Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Хрысьціна Марчук: Мой журналісцкі аблом


Хрысьціна Марчук

Хрысьціна Марчук

Грамадзкі рэдактар гэтага тыдня – Хрысьціна Марчук. Яна нарадзілася 1 жніўня 1986 году ў Грузіі, цяпер жыве ў Горадні. Каардынатарка “Школы маладога журналіста” (ГА “Цэнтар “Трэці Сэктар”). У 2006 годзе дэбютавала на старонках моладзевай он-лайн газеты www.t-styl.info. Публікуецца ў шэрагу рэгіянальных і агульнанацыянальных СМІ.

Тэлефануе мне прыяцель.

– Чула, Чаркізаўскі рынак зачынілі? Да халеры нашых іпэшнікаў там тавар бралі. Што яны зараз робяць? Ня хочаш напісаць пра гэта? Тым больш, знаёмы адміністратар рынка скардзіўся – малавата пра гэта ў прэсе ўзгадалі. Можа, цікавае што раскажа…
Вось яна – сіла слова! Людзі самі шукаюць журналістаў, каб публічна выказаць сваю думку. Канешне, я пагадзілася сустрэцца з адміністратарам рынка.

Рэчавы рынак у Горадні

На наступны дзень прыйшла ледзь не за гадзіну да прызначанага часу. Пахадзіла па гандлёвых радах. Зрабіла здымкі. Запытала ў прадаўцоў, што яны думаюць пра закрыцьцё сваёй аптовай базы. Пацікавілася ў пакупнікоў, як часта ходзяць сюды, што набываюць. Мой інтарэс да тэмы падагрэўся, калі гандляры сказалі: гаспадары зачыненых павільёнаў (апошніх у гэты дзень было нямала) як раз і ёсьць тыя, хто атаварваўся на Чаркізаўскім.

Гандляры - кліенты Чаркізаўскага сказалі, што зачыненыя павільёны

Нарэшце заходжу ў адміністрацыю.

– Добры дзень, Мікалай Аляксандравіч!

– Добры! Заходзьце, – сьцісла павітаўся галоўны адміністратар.

Ня даўшы мне прадставіцца, рэзка запытаўся: – Вам сказалі, для чаго сюды запрасілі?

– Канешне! Чаркізаўскі рынак закрыўся, – хуценька дастаю з торбы дыктафон і падрыхтаваныя пытаньні. – Як жа гэта адаб’ецца на нашых прадпрымальніках і пакупніках?

– Ды што нам да гэтага Чаркізаўскага?! Ён праз два тыдні зноў працаваць пачне. Усе туды езьдзіць будуць. Нам патрэбна рэкляма ад вас. Зь якога Вы выданьня?

Даведаўшыся, што я працую для рэгіянальных газэт, суразмоўца ня стаў хаваць расчараваньня:

– А я быў думаў, Вы зь вялікіх СМІ… Рэгіянальныя нам не патрэбны.

– А што, у вас ёсьць нейкая нагода для рэклямы? Што рэклямаваць хочаце? – ледзь не слупянею ад нечаканага павароту гутаркі, але яшчэ спадзяюся намацаць навіну.

– Ну так. Ёсьць…

Раптоўна зазваніў мабільнік.

– Раскажы пра нас, – галоўны адміністратар зьвярнуўся да памочніка і выйшаў з кабінэту.

Крыху памяўшыся, памочнік стаў пералічваць апошнія працоўныя дасягненьні: аптовы рынак раз на тыдзень працуе, пашыраецца асартымэнт тавараў айчыннай вытворчасьці, спраўна робяць прадуктовыя павільёны…

Калі адтуль выйшла, было вельмі сьмешна. Ці то прычыну жаданьня сп. адміністратара пагутарыць з журналістамі скажона перадалі, ці то сама не прадугледзела такое развіцьцё падзей… Такі журналісцкі аблом можна ў адукацыйных мэтах выкарыстоўваць: у “Школе маладога журналіста” ілюстраваць тэму “Інтэрвію. Як размаўляць зь “цяжкімі” людзьмі”. Ды яшчэ з тымі, якія працуюць у такім спэцыфічным сацыяльным асяродку, як беларускі гандаль.

Выбар абутку на рынку сярэдненькі

Жанчынам заўжды цяжэй сабе выбраць штосьці добрае

Жанчынам заўжды цяжэй сабе выбраць штосьці добрае

XS
SM
MD
LG