Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чацьвёра зьбітых 17 ліпеня падчас затрыманьня і ў міліцыі ўдзельнікаў акцыі салідарнасьці зь сем’ямі зьніклых і палітвязьнямі будуць зьвяртацца ў пракуратуру са скаргай на дзеяньні спэцназаўцаў. Яны перакананыя, што вінаватых супрацоўнікаў міліцыі не прыцягнуць да адказнасьці, але спадзяюцца на прафіляктычныя захады з боку кіраўніцтва міліцыі ў дачыненьні да падначаленых. Раней на такія скаргі давалася адпіска пра тое, што супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі ў рамках закону.

Лідэр руху “Маладая Беларусь” Артур Фінькевіч лічыць бессэнсоўнымі звароты ў пракуратуру з патрабаваньнямі выявіць прозьвішчы спэцназаўцаў і пакараць іх за зьбіцьцё затрыманага.

Акцыя салідарнасьці 17 ліпеня.
Артур Фінькевіч (у цэнтры)

“Вырашыў не зьвяртацца, бо ня бачу ў гэтым ніякага сэнсу, таму што ніводнага выпадку, калі б прыцягнулі супрацоўніка міліцыі да адказнасьці, я ня ведаю. Больш за тое, былі выпадкі, калі заявы выкарыстоўвалі супраць тых, хто іх пісаў. Цягалі людзей на допыты, і замест таго каб патрапіць на масавую вулічную акцыю, яны сядзелі ў міліцыі па паўдня”.

Артура Фінькевіча затрымалі ўчора разам зь некалькімі ўдзельнікамі акцыі салідарнасьці на Кастрычніцкай плошчы. Яшчэ каля двух дзясяткаў чалавек затрымалі прэвэнтыўна ў мэтро. Сярод іх быў лідэр моладзі АГП Міхаіл Пашкевіч. Па дарозе ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску спэцназаўцы зьбілі Міхаіла за тое, што ён заступіўся за жанчыну. Потым у міліцыі зьбілі Артура Фінькевіча.

Міхаіл Пашкевіч напісаў заяву яшчэ ў міліцыі. Сёньня ён вырашыў зьвярнуцца ў пракуратуру:

Міхаіл Пашкевіч
“Ёсьць крывападцёк на твары, калі зьбілі акуляры. Я яшчэ ў міліцыі напісаў скаргу на міліцыянтаў з палка спэцыяльнага прызначэньня і міліцыянтаў Цэнтральнага РУУС. Заяву ўзялі, але, на мой погляд, не зарэгістравалі.

Я цяпер пішу заяву ў пракуратуру і прашу заадно праверыць, ці зарэгістравалі заяву. Я хачу, каб гэтая справа дайшла да канца. Затрымлівалі мяне ня першы раз, але такіх паводзінаў я ня бачыў даўно”.

У дзень салідарнасьці супрацоўнікі міліцыі затрымалі больш за 60 чалавек на вуліцах Менску, Віцебску і Баранавічаў.

За пікет каля менскага сьледчага ізалятара былі затрыманыя актывісты кампаніі “Эўрапейская Беларусь”. У міліцыю Маскоўскага раёну Менску трапілі Яўген Афнагель, Алег Ладуцька, Максім Вінярскі, Паліна Дзьякава, Уладзімер Кумец і Паліна Кур’яновіч.

Яўген Афнагель
Лідэра кампаніі “Эўрапейская Беларусь” Яўгена Афнагеля спачатку зьбілі ў аўтобусе:

“Гэтыя людзі абражалі затрыманых, паводзілі сябе вельмі непрыстойна. У мяне яны забралі акумулятар да фотакамэры. Калі пад’яжджалі да міліцыі Маскоўскага раёну, я папрасіў іх прадставіцца.
Калі мае сябры заступіліся за мяне, то яны пачалі зьбіваць усіх, і дзяўчат, і хлопцаў. Пры гэтым яны лаяліся матам.
У адказ усіх вывелі з аўтобуса, а мяне пакінулі. Адзін вывернуў мне рукі, а другі ўдарыў мяне па галаве. Калі я падаў, мяне ўдарылі нагой у бок.

Ужо ў міліцыі я заявіў дзяжурнаму афіцэру, што спэцназаўцы мяне зьбілі, і папрасіў высьветліць іхныя прозьвішчы. Тады яны на вачах дзяжурных пачалі зноў мяне зьбіваць. Калі мае сябры заступіліся за мяне, то яны пачалі зьбіваць усіх, і дзяўчат, і хлопцаў. Пры гэтым яны лаяліся матам”.

У міліцыі затрыманыя патрабавалі даць ім паперу і аловак, каб падаць заяву. Некалькі гадзінаў ім адмаўлялі.

Яўген Афнагель, Максім Вінярскі і Алег Ладуцька падалі скаргу ў пракуратуру на дзеяньні спэцназаўцаў.

“Усё адбывалася на вачах супрацоўнікаў РУУС. Нас зьбілі, забралі нашы рэчы. Па сутнасьці, было зьдзейсьнена злачынства. Мы просім знайсьці тых, хто гэта зрабіў, і пакараць.

Справа ў тым, што паводзіны спэцназаўцаў былі настолькі нахабныя і жорсткія, якіх не было вельмі доўга да гэтага. Нас зьбівалі на вачах вялікай колькасьці людзей. Мы спадзяемся, што міліцэйскае кіраўніцтва правядзе нейкую выхаваўчую працу са сваімі супрацоўнікамі. Калі яны зьбіваюць людзей толькі за тое, што іх ветліва просяць прадставіцца, то гэта сьведчыць аб тым, што зь імі не праводзіцца выхаваўчая праца альбо яны псыхічна няўстойлівыя”.

Самымі апошнімі ў міліцыю Цэнтральнага раёну Менску трапілі пяць прадстаўнікоў “Эўрапейскай Беларусі”. Іх затрымалі за пікет каля кляштару бэрнардынцаў. Калі супрацоўнікі міліцыі Цэнтральнага раёну адпусьцілі затрыманых праз тры гадзіны (гэта максымальны тэрмін утрыманьня чалавека для высьвятленьня асобы), то ў міліцыі Маскоўскага раёну людзей трымалі больш за 5 гадзінаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG