Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Жыцьцё і сьмерць мітаў: Сялянская нацыя


Удзельнічае гісторык Захар Шыбека Эфір 16 ліпеня 2009 году

Нацыя — такі тып супольнасьці, які патрабуе разьвітай і шырока распаўсюджанай нацыянальнай сьвядомасьці. Калі этнас (народ) — гэта твор прыродны, то нацыя — твор грамадзкі, народжаны сацыяльнымі ўяўленьнямі.

Адным з шырока распаўсюджаных уяўленьняў пра беларусаў ёсьць тое, што яны зьяўляюцца сялянскай нацыяй. Тым самым падкрэсьліваецца незавершанасьць працэсу ўтварэньня нацыі.


Захар Шыбека
Вячаслаў Ракіцкі

Вячаслаў Ракіцкі: Што ўвогуле маецца на ўвазе, калі даецца такое вызначэньне — сялянская нацыя?

Захар Шыбека: Гэтае паняцьце можна разумець у трох аспэктах: сацыяльным, калі сяляне складаюць большасьць; культурна-інтэлектуальным, калі сялянская мэнтальнасьць і культурная традыцыя пераважаюць, і, нарэшце, у палітычным аспэкце, калі нацыянальны праект, або нацыянальная ідэя, падладжваецца пад сялянскую адметнасьць (інтарэсы, культуру, сьветабачаньне).

Ракіцкі: Калі ж склалася беларуская сялянская нацыя? Існуе меркаваньне, што сялянскай яна была спрадвеку. Гэта міт ці рэальнасьць?

Шыбека: Што тычыцца беларускага этнасу, які ўзьнік у ХІІІ стагодзьдзі, то ў сацыяльным пляне — гэта сапраўды так. Сяляне складалі ў ім абсалютную большасьць. Толькі ў гэтым нічога дрэннага няма. Такі ж сацыяльны склад мелі ўсе народы даіндустрыяльных грамадзтваў. Урэшце, усе нацыі — сялянскага паходжаньня. Як і іншыя сялянскія этнасы, беларускі этнас недзе з ХIV стагодзьдзя спарадзіў устойлівую сацыяльную разнастайнасьць: эліту грамадзтва (вядомых асьветнікаў, шляхту, купецтва, духавенства) і сярэднія пласты грамадзтва, ці трэцяе саслоўе (рамесьнікі, гандляры, разначынцы). Каля 10 адсоткаў насельніцтва ў Вялікім Княстве Літоўскім прыходзілася на шляхту. Беларускі этнас спарадзіў і элітарную культуру.
У культурным і мэнтальным пляне беларускі этнас у ВКЛ ня быў выключна сялянскім.
У культурным і мэнтальным пляне беларускі этнас у ВКЛ ня быў выключна сялянскім.

Ракіцкі: Некаторыя гісторыкі сьцьвярджаюць, што пасьля самай крывавай для Беларусі вайны з Масковіяй у сярэдзіне ХVII стагодзьдзя беларускі этнас згубіў сваю эліту. Маўляў, аграрная арыстакратыя спаланізавалася, гарады сталі габрэйскімі, і толькі шырокім слаям сялянства было наканавана захоўваць беларускую традыцыю. Гэта так, ці не?

Шыбека: Мяркую, што — не. Беларускі этнас ня стаў ад таго ў далейшым сялянскім. Спаланізаваная шляхта заставалася этнічна беларускай. З сялянствам яе лучылі адна дзяржава, этнічная тэрыторыя. Ні іншая мова, ні іншая рэлігія не разбуралі этнас. У духоўным пляне і да ХVII стагодзьдзя, і пасьля яго эліта (пераважна буйная і сярэдняя шляхта) заставалася ізаляванай ад сялянства і толькі карысталася здабыткамі яго працы. Як і іншыя саслоўі, сялянства жыло адасобленым жыцьцём, у межах сваёй лякальнай традыцыі і лякальнай культуры. Да таго ж сярэдняя і дробная шляхта заставалася пераважна беларускамоўнай. Тут ня варта распаўсюджваць на этнас нацыянальную сьвядомасьць, характэрную для нацыі. На этапе нацыятворчасьці эліты звычайна вярталіся да сваіх этнічных каранёў. Беларускі этнас да пэрыяду ўступленьня яго ў фазу нацыятворчасьці падрывалі маскоўскі генацыд і маскоўска-расейскія захопы беларускіх этнічных тэрыторыяў, а не паланізацыя і акаталічваньне. Нават у пачатку ХХ стагодзьдзя, калі рэсурсы ідэалягічнага ўзьдзеяньня ўзрасьлі, польскія ўлады адмовіліся ўлучаць у адроджаную Польшчу ўвесь беларускі народ, бо пабаяліся, што ня змогуць паланізаваць яго, а таму падзяліліся беларускімі землямі з савецкай Расеяй.

