Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік “Роспотребнадзора” Генадзь Анішчанка заявіў, што Беларусь замест навядзеньня парадку ў малочнай галіне працягвае палітызаваць пытаньне паставак сваёй прадукцыі ў Расею.

А ўсё з-за таго, перакананы Анішчанка, што Менск не пасьпявае выканаць да 1 жніўня патрабаваньні расейскага тэхнічнага рэглямэнту на малочныя прадукты. Беларускія вытворцы чарговымі прэтэнзімі на свой адрас азадачаныя.

Паводле Генадзя Анішчанкі, ад беларускіх вытворцаў паступіла каля паўтысячы заявак, рэальна ж аформлена 167 заключэньняў, што меней за 40% ад агульнай колькасьці. На гэтай падставе кіраўнік “Роспотребнадзора” заявіў, што яму ўжо сёньня відавочна: беларускі бок да 1 жніўня ня выканае абавязаньняў, узятых на сябе згодна з падпісанымі 17 чэрвеня ў Маскве пагадненьнямі.

Гэтаксама Анішчанка выказаў шэраг прэтэнзій да якасьці беларускай малочнай прадукцыі. Нават вырабы, на якія атрыманыя санітарна-эпідэміялягічныя заключэньні, выклікаюць сур’ёзныя пытаньні з боку санітарных службаў. І праілюстраваў гэта прыкладамі.
З 27 пробаў прадукцыі “Савушкінага прадукту” 17 не адпавядаюць патрабаваньням ...

Так, з паўсотні ўзораў прадукцыі менскага Гармалзаводу № 1 у 10 знойдзеная кішэчная палачка анаэробнай бактэрыі, у 5 — парушэньні паводле фізыка-хімічных паказьнікаў. З 27 пробаў прадукцыі берасьцейскага “Савушкінага прадукту” 17 не адпавядаюць патрабаваньням: 9 — паводле мікрабіялягічных паказьнікаў, астатнія — паводле фізыка-хімічных. Прадукцыя, не адпаведная расейскім стандартам, з продажу зьнятая. Прычым, як удакладніў Анішчанка, у дадзеным выпадку гаворка ідзе пра лепшыя беларускія прадпрыемствы, таму ён баіцца нават уявіць сабе, што можна знайсьці ў прадукцыі іншых вытворцаў.

Беларускія вытворцы азадачаныя чарговым паваротам у малочным пытаньні. Як кажа першы намесьнік генэральнага дырэктара Гармалзаводу № 1 Іван Сярмяжка, ніякіх прэтэнзій ад “Роспотребнадзора” прадпрыемства не атрымлівала, таму падобныя заявы выклікаюць неразуменьне:

“Вельмі цяжка пра нешта меркаваць, бо факты не правераныя, нам яны не даведзеныя, таму папросту складана нешта камэнтаваць. Пагляджу сам, пабачу прэтэнзіі на ўласныя вочы, тады можна будзе меркаваць, што там да чаго насамрэч”.

Прадстаўніца аб’яднаньня “Савушкін прадукт” Алена Бабкіна кажа, што кіраўніцтва прадпрыемства гэтаксама ў няведаньні, адкуль і на якой падставе раптам узьніклі прэтэнзіі да малочных вырабаў:
няма ніякай афіцыйнай інфармацыі, якая пацьвярджала б прэтэнзіі ...

“Мы рыхтуем афіцыйны запыт на “Роспотребнадзор” па гэтай сытуацыі, бо ніякіх афіцыйных дакумэнтаў — ні прэтэнзій, ні заяваў — ня маем. Ні мы, ні наш дыстрыбутар — гандлёвае прадстаўніцтва ў Маскве… Па лёгіцы, калі ў гандлёвай сетцы пры адборы пробаў выяўленыя нейкія парушэньні, то сама гандлёвая сетка павінна выйсьці на нашага дыстрыбутара. Але такіх зваротаў не было! Гэтаксама на афіцыйным сайце “Роспотребнадзора” няма ніякай інфармацыі, якая пацьвярджала б прэтэнзіі. Каб казаць, у чым увогуле справа, нам трэба бачыць пратаколы адбору пробаў, акты правядзеньня экспэртызы. Нам трэба ведаць пералік гандлёвых пунктаў, бо пробы можна ўзяць як у нармальнай гандлёвай сетцы, так і ў палатцы на рынку. Трэба ведаць усе ўмовы захоўваньня, бо гэта прадукцыя жывая і патрабуе тэмпэратурнага рэжыму 4 плюс-мінус 2 градусы”.

Між тым Генадзь Анішчанка настойвае: беларускае кіраўніцтва вядзе працу на скасаваньне дасягнутых 17 чэрвеня дамоўленасьцяў пра доступ на расейскі рынак беларускай прадукцыі паралельна з афармленьнем неабходных дакумэнтаў. Пры гэтым ён удакладніў, што пра нежаданьне беларускага боку выконваць расейскае заканадаўства сьведчаць “некампэтэнтныя лісты” зь Менску з абвінавачваньнямі на адрас Расеі. Усё гэта, на думку кіраўніка “Роспотребнадзора”, паказвае: замест навядзеньня парадку на вытворчасьці Беларусь палітызуе праблему дзеля вырашэньня задач, далёкіх ад інтарэсаў спажыўцоў. “Усё гэта дае нам падставы прымаць рашэньні, не абцяжараныя дамоўленасьцямі ад 17 чэрвеня”, — канстатаваў Анішчанка.



Нагадаю, што пасьля двухтыднёвай малочнай канфрантацыі ў чэрвені, якая прывяла да поўнага спыненьня паставак беларускай малочнай прадукцыі ў Расею, бакі пасьля складаных перамоваў прыйшлі да паразуменьня. Згодна з падпісанымі 17 чэрвеня ў Маскве дамоўленасьцямі, малочныя прадукты зь Беларусі будуць пастаўляцца ў Расею, але паралельна вытворцы мусяць атрымаць санітарныя заключэньні ў акрэдытаваных расейскіх лябараторыях згодна з новым тэхрэглямэнтам. Ад пачатку “Роспотребнадзор” акрэсьліў максымальны тэрмін да 1 ліпеня, пазьней час на атрыманьне неабходных сэрфтыфікатаў быў падоўжаны да 1 жніўня. Аднак кіраўнік ведамства ўжо не сумняецца, што беларусы не ўкладуцца і ў гэтыя рамкі. А гэта дае падставу казаць пра верагоднасьць аднаўленьня беларуска-расейскай малочнай вайны.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG