Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Палітычныя свабоды ў Беларусі: выбар паміж Валадаркай і Акрэсьціна


Паводле сусьветнай праваабарончай арганізацыі Freedоm House, Беларусь і ў 2009 годзе засталася ў ліку несвабодных краін, дзе найбольш парушаюцца палітычныя і грамадзянскія правы людзей. Як сытуацыю камэнтуюць беларускія палітыкі і праваабаронцы?

Лідэр АГП Анатоль Лябедзька гэтак пракамэнтаваў той факт, што экспэрты Freedоm House найніжэйшай адзнакай у 7 балаў адзначылі палітычныя правы ў Беларусі, паставіўшы паводле гэтага паказчыка краіну на ўзровень афрыканскіх дзяржаў і Кітаю:

Анатоль Лябедзька
“Па-першае, не сумняюся, што гэты даклад ёсьць люстэркам рэальнага становішча. Колькі ні тынкуй, тынкоўка асыпаецца і бачна тое, што ёсьць, а ня тое, што хочацца. А палітычныя свабоды — гэта ахілесава пята беларускага рэжыму. Бо мэта Аляксандра Лукашэнкі — гэта ўлада, прычым ня проста, а цалкам. Хоць на магільніку, хоць на руінах, але яна павінна цалкам належаць яму. Гэтай уладай ён не зьбіраецца дзяліцца ня толькі з палітычнымі апанэнтамі, але і са сваімі паплечнікамі”.

Паводле палітыка, найперш беларусам трэба вярнуць права выбару кіраўніка дзяржавы, дэпутатаў парлямэнту і мясцовых органаў улады. Таксама Анатоль Лябедзька мяркуе, што беларусы пазбаўленыя права выбару паміж цэнзураванай і свабоднай інфармацыяй і магчымасьці выказваць адкрыта свае думкі, у тым ліку тыя, якія супярэчаць пазыцыі ўлады. “Пакуль для нас выбар толькі паміж турмой на Валадарскага і турмой на Акрэсьціна”, — заўважае лідэр АГП.

Кіраўнік ЛДПБ Сяргей Гайдукевіч збольшага не аспрэчвае высноў праваабаронцаў з Freedоm House, але робіць свае заўвагі:

Сяргей Гайдукевіч
“Калі быць аб’ектыўным, нам сапраўды шмат і шмат яшчэ трэба рабіць. Усё відавочна. Але трэба, каб быў нейкі прамежак, каб было бачна, што нейкія зрухі ў Беларусі ўсё ж ідуць. Немагчыма не заўважаць зрухаў у тых жа адносінах з Эўропай альбо ў некаторых праблемах грамадзянскіх свабодаў. Хаця, па вялікім рахунку, тэмпы разьвіцьця свабодаў і правоў павінны быць большымі”.

На думку Сяргея Гайдукевіча, пра паляпшэньне сытуацыі з правамі людзей сьведчыць і тое, што калі раней за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі каралі арыштам, то цяпер часьцей затрымаюць ды выпусьцяць, не складаючы пратаколу. А пачынаць шлях да свабоды, на думку Сяргея Гайдукевіча, трэба найперш у галовах грамадзянаў — праз доступ да свабоднай інфармацыі і абмену думкамі.

Вядомы праваабаронца Алесь Бяляцкі гэтак адказаў на пытаньне, чаму сытуацыя з палітычнымі і грамадзянскімі правамі ў Беларусі не паляпшаецца:

Алесь Бяляцкі
“Сапраўды, мы не назіраем сур’ёзных зьменаў ва ўнутранай палітыцы беларускай улады, што да правоў і свабодаў грамадзян. Ёсьць пэўныя касмэтычныя праўкі, але не рэальныя зьмены. Таму я згодны з такой адзнакай Freedоm House. Яна сьведчыць пра тое, што ў сьвеце назіраюць за сытуацыяй у Беларусі, якая патрабуе кардынальных зьменаў”.

Найперш, паводле Алеся Бяляцкага, трэба мяняць некаторыя законы апошніх гадоў, якія праваабаронца называе “рэпрэсіўнымі”. Гэта, на думку Алеся Бяляцкага, законы ў галінах рэлігіі, правядзеньня масавых мерапрыемстваў, выбарчы кодэкс. Сюды ж адносяцца і зьмены ў крымінальны кодэкс, якія тычацца правоў грамадзянаў, у прыватнасьці — права на свабоду аб’яднаньняў. Паводле Алеся Бяляцкага, бяз гэтых “сыстэмных” зьменаў выйсьці з разраду несвабодных краін Беларусь ня здолее.
XS
SM
MD
LG