Ракіцкі: У канцы ХVIII cтагодзьдзя, якраз тады, калі ў Эўропе пачалі складвацца сучасныя нацыі, беларускія землі былі захоплены Расеяй. Царскі ўрад разглядаў беларусаў як этнічны матэрыял для вялікарускай нацыі, а таму мэтадычна вынішчаў нацыянальную эліту. Ці паўплывалі гэтыя працэсы на фармаваньне беларускай нацыі як сялянскай?

Шыбека: Зразумела, што нацыянальная палітыка царызму, спаланізаванасьць аграрнай эліты, адсутнасьць значнай колькасьці беларускай буржуазіі не спрыялі нацыянальнаму самасьцьвярджэньню беларусаў. Фармаваньне беларускай нацыі ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ў складзе Расеі сапраўды ішло пераважна на сялянскай аснове.
Фармаваньне беларускай нацыі ў ХІХ — пачатку ХХ стагодзьдзя ў складзе Расеі сапраўды ішло пераважна на сялянскай аснове.
І ня дзіўна. Паводле перапісу насельніцтва ад 1897 году, сяляне складалі каля 90 % жыхароў цяперашніх беларускіх зямель. Але працэс нацыятворчасьці ўсё ж не абмяжоўваўся сялянскай масай. Ён быў больш разнастайным. Дзейсны ўдзел у ім прымала дробная шляхта, асобныя памешчыкі, духавенства, мяшчане. Сярод прыхільнікаў беларускай ідэі (“гоманаўцаў” і “нашаніўцаў”) былі габрэі. Падчас перапісу 1897 году больш за 8 тысяч прадстаўнікоў інтэлігенцкіх прафэсіяў назвалі беларускую мову роднай.

Ракіцкі: А што дрэннага ў тым, што нацыя фармавалася на сялянскай аснове? Прыкладам, сялянская аснова стварала добры фундамэнт для нацыянальнага дому фінаў, эстонцаў, латышоў ды і літоўцаў. Яны ж ня мелі амаль нічога, акрамя сялянскага этнічнага матэрыялу, але пасьпяхова стварылі сучасныя нацыі.

Шыбека: Нічога дрэннага, больш за тое — шлях нацыятворчасьці ад сялянскага этнасу да этна-культурнай нацыі і нацыянальнай дзяржавы ўяўляецца больш заканамерным і дае больш надзейныя вынікі, чым шлях нацыятворчасьці ў адваротным накірунку: імпэрская дзяржава — палітычная нацыя. Гісторыя паказвае няўстойлівасьць палітычных, як правіла, імпэрскіх паводле свайго паходжаньня, нацыяў. Напрыклад, сэпаратызм у Англіі і Гішпаніі тлее дагэтуль. Беларуская нацыя, ва ўлоньні царскай Расейскай імпэрыі, фармавалася адпаведна першаму сцэнару. І ўмовы тады былі намнога больш спрыяльнымі, чым у часы сталінізму.

Ракіцкі: Аднак, як кажуць у адзін голас вучоныя, беларускія сяляне, у адрозьненьне ад іншых, чамусьці мелі нізкую нацыянальную сьвядомасьць, ці зусім яе не мелі. Дык што гэта былі за сяляне? Атрымліваецца, што ў адрозьненьне ад іншых, яны аказаліся не прыдатнымі для фармаваньня беларускай нацыі?

Шыбека: Выходзіць — так. Па-першае, не было нацыі, а тым больш — сялянскай нацыі. З аднаго боку, захоўваўся беларускі этнас, які царызму не ўдалося русыфікаваць, а з другога — распрацаваны “нашаніўцамі” праект стварэньня беларускай нацыі, які сяляне амаль не падтрымлівалі.

Ракіцкі: Але чаму? Нацыянальны беларускі праект быў жа праектам сялянскай нацыі, створаным, здавалася б, з максымальным улікам сялянскіх інтарэсаў.

Шыбека: У індыфэрэнтнасьці сялянаў можна, зразумела, вінаваціць царызм. І гэта будзе слушна. Але калі быць больш самакрытычнымі, то, можа, прычына адчужанасьці народу ад беларускага нацыянальнага праекту хаваецца і ў тэарэтычных памылках яго аўтараў? Справа ў тым, што гэты праект быў малапрэстыжным, не столькі сялянскім, колькі плебейскім, разьлічаным на беднякоў (паўпэраў). Зь енкам і плачам пра гаротную долю сялянаў ім прапаноўвалася заставацца сялянамі, задавальняцца малым (сацыяльнай роўнасьцю), а яны, можа, хацелі быць панамі. Беларускі праект быў агістарычным, не абапіраўся на гістарычную традыцыю. Сялянам прапаноўвалі стаць беларусамі, а яны, можа, былі літвінамі ды русінамі, і таму хаваліся за тутэйшасьцю. У гістарычнай памяці народу, паводле сьведчаньня Янкі Станкевіча, захоўваўся назоў дзяржавы Літва (ВКЛ), а назоў Беларусь выглядаў штучным і чужым. Тадэвуша Касьцюшку і Кастуся Каліноўскага, на штандарах якіх яшчэ была Літва, сяляне часткова падтрымлівалі, а за народнікамі 1870-1880-х гадоў, “нашаніўцамі”, дзеячамі БНР амаль не ішлі. Так што, у дыскурсе нацыянальнага праекту пад назвай “Беларусь” нацыянальная сьвядомасьць у сялянаў была, сапраўды, нізкай. У той жа час пашыранасьць сярод іх усьведамленьня пра сваю тутэйшнасьць пра многае кажа. Тутэйшасьць — першасная і альтэрнатыўная форма нацыянальнай сьвядомасьці.
Тутэйшасьць — першасная і альтэрнатыўная форма нацыянальнай сьвядомасьці.
Гэта — сьведчаньне, так бы мовіць, стыхійнай нацыятворчасьці.

Ракіцкі: Атрымліваецца, што ні сялянская, ні якая іншая нацыя ў складзе царскай Расеі так і ня ўзьнікла. Дык можа беларускім нацыянал-камуністам удалося павесьці за сабой сялянства і запачаткаваць беларускую сялянскую нацыю пасьля бальшавіцкага перавароту ў 1917 годзе?

Шыбека: Маеце рацыю. У БССР 1920-х гадоў быць беларусам стала бясьпечна і нават выгадна. У беларускі праект упляталася камуністычная ілюзія пра шчасьлівае жыцьцё. Плач замяняўся верай у сьветлую будучыню і надзеяй ва ўмовах НЭПу стаць чырвонымі панамі. Таму ідэю беларускай камуністычнай нацыі ў асноўнай сваёй масе прымалі сяляне як БССР, так і Заходняй Беларусі. Падзеленасьць беларускіх зямель толькі спрыяла росту нацыянальнай сьвядомасьці. На працягу 1920-х гадоў паўсталі рэальныя контуры беларускай камуністычнай нацыі, якая была тады сапраўды сялянскай і ў сацыяльным, і ў культурным, і ў палітычным сэнсах. Буржуазія вынішчалася. Індустрыялізацыя і ўрбанізацыя беларускія землі тады яшчэ не кранулі.

Ракіцкі: А як жа гэта стасавалася з галоўным бальшавіцкім пастулятам пра дыктатуру пралетарыяту?

Шыбека: Беларускія нацыянал-камуністы доўга не хацелі ўключаць у канстытуцыю БССР марксісцкае палажэньне пра дыктатуру пралетарыяту, спасылаючыся перадусім на сялянскасьць беларускай нацыі.
Беларускія нацыянал-камуністы доўга не хацелі ўключаць у канстытуцыю БССР марксісцкае палажэньне пра дыктатуру пралетарыяту, спасылаючыся перадусім на сялянскасьць беларускай нацыі.
Аднак зьяўленьне ў 1920-х гадах зародкаў беларускай камунізаванай нацыі нагадвала заўчасныя роды, справакаваныя расейскімі бальшавікамі, каб пагубіць неданошанае дзіця. Сталіністы вынішчалі ня толькі нацыянальную інтэлігенцыю, але і заможнае сялянства. Рэшту сялянаў ператварылі ў калгасьнікаў, вярнулі да прыгонных парадкаў. У выніку рэпрэсіяў зародкі нацыі зьніклі. Застаўся скалечаны беларускі этнас, які стаў выключна паўпэраўскім (калгасным). Беларусазнаўца з Польшчы Рышард Радзік называе яго “саветызаванай этнічнай сялянскасьцю”. Паўнавартасны сялянскі этнас захоўваўся толькі ў Заходняй Беларусі.

Ракіцкі: Але паралельна, ці нават разам з высілкамі ў фармаваньні сялянскай нацыі бальшавікі вялі сваю нацыянальную палітыку, у аснове якой былі ня мова ці культурная, побытавая традыцыя, а тыя ж камуністычныя догмы. Як выявілася гэта ў беларусаў?

Шыбека: Пасьля вайны ў ходзе савецкай індустрыялізацыі БССР працэс насаджэньня савецкай сьвядомасьці істотна ўзмацніўся. Побач з новай палітычнай нацыяй (савецкі народ) была створана савецкая беларуская нацыя, вельмі канфармісцкая і нетрывалая. Дакладней — прывід этна-культурнай нацыі, бо савецкая сьвядомасьць дамінавала ў ёй над нацыянальнай Паводле свайго сацыяльнага складу, гэта была калгасная (вясковая) нацыя; паводле сваёй мэнтальнасьці і культуры — таксама, хоць з 1970-х гадоў бальшыня насельніцтва БССР пражывала ў індустрыялізаваных гарадах.

Ракіцкі: Чаму?

Шыбека: Ды таму, што гарадзкія навасёлы, у тым ліку і партыйныя лідэры, заставаліся ў мэнтальным і культурным пляне вяскоўцамі-калгасьнікамі.
Пасьляваенны праект савецкай беларускай нацыі быў плебейскім і задавальняў плебеяў.
Пасьляваенны праект савецкай беларускай нацыі быў плебейскім і задавальняў плебеяў. Яго падставовымі ідэямі зьяўляліся сацыяльная роўнасьць, стабільнасьць, мірнае жыцьцё, нібыта немагчымыя без Расеі і мудрага кіраўніцтва бальшавікоў.

Ракіцкі: Значыць, пасьля вынішчэньня бальшавікамі сялянства гаварыць пра сялянскую нацыю не прыходзіцца. Паўстала калгасная нацыя, а гэта відавочна зусім іншае. Якія ж пэрспэктывы ў выжываньні беларусаў як нацыі цяпер, калі сялянства, што зьяўляецца асновай для натуральнай нацыятворчасьці, зьнікла?

Шыбека: Пасьля атрыманьня дзяржаўнай незалежнасьці ў Беларусі ідзе даволі спэцыфічны працэс разбурэньня калгасна-вясковай нацыі і фармаваньня на яе руінах гарадзкой. Новая беларуская нацыя ўзьнікае як як палітычная нацыя не на аснове сялянаў, а на аснове гараджанаў. У гэтым — адметнасьць запозьненага нацыятворчага працэсу Беларусі, яго нетыповасьць для Эўропы. Аднак у гэтым ёсьць і перавага — эканоміцца час. Гарадзкая ідэнтычнасьць у былых сялянаў ужо склалася (гэта значыць, успрыманьне гораду як роднага, як сваёй малой радзімы), і яна адразу перарастае ў нацыянальную. Другая асаблівасьць нацыятворчага працэсу ў Беларусі палягае ў тым, што ён зьдзяйсьняецца ў большай ступені дзякуючы гораду, а не дзяржаве. Горад, зь яго жорсткім эканамічным рацыяналізмам і пэўнай гарантыяй для ўзбагачэньня, апярэджвае дзяржаву, ачышчае людзей ад саветызму нават насуперак волі прасавецкага кіраўніцтва. Паўтараецца сытуацыя, што існавала ў царскай Расеі, калі пазбаўлены дзяржаўнасьці народ тварыў нацыю стыхійна, самадзейна, называючы сябе тутэйшым.

Ракіцкі: Але наколькі жыцьцядзейная так хутка і штучна сфармаваная гарадзкая нацыя з адрынутым сялянскім падмуркам?

Шыбека: Пакуль што горад разбурае вёску, сьцягвае да сябе вяскоўцаў, абязьлюджвае беларускія прасторы. Гараджане звысоку глядзяць на вяскоўцаў. Але, думаю, гарадзкія фанабэрыя, снабізм хутка пройдзе і ўзьнікне разуменьне, што пара вяртацца з гарадоў да зямлі, каб утрымаць гэты скарб у руках беларускай нацыі.
Новая беларуская нацыя мусіць мець повязь зь мінулым і хоць бы трошкі, але абавязкова быць сялянскай.
Новая беларуская нацыя мусіць мець повязь зь мінулым і хоць бы трошкі, але абавязкова быць сялянскай.

Ракіцкі: У чым шкоднасьць міту пра беларусаў як сялянскую нацыю? Што тут трэба захаваць, а ад чаго адмовіцца ці нават разбурыць?

Шыбека: Гэты міт узьнік у эпоху калянізацыі беларускіх зямель спачатку Расеяй, а ў пачатку ХХ стагодзьдзя і Польшчай, каб паказаць няздатнасьць беларусаў стварыць нацыянальную эліту, высокую нацыянальную культуру, сваю нацыянальную дзяржаўнасьць. Падтрымліваўся ён і бальшавіцкімі захопнікамі. А з мэтай дыскрэдытацыі нацыянальнай ідэі выкарыстоўваецца дагэтуль. У ім — прыніжэньне беларусаў, але і самапрыніжэньне. Сялянства атаесамляецца з калгасьнікамі, цемнатой, прымітывізмам, з усім адмоўным. Гэта — комплекс непаўнавартасьці і правінцыйнасьці, гэта — праява посткаляніяльнага сындрому, гэта — перажытак грэблівасьці расейскага гораду да беларускай вёскі і вяскоўцаў. Новай беларускай нацыі пара ад усяго гэтага адмовіцца і з павагай ставіцца да сваіх вытокаў: ня толькі да шляхты, але і да сялянства.
  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG