Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіча падазраюць у тэрарызме


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

У дачыненьні да ваўкавыскага прадпрымальніка Мікалая Аўтуховіча ўсчатая яшчэ адна крымінальная справа — яго падазраюць у тым ліку ў падтыхтоўцы тэракту. Гэта вынікае з заявы Міністэрства ўнутраных спраў, паведамляе БелаПАН.

“23 чэрвеня 2009 году галоўнай сьледчай управай папярэдняга расьсьледаваньня МУС Рэспублікі Беларусі ў дачыненьні да Аўтуховіча М. І іншых асобаў усчатая крымінальная справа паводле артыкулу 359 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 КК Беларусі)”, — гаворыцца ў заяве.

Прыводзім тэкст заявы.

У сродках масавай інфармацыі апошнім часам актыўна асьвятляецца тэма, зьвязаная з затрыманьнем і прыцягненьнем да крымінальнай адказнасьці прадпрымальніка Аўтуховіча і шэрагу іншых асобаў у сувязі зь іхнай, нібыта, актыўнай палітычнай дзейнасьцю. У сувязі з гэтым Міністэрства ўнутраных спраў лічыць магчымым паведаміць наступнае.

У сакавіку 2009 году ў часе правядзеньня апэратыўна-вышуковых мерапрыемстваў Галоўнай управай па барацьбе з арганізаванай злачыннасьцю МУС (ГУБАЗ) была атрыманая інфармацыя пра датычнасьць ваўкавыскага прадпрымальніка Аўтуховіча М. да падпалаў маёмасьці ўлетку і ўвосень 2005 году, якая належала адказным асобам Ваўкавыскага раёну, у прыватнасьці, былому начальніку Ваўкавыскага РАУС Кацубу і работніку інспэкцыі Міністэрства па падатках і зборах па Ваўкавыскім раёне Мандрыку.

Гэтыя факты знайшлі сваё пацьверджаньне ў выніку праверкі атрыманай інфармацыі.

8 лютага 2009 году ў часе правядзеньня сьледчых дзеяньняў у крымінальнай справе па фактах шкоды і зьнішчэньня маёмасьці грамадзянаў, учыненых грамадзка небясьпечным чынам, Аўтуховіч, Асіпенка і Лявонаў былі затрыманыя і зьмешчаныя ў сьледчы ізалятар. Пазьней пазначаным асобам былі выстаўленыя абвінавачаньні ва ўчыненьні злачынства, прадугледжанага часткамі 3 і 2 артыкулу 218 Крымінальнага кодэксу.

Адначасова ў поле зроку ГУБАЗ трапіў грамадзянін Л. як асоба, якая мае падтрыхтоўку па абыходжаньні з зброяй і выбуховымі рэчывамі. У выніку праведзеных сьледчых дзеяньняў былі атрыманыя доказы датычнасьці Л. да ўчыненьня цяжкіх злачынстваў у Гарадзенскім рэгіёне з выкарыстаньнем зброі й выбуховых рэчываў.

У працэсе далейшай сьледчай працы пазначаныя злачынствы былі дасьледаваныя ў сукупнасьці, у выніку чаго ўсталяваныя факты арганізацыі Аўтуховічам падрыхтоўкі да фізычнай ліквідацыі старшыні Гарадзенскага аблвыканкаму Саўчанкі з мэтай уплываць на рашэньні, што прымаюцца дзяржаўнымі органамі, а таксама дзеля помсты. Апроч таго, было ўсталявана, што ўлетку і ўвосень 2005 году Аўтуховіч зь іншымі асобамі дзеля помсты рыхтавалі замах на жыцьцё намесьніка старшыні міністра па падатках і зборах Каменкі.

23 чэрвеня 2009 году галоўнай сьледчай управай папярэдняга расьсьледаваньня МУС Рэспублікі Беларусі ў дачыненьні да Аўтуховіча і іншых асобаў усчатая крымінальная справа паводле артыкулу 359 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь (тэрарыстычны акт) у выглядзе падрыхтоўкі (арт. 13 КК Беларусі).
Мікалай Аўтуховіч
нарадзіўся 7 студзеня 1963 г. у Ваўкавыску. Пасьля школы закончыў СПТВ-37 у суседняй Вялікай Бераставіцы, стаў мэханікам па рамонце аўтамабіляў. У 1981 годзе яго забралі ў армію, служыў кіроўцам у ракетных войсках стратэгічнага прызначэньня ў Саратаўскай вобласьці Расеі. Пазьней закончыў школу прапаршчыкаў, папрасіўся служыць у Аўганістан. За ахову мосту пад Кандагарам, ды ўдзел у іншых апэрацыях узнагароджаны ордэнам Чырвонай зоркі, двума мэдалямі — “За адвагу” і “За баявыя заслугі”. Звольніўся з арміі ў 1991 годзе ў званьні старшага прапаршчыка, стаў займацца бізнэсам.

Увосень 2003 году больш за два тыдні трымаў галадоўку супраць таго, што падатковая служба арыштавала таксоўкі, а міністэрства транспарту прыпыніла дзеяньне ліцэнзіі на пасажырскія таксаперавозкі ягонай фірме. Да яго далучыліся кіроўцы і дыспэтчары, усяго галадалі больш за 30 чалавек.

Вясной 2005 году 31 дзень трымаў галадоўку супраць арышту аўтамабіляў і блякаваньня рахунку фірмы. Разам зь ім трымалі галадоўку болей за 35 чалавек.

Быў аршытаваны 14 кастрычніка 2005 г., зь першага дня арышту 74 дні трымаў галадоўку. Быў асуджаны 7 ліпеня 2006 г. на тры гады і шэсьць месяцаў з канфіскацыяй маёмасьці за ухіленьне ад выплаты падаткаў і за ажыцьцяўленьне прадпрымальніцкай дзейнасьці без рэгістрацыі і атрыманьня ліцэнзіі. 18 студзеня 2008-га яму замянілі зьняволеньне на папраўчыя работы па месцы жыхарства.

Зноў быў арыштаваны 8 лютага 2009 г. Яму выставілі абвінавачаньне ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Між тым за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек, а сам пацярпелы ня мае да Аўтуховіча прэтэнзій. Таксама яго падазраюць у захоўваньні зброі. Ад 16 красавіка да 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч трымаў галадоўку пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы і патрабаваньнем, каб яе або перадалі ў суд, або вызвалілі яго й ягоных сяброў.

З 4 да 15 траўня галадоўку салідарнасьці з ваўкавыскімі вязьнямі трымалі моладзевыя актывісты.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG