рэзэрвы, па сутнасьці, адлюстроўваюць тыя крэдыты, якія мы атрымоўваем. А сальда — гэта тая хуткасьць, зь якой мы патрапляем у крызіс зьнешняга балянсу. І да той пары, пакуль сальда будзе пагаршацца, няма ніякай магчымасьці падтрымаць стабільны беларускі рубель. І таму патрэбна будзе дэвальвацыя, каб зноў не патрапіць у даўгавую пастку. Каб не атрымалася так, што новыя пакаленьні беларусаў вымушаныя будуць працаваць над памылкамі цяперашняга ўраду”.

Днямі старшыня Нацыянальнага банку Беларусі Пётар Пракаповіч расказаў, як сёлета галоўны банк краіны спрабаваў зьменшыць імпарт праз павелічэньне працэнтных ставак:

Пётра Пракаповіч
“Гэта адзіны наш манэтарны фактар, які мы скарысталі — высокія працэнтныя стаўкі, каб стрымліваць імпарт. Лішні імпарт тавараў у Беларусь. Каб зьмяншаць выдаткі золатавалютных запасаў на лішні імпарт”.

Завоз замежных тавараў у Беларусь значна скараціўся. Параўнальна зь мінулым годам — на траціну. Але экспарт упаў яшчэ больш — на 48%. Урад тым не меней заяўляе пра павелічэньне беларускага экспарту ў колькасным вымярэньні. Аднак пры гэтым не гаворыцца, што кошты экспарту значна зьмяншаецца. На суадносіны зьвярнуў увагу амбасадар Польшчы Генрык Літвін, калі адказваў на пытаньне пра гандаль паміж дзьвюма краінамі:

Генрык Літвін
“Гэта залежыць ад таго, хто як лічыць. Мы лічым трохі інакш, чым беларускія структуры. Калі лічыць так, як патрэбна, а менавіта — па коштах, якія пералічаныя ў эўра ці даляры, — то сёлета існуе спад дзесьці ў памерах 15%. Але калі лічыць па колькасьці тавараў, то тады зьявіцца нават маленькі рост. І менавіта пра такі падыход казаў наш віцэ-прэм’ер Паўляк падчас варшаўскага форуму. І я проста карыстаюся ягонай інфармацыяй”.

Эканаміст Яраслаў Раманчук перакананы, што лічбам беларускай статыстыкі асабліва давяраць нельга:

“Калі параўнаць, напрыклад, памер беларускага экспарту ў Эўропу і памер імпарту з нашай краіны ў эўрапейскія краіны, то нідзе гэтыя лічбы не супадаюць. Гэта асабліва добра бачна на прыкладзе Галяндыі, якая была адным з нашых асноўных гандлёвых партнэраў. Але ж у галяндзкай статыстыцы тых лічбаў, якія дае беларуская, няма”.
XS
SM
MD
LG