Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чаму Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у маскоўскіх скачках?


Новая перадача сэрыі “Экспэртыза Свабоды”. (эфір 17-га ліпеня) Аляксандар Лукашэнка не паехаў на саміт СНД у Маскву. У чым сэнс гэтага мерапрыемства? Якія прычыны такога дэмаршу прэзыдэнта Беларусі? Чаму Лукашэнка паводзіць сябе ўсё больш упэўнена і незалежна ў дыялёгу з Расеяй? Удзельнікі: дацэнт Маскоўскага дзяржаўнага інстытуту міжнародных дачыненьняў Кірыл Коктыш з Масквы і палітоляг Андрэй Фёдараў зь Менску.

У чым сэнс гэтага саміту СНД?

Валер Карбалевіч: “Нефармальны саміт СНД стаў ужо звыклым рытуалам. Можна казаць, што гэта рытуал у квадраце, бо само СНД даўно ператварылася ў арганізацыю з рытуальнымі функцыямі. А на ваш погляд, у чым сэнс гэтага мерапрыемства?”

Кірыл Коктыш
Кірыл Коктыш:
“Гэта нефармальная сустрэча, якая дазваляе прэзыдэнтам у працоўным парадку абмеркаваць некаторыя пытаньні. Гэта клюбная пляцоўка для кулюарных дамоўленасьцяў. Такія сустрэчы — звычайная рэч у палітыцы. Напрыклад, G8 — гэта такі ж клюб.

Напярэдадні цяперашняга нефармальнага саміту Масква адзначала, што не надае яму асаблівага значэньня. То бок гэта нефармальны саміт у квадраце”.

Андрэй Фёдараў: “Гэта шостая сустрэча такога кшталту, яны пачаліся ў 2004 г. Тады ў Масквы былі спадзяваньні на большую эфэктыўнасьць СНД. Але гэтыя спадзевы не апраўдаліся. Ня ўсе прэзыдэнты краін СНД прыязджаюць на такія саміты, але Лукашэнка заўсёды на іх прысутнічаў. Гэта даніна традыцыі”.

Чаму Лукашэнка не паехаў у Маскву?

Карбалевіч: “Адмова Лукашэнкі ехаць на саміт выглядае нечаканай. У чым прычыны такой пазыцыі?”

Коктыш: “Паміж Беларусьсю і Расеяй цяпер не існуе стратэгічнага парадку дня, для вырашэньня якога патрэбна была сустрэча прэзыдэнтаў. І Менск, і Масква зрабілі стаўку на свае стратэгіі. Масква будуе нафтаправоды і газаправоды ў абход Беларусі. У выніку гэтага Расея зьменшыць сваю транзытную залежнасьць ад Беларусі.

А Беларусь увайшла ва “Ўсходняе партнэрства” — праект, мэта якога — павышэньне залежнасьці Расеі ад транзытных краін Усходняй Эўропы. Гэтыя стратэгіі ўзаемавыключальныя. Пакуль незразумела, ці прынясуць яны жаданыя вынікі. Таму пакуль няма чаго абмяркоўваць”.

Андрэй Фёдараў
Фёдараў:
“Калі няма чаго абмяркоўваць, то можна было прадэманстраваць павагу да Крамля. Некаторыя беларускія экспэрты выказалі меркаваньне, што адмова Лукашэнкі ехаць у Маскву стала помстай Мядзьведзеву за ягоную адмову прыехаць у Менск на сьвяткаваньне Дня Незалежнасьці. Але гэта выглядала б неяк па-дзіцячаму.

Думаю, галоўнай прычынай адмовы Лукашэнкі ехаць у Маскву сталі напружаныя адносіны паміж краінамі і іх кіраўнікамі. Можна ўзгадаць, што ў нядаўнім інтэрвію аўстрыйскай газэце Die Presse Лукашэнка на пытаньне, ці доўга ён будзе памятаць адмову Расеі выдаць апошнюю траншу крэдыту, сказаў, што запомніць назаўсёды.

Расейская газэта “Ведомости” пісала, што тыя прэзыдэнты, якія прыедуць у Маскву, атрымаюць падарункі ў выглядзе грошай з антыкрызіснага фонду ЭўрАзЭС.

Але на гэтым саміце будуць прысутнічаць прэзыдэнты Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. І, магчыма, ад Лукашэнкі патрабавалі б, каб ён паціснуў ім рукі публічна, паабяцаў іх прызнаць. І толькі пасьля гэтага абяцалі выдзеліць крэдыт. Таму ў Лукашэнкі было шмат падстаў, каб ня ехаць”.

Карбалевіч: “Невядома, ці была заплянаваная сустрэча паміж Лукашэнкам і Мядзьведзевым. Калі не, то сапраўды сэнсу ехаць туды не было ніякага”.

Атрымаўся дэмарш

Карбалевіч: “Якія б ні былі прычыны адмовы Лукашэнкі ехаць у Маскву, у любым выпадку — гэта дэмарш. Ці можна лічыць гэта паказьнікам таго, што Менск становіцца больш незалежным ад Крамля, больш упэўненым у дыялёгу зь ім? Мінулым разам Лукашэнка адмовіўся ўдзельнічаць у саміце АДКБ, цяпер — у саміце СНД. Калі так, то на чым грунтуецца такая незалежнасьць?”

Коктыш: “Лукашэнка не ўпершыню сябе так паводзіць, дэманструе ўпартасьць. Але адна справа — дэманстраваць незалежнасьць, іншая справа — быць сапраўды незалежным. У крызіс Беларусь набрала шмат крэдытаў і ў Расеі, і на Захадзе. І калі дасюль была толькі залежнасьць ад Расеі, то цяпер Беларусь ужо залежная і ад Захаду”.

Карбалевіч: “Але калі павышаецца залежнасьць ад розных крэдытораў, то ў суме атрымоўваецца большая незалежнасьць”.

Коктыш: “Калі толькі гэтыя крэдыторы не дамовяцца па беларускім пытаньні. А гэта ня выключана”.

Фёдараў: “Сапраўды, гэта больш дэманстрацыя незалежнасьці, чым сама незалежнасьць. Насамрэч залежнасьць Беларусі ад Расеі вялікая. Каля паловы нашага экспарту ідзе ў Расею. У гандлі з Расеяй Беларусь мае вялізны дэфіцыт, які расьце.

Расея цісьне на Беларусь. А Лукашэнка ня любіць, калі ня яго ціснуць. Менск разьлічвае на падтрымку Захаду, які ня хоча, каб Беларусь канчаткова стала сатэлітам Расеі. У Лукашэнкі ёсьць разьлік і на падтрымку некаторых сіл у Расеі, а таксама на расейскія імпэрскія фобіі. Масква баіцца, што Беларусь сыйдзе на Захад. Лукашэнка больш гуляе, чым насамрэч адчувае сябе ўпэўнена”.

Лукашэнка размаўляе з Масквою з пазыцыі сілы?

Карбалевіч: “Складаецца ўражаньне, што Лукашэнка ня просіць, а патрабуе ад Расеі крэдыты, ільготныя цэны на энэргарэсурсы, ільготны доступ беларускіх тавараў на расейскі рынак. Ён шантажуе, цісьне, вымагае, пачынае размаўляць з Масквою з пазыцыі сілы”.

Коктыш: “Пакуль захоўваецца транзытная залежнасьць Расеі ад Беларусі, у Лукашэнкі будуць падставы ціснуць на Маскву. Гэта было адной з стратэгічных ліній палітыкі Менску адносна Масквы ад пачатку пуцінскага кіраваньня.

“Усходняе партнэрства” ад самага пачатку стваралася дзеля ціску на Расею. Уступіўшы ў гэтую арганізацыю, Беларусь і выкарыстоўвае яе для размовы з Расеяй”.

Фёдараў: “Лукашэнка разьлічвае, што абходныя газа- і нафтаправоды так і ня будуць пабудаваныя”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG