Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маскоўскія скачкі — без Лукашэнкі


За дзень да скачак на прыз прэзыдэнта Расеі дакладна невядома, хто з калегаў Дзьмітрыя Мядзьведзева адгукнецца на ягонае запрашэньне і наведае Маскву. Спачатку прайшла інфармацыя, што ад мерапрыемства адмовіліся прэзыдэнты Туркмэністану і Ўкраіны. Затым да іх нібыта дадаліся кіраўнікі Беларусі і Ўзбэкістану. А сёньня ўжо кажуць пра магчымую адсутнасьць на скачках і прэзыдэнта Кыргызстану.

Пра тое, што кіраўнік Беларусі не зьбіраецца ляцець у Маскву, публічна паведаміў часовы павераны ў справах Беларусі ў Расеі Алег Іваноў. Расейскія і беларускія выданьні цытуюць ягоныя словы: “Аляксандар Лукашэнка ў такім мерапрыемстве, як скачкі, свой удзел не плянуе”.

Як высьветліла “Свабода”, беларускі амбасадар Васіль Даўгалёў цяпер у адпачынку. Яго часова замяшчае Алег Іваноў. І ягоныя словы пра меркаваную адсутнасьць Аляксандра Лукашэнкі ў Маскве ніхто публічна ня ставіць пад сумнеў. Афіцыйныя крыніцы ў Менску маўчаць. Кіраўнік прэсавай службы прэзыдэнта Беларусі Павал Лёгкі не абвяргае інфармацыю Алега Іванова і не пацьвярджае:

“Я ў адпачынку знаходжуся”.

Крэмль сёлета не надае заўтрашняй сустрэчы традыцыйны статус нефармальнага саміту СНД. Аднак гэтая акалічнасьць, на думку намесьніка дэкана Вышэйшай школы эканомікі ў Маскве Андрэя Суздальцава, не азначае, што такую магчымасьць можна ня браць пад увагу:

Андрэй Суздальцаў
“Паўсюдна, дзе прысутнічае прэзыдэнт дзяржавы, якая ўваходзіць у „васьмёрку“, ядзернай дзяржавы, дзяржавы, якая ўваходзіць у Раду Бясьпекі ААН, дзе нават проста перакусваюць, заўжды прысутнічае высокага рангу палітыка”.

Палітоляг Суздальцаў лічыць: адмова Лукашэнкі наведаць 18 ліпеня Маскву ў пэўнай ступені ёсьць рэакцыя на тое, што прэзыдэнт Мядзьведзеў не прыехаў два тыдні таму ў Менск:

“Суб’ектыўны фактар, вельмі вузка суб’ектыўны, зьвязаны з тым, што Дзьмітрый Мядзьведзеў не прыехаў у Менск 3 ліпеня. А яго запрашалі. І тое, што пасьля спадар Лёгкі казаў, што не запрашалі, гэта, канечне, хлусьня. Я дакладна ведаю. Я запрашэньне бачыў. Таму цяпер атрымліваецца так: мы запрашалі — вы не зьявіліся. Чаго ж цяпер нас клікаць?”

Чалец грамадзкай кансультатыўнай рады пры адміністрацыі прэзыдэнта Беларусі, прафэсар Вячаслаў Оргіш кажа: мабыць, Аляксандар Лукашэнка лічыць, што час для сустрэчы з расейскім калегам яшчэ не сасьпеў:

Вячаслаў Оргіш
“Тут, на мой погляд, зь беларускага боку існуе больш глыбокае разуменьне таго, што дачыненьні паміж афіцыйным Менскам і Крамлём складаюцца не найлепшым чынам. І той сцэнар палітычнай гульні, якім яны карысталіся доўгі час, бурыцца. Таму перад беларускімі палітыкамі, перад беларускай палітыкай наагул стаіць задача сфармаваць новы, больш плённы сцэнар на расейскім кірунку.

У новым сцэнары, на мой погляд, пакуль няма месца нефармальным зносінам, нефармальнаму фармату ўзаемадачыненьняў галоўных гульцоў“.

Аляксандар Лукашэнка, падобна, так і не прыахвоціўся да коней. Хаця некалькі гадоў таму, калі Ўладзімер Пуцін быў яшчэ прэзыдэнтам Расеі, ён падараваў беларускаму калегу жарабца адной з самых элітных у сьвеце пародаў — арабскай.

Пра шэрага васьмігодка па мянушцы VIP журналісты потым пісалі, што ён знаходзіцца ў стайні конна-спартовага цэнтру ў Ратамцы пад Менскам. Аднак сёньня дырэктар Рэспубліканскага цэнтру коннага спорту і каняводзтва Сяргей Запрагаеў у размове са “Свабодай” унёс удакладненьне:

“Нейкі час ён сапраўды ў нас пабыў. Таму што тады дабудоўвалася стайня ў прэзыдэнцкай рэзыдэнцыі ў Заслаўі. Але гэта было нядоўга. А цяпер ён там”.

У чэрвені беларускі кіраўнік адмовіўся прыехаць у Маскву на саміт АДКБ з-за “малочнай вайны”. Тады Расспажыўнагляд забараніў увоз у Расею больш за 1000 відаў беларускіх малочных прадуктаў з-за таго, што на іх не былі аформленыя дакумэнты ў адпаведнасьці з расейскім тэхнічным рэглямэнтам на малако. А расейская кампанія “Газпрам” тым часам настойвае на выплаце беларускімі ўладамі не пазьней за ліпень доўгу ў памеры 244 мільёнаў даляраў.

Тым часам у Менску, па выніках нарады ў пытаньнях сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця Беларусі, Аляксандар Лукашэнка катэгарычна папярэдзіў беларускія малакаперапрацоўчыя прадпрыемствы, што ўсе пытаньні прывядзеньня іх прадукцыі да адпаведнасьці з новым расейскім тэхрэглямантам павінны быць вырашаныя да 1-га жніўня.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG