Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРЭАТЫЎ. Тыдзень з блогерам ku_palinka


ku_palinka

ku_palinka

“АБЛОГА. ТЫДЗЕНЬ З БЛОГЕРАМ” — летні праект сайту “Свабоды”, аўтарскі агляд самых цікавых публікацый, камэнтароў, дыскусій у беларускай блогасфэры ад вядомых блогераў. Пяць разоў на тыдзень.

На гэтым тыдні цікавосткі ў фрэнд-стужцы, суполках Жывога Журналу і іншых плятформаў шукае і камэнтуе ku_palinka.

Сёньня, у апошнім маім аглядзе блогаў для Радыё Свабода, я ня буду напружваць сябе і разьбірацца ў насамрэч далёкіх ад мяне сацыяльна-палітычных і эканамічных тэмах. Сёньня, у апошні дзень перад адпачынкам, я аддамся тэме, у якой я калі ня рыба ў вадзе, то хаця б у сваёй талерцы. Гэта філялёгія і ўсё, што хоць нейкім ракам-бокам з гэтым зьвязана.

ЛІТАРАТУРНЫ КРЭАТЫЎ


Як зацеміла ptushka, “адкаркавалі другую палову лета”… Вось так заўжды: чакаеш, пакуль гэтая сэсія пройдзе, падрыхтоўкі, уступныя іспыты — і пачнецца лета! А насамрэч, як скончацца гэтыя іспыты — то ўжо і лету канец… Неўзабаве ўжо Ільля ў ваду пасікае, дык і не пакупаесься…

Зь лёгкай падачы euga (ня ў фрызьбі, праўда :) з допісамі пра лёгкае чытво і курортныя раманы пайшло вандраваць па сеціве абмеркаваньне пытаньня: ці павінен у Беларусі зьявіцца свой бульварны раман з пасьцельнымі сцэнамі і хэпі-эндамі? Толькі не сур’ёзны і інтэлектуальны, а такі, звычайненькі, пад Даніэлу Стыл.

Гэтаму пытаньню прысьвяціла артыкул “Нашы летнія раманы” Адэля Дубавец. У артыкуле гучаць погляды літаратарак Аксаны Бязьлепкінай, Жанны Капусты, Ганны Кісьліцынай, Марыйкі Мартысевіч і старшыні СПБ, якому, дарэчы, на днях споўнілася 75 гадоў, Алеся Пашкевіча. Натуральна, 75 — Саюзу беларускіх пісьменьнікаў, а не яго старшыні.

Дык вось, дзіўнае пытаньне. Натуральна, каб у Беларусі літаратура разьвівалася натуральным чынам, такі раман мусіў бы зьявіцца. Але ж у нас яна разьвіваецца штучна, тымі людзьмі, хто адмыслова, уласнымі намаганьнямі вывучыў мову і для такіх жа самаўдасканаленых і піша свае тэксты. Практычна не існуе беларускамоўнай мэтавай аўдыторыі, якая б з задавальненьнем спажывала танныя дэтэктыўчыкі, любоўныя раманчыкі і гісторыі пра вампіраў. А калі б быў попыт, то пісьменьнікі б не саромеліся гэтым займацца. Нават я з задавальненьнем пафрылансіла б такім чынам, чаму не?

Дарэчы, на прыродзе можна чытаць ня толькі любоўныя раманы, але і сур’ёзную навуковую літаратуру. Пры Енскім унівэрсытэце, што ў Нямеччыне, з 1586 году існуе батанічны сад, які па-ранейшаму выкарыстоўваецца пераважна ў акадэмічных мэтах. Як паведамляе aprilwitcz, “студэнтаў туды пускаюць бясплатна, і летам нашмат прыемней сядзець з кнігай там, чым у хай-тэк корпусе бібліятэкі”.



А вось проста неверагоднай эпічнасьці допіс voliafuko, у якім апісана штатная сытуацыя перад дзьвярыма звычайнай беларускай бібліятэкі. І ня столькі сама бабулька цікавая як тып, колькі той факт, што людзі яшчэ ходзяць у бібліятэкі і чытаюць кніжкі, асабліва летам, калі так плавяцца мазгі, асабліва ў час тэхнічнага прагрэсу і інфармацыйнага сьмецьця, параскіданага па розных СМІ і мас-мэдыя.

А ў якім месцы вам даспадобы чытаць улюбёныя кнігі? Пасьля допісу balachon я дакладна ведаю, дзе мне хочацца іх купляць.



Я проста ўявіць сабе не магу, як можна сысьці з падобнай кнігарні бяз кнігі. У гэтай сувязі ў маёй плыні сьвядомасьці наступны — урывак з будучай геніяльнай паэмы ад khadanovich пад назвай “Олівэр Твіст”:

Спыняць на касе — сябруй з галавой.
Скажаш, што гэта твой,
што носіш заўсёды з сабой,
бо рыхтуесься так да дыктовак.
Для даставернасьці можаш стырыць вунь той аловак.
Не расслабляйся, потым яшчэ ў прадуктовы.
Гатовы?



Шухер! Змывайся! Ды не туды.
З горкі і ў роў, празь дзяды…
Увесь у дзядах — гэта мінус.
Добра, паказвай, што вынес.
Кніжка? “Олівэр Твіст”?
Мне ў прэзэнт? Ты садыст?
Што мне рабіць з гэтым… Дыкінсам?
Мне без патрэбы. Выкінь сам.
Выбраў бы нешта з добраю назвай.
Схавай. Пацанам не паказвай!



МОЎНЫ КРЭАТЫЎ


Ад літаратурных практыкаваньняў пяройдзем да моўнага крэатыву.

“Паовлде внікыаў дсалдеаваьнняў андаго анеглськага уніеврстыэту, ня мае занчнэнья, у яікм прадаку рсасталеўны ліраты ў солве. Галўонае, каб прешая і ашопняя ліраты блыі на мсецы. Пычрыанй гатэму зьўяляцеца тое, што мы не чыатем коужню літрау па абоску, а всё солва цлакам”.

Прачытаўшы дадзены тэкст, bihi-puuk, які, хутчэй за ўсё, не далёкі ад рэдактарска-карэктарскай прафэсіі, расчараваўся ў сваёй справе і сышоў у адпачынак.

Ва ўкраінскай суполцы ua_mova нашы браты-славяне вышукваюць слова ці выраз, у якім бы ўтрымліваліся ўсе адметныя літары ўкраінскага альфабэту: І, Ї, Є, Ґ , а можа й апостраф. У камэнтарах я знайшла вось такую фразу, якая мяне шчыра ўсьміхнула: “її з’їли злії ґєї — усі шріфтодізайнерські проблемі з діакрітікою в наявності”.

Кожную новую мову чалавек успрымае празь сьмешныя для свайго вуха словы — міжмоўныя амонімы, ну да прыкладу, pukać — па-польску “грукаць”. А некаторыя так і ня могуць прызвычаіцца ўспрымаць ня мову, а сэнс, што пры дапамозе яе перадаецца. Пра такі фэномэн згадвае ў сваім ЖЖ czalex, прыводзячы цытату са словаў Арцёма Міляўскага: “Раней я хадзіў у кіно, але калі пачалі паказваць фільмы на ўкраінскай мове, хадзіць перастаў. Я ўсё разумею, але ня ведаю, як можна глядзець сур’ёзныя фільмы па-ўкраінску. Гэта сьмешна”. Магчыма, апрача мілагучнасьці і сэксуальнасьці, трэба вылучыць яшчэ адну тыпалягічную рысу “сьмешнасьць”?

Чарговая сьмешнасьць ад dyk_by у суполцы by_mova. Замест гістарычнага для любой каманды пад назвай “Дынама” сымбалю зь літарай “Д”, на швэдрах-цішотках хакеістаў, што будуць выступаць за менскую хакейную каманду, у наступным сэзоне будзе зубр.



Во як камэнтуе афіцыйнаму сайту выбар назвы дырэктар ХК Аляксандар Белы: “Мы ня толькі стварылі новы брэнд у выглядзе зубра, але і стварылі новы надпіс “Дiнамо”. Гэта падкрэсьлівае, што брэнд “Дінамо” не застыў з 50-х гадоў 20-га стагодзьдзя. Ён мадэрнізуецца, у ім зьяўляецца штосьці новае. Сьветам правіць прагрэс. На працягу доўгага часу мы раіліся з найлепшымі сусьветнымі PR-агенцыямі. Людзі будуць глядзець на новы брэнд. У іх зьявіцца шмат пытаньняў. Чым больш абмеркаваньняў, тым лепш для клюбу. Такі закон брэнду! Ні ў якім разе ня варта ўспрымаць гэта як пераход на беларускую мову. Не! Гэта дадаваньне беларускай часьцінкі ў брэнд “Дінамо”.

dyk_by: “На жаль, у слове „Дынама“ „у нескладовае“ няма куды ўсунуць. Праўда, калі доўгі час раіцца зь лепшымі піяр-агенцыямі сьвету, то, напэўна, можна прыдумаць… Цікава, ці падпадае такая назва пад закон аб артаграфіі беларускай? Калі так, выходзіць, спадара Белага першым судзіць будуць?..”

І калі меркаваць па тым, што пра новы брэнд і сапраўды сталі гаварыць на прасторах сеціва, то піяр-ход слушны. Што ўжо казаць пра страшна тупыя рэклямы мабільных апэратараў! Іх лаюць, а самі ціхенька адзначаюць: “А чаго — нішто такі піяр-ход…”

А ці ня сьмешна тое, што ў амбасадзе Рэспублікі Беларусь у Швэцыі ніводзін з супрацоўнікаў ня ведае ані беларускай, ані швэдзкай мовы? Ці тое, што ніводная беларуская турфірма ня возіць туры, напрыклад, у Ірляндыю?

Так што ў вылучэньні крытэру сьмешнасьці або, хутчэй, абсурднасьці быцьця ёсьць свая рацыя.

Але скончу сваю аблогерскую эпапэю на “Свабодзе” допісам, які займае першае месца ў топе допісаў маёй фрэндстужкі за гэты тыдзень. Ён скажа вам пра мяне больш, чым усе мае агляды разам узятыя.

СЭКС-ТЭКСТ


Суцешыць мяне могуць толькі сэкс ды тэкст, бо, у прынцыпе, чыняцца яны па адным і тым жа законе. У добра зладжаны тэкст уваходзіш, як у жанчыну. І наадварот, кожная жанчына — тэкст. Часьцей — бесьсюжэтная плынь сьвядомасьці. Але ня ў тым справа. У працэсе ён парадкуецца, наладжваецца. І крытэр якасьці для мяне — і для таго, і для другога — глыбіня. Пішу, блін, з цалкам сур’ёзным выглядам. Але зараз разрагачуся. Прыдурак, які завалены адно кнігамі… ))) z-dyht.
XS
SM
MD
LG