Лінкі ўнівэрсальнага доступу

“Людзі пра галадоўкі ведаюць, але іх гэта мала абыходзіць”


Агляд тэлефанаваньняў за пятніцу, 17 ліпеня.


16 ліпеня ў Беларусі адзначылі Дзень салідарнасьці. Міліцыя затрымала больш за паўсотні чалавек, якія выходзілі на вуліцы, каб выказаць сваю салідарнасьць з палітвязьнямі. Усіх затрыманых пазьней вызвалілі. Пратаколы на іх не складалі.

Зіноўеў: “Я салідарны з палітычнымі вязьнямі Беларусі. Але патрэбная рэформа і саміх органаў. Вось у ЗША, калі прыходзіць скарга на карупцыю канкрэтнага паліцэйскага, правяраюць ня толькі гэтага паліцэйскага, але і яго начальніка на карупцыю. Я думаю, што беларуская апазыцыя павінна запатрабаваць зьменаў у кодэксы. Напрыклад, у Эстоніі, дзе прэзыдэнт — былы журналіст “Свабоды”. Адвакат па эстонскім УПК атрымлівае ксэракопію крымінальнай справы, і адвакат можа паказаць любой эстонскай газэце, дзе там парушэньне закону”.

16 ліпеня зьняволены ваўкавыскі прадпрымальнік Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку, якая доўжылася 91 дзень. Такім чынам ён галадаў на знак пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы. Аўтуховіч таксама патрабаваў, каб справу або перадалі ў суд, або вызвалілі яго і ягоных сяброў.

Віктар: “Вельмі ўзрадавала мяне навіна, што Мікалай Аўтуховіч спыніў сваю галадоўку. Усе гэтыя дні мяне вельмі гэта хвалявала. Гэтая сьмерць, якая магла здарыцца, толькі б узрадавала гэтыя ўлады. А нас толькі б расчаравала. Таму ня трэба так рваць сэрца, асабліва сваім блізкім, спадар Мікола. І ня раю нікому з апазыцыянэраў такія доўгатэрміновыя галадоўкі адбываць. Можна абысьціся і кароткатэрміновымі. Прыслухайцеся да гэтага, бо грамадзтва вельмі абыякавае. І няпраўда, што людзі ня ведаюць пра гэта. Людзі ведаюць, але іх гэта мала абыходзіць”.

Тэму вязьняў працягнем тэлефанаваньнем, у якім слухач камэнтуе выказваньні Аляксандра Лукашэнкі на адрас амэрыканскага адваката Эмануіла Зэльцэра, якога нядаўна выпусьцілі зь беларускай калёніі.

Уладзімер Зьвернік: “Прачытаў у апошнім нумары “Народнай Волі” інтэрвію Лукашэнкі з аўстрыйскім журналістам. Здавалася, што ўжо даўно можна было б прызвычаіцца да моўных пасажаў гэтага чалавека. Але ж, але ж. А чаму вы слухаеце тое, што кажа Зэльцэр? Чаму вы ў гэта верыце? Ён параўноўвае КДБ з гестапа? З гестапа ніхто не выходзіў, а ён выйшаў здаровым і меней залежным ад наркаты. Ну, проста-такі Зэльцэр пакінуў праз паўтара года санаторый-прафілякторый адміністрацыі прэзыдэнта. Але рэч ня толькі ў гэтым. Чамусьці Лукашэнка забыўся на тое, што роўна 10 год таму ня выйшлі з таго самага санаторыю Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, а пазьней і Зьміцер Завадзкі. А калі мець на ўвазе тую акалічнасьць, што ў гестапа і КДБ забівалі ня толькі ў пастарунках, то трэба ўзгадаць трагічныя сьмерці непажаданых для ўлады журналістаў Веранікі Чаркасавай, Васіля Гроднікава. Іх сьмерць напаткала, як кажуць, з дастаўкай на дом. А забойцы да гэтай пары ня знойдзены, і наўрад ці іх нехта шукае”.

Слухачы выказваюцца на тэмы, якія іх турбуюць:

Спадарыня “Дзіўныя ў нас кіраўнікі. Спачатку ходзяць па сьвеце з працягнутай рукой, просяць грошай. Калі не дадуць так, то хаця б пазычыць. А потым транжыраць гэтыя грошы на розныя сумнеўныя шоў ці то з танкамі, ці то са старымі зоркамі, якія ўжо ня ў стане адкрываць рот адпаведна з “фанэрай”.

Гары Табачнік, Менск: “Наконт “Славянскага базару”. Ведаеце, на гэтым фэсьце няма замежных гуртоў, такіх як “Pink Floyd”, “Rolling Stones” — ёсьць адна расейская папса. Відаць, ня хочуць ехаць у гэтую Беларусь замежныя зоркі”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG