Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабарончая арганізацыя Freedom House выпусьціла штогадовы агляд стану палітычных і грамадзянскіх свабодаў у сьвеце. Дакумэнт называецца “Свабода ў сьвеце 2009” і аналізуе стан свабоды ў 193 краінах. Беларусь зноў названая ў ліку несвабодных краінаў.

Паводле праваабаронцаў, у мінулым годзе 89 краінаў можна аднесьці да катэгорыі свабодных, гэта на адну краіну менш чым летась. Ва ўмовах свабоды пражывае звыш трох мільярдаў чалавек, альбо 46 працэнтаў ад сусьветнага насельніцтва. 62 краіны (на 2 больш чым летась) названыя “часткова свабоднымі”.

“Несвабоднымі” названыя 42 дзяржавы (на адну менш чым летась), у якіх жывуць 34 працэнта насельніцтва Зямлі. Трэба, аднак, адзначыць, што звыш палову ад гэтай лічбы складае насельніцтва самай вялікай несвабоднай краіны – Кітаю.


Па выніках 2008 году тры краіны палепшылі свой статус і перайшлі з катэгорыі несвабодных да часткова свабодных – Пакістан, Мальдывы, Бхутан. Тры краіны пайшлі ўніз -- Сенегал цяпер толькі часткова свабодны, а Аўганістан і Маўрытанія перайшлі з часткова свабодных у катэгорыю несвабодных

Усяго ж за 2008 год 34 краіны пагоршылі свае паказьнікі, і толькі 14 палепшылі, хаця праваабаронцы адзначаюць, што ў большасьці выпадкаў пагаршэньне было нязначным

Агляд стану свабоды ў сьвеце за апошнія 30 год

ГодСвабодныяЧасткова свабодныяНесвабодныя
1978 47 56 55
1988 60 39 68
1998 88 53 50
2008 89 62 42

Палітычныя і грамадзянскія свабоды арганізацыя Freedom House ацэньвае паводле сямібальнай шкалы, дзе 1 – гэта найлепшая адзнака, 7 –найгоршая. Краіны, якія атрымліваюць адзнаку 1 і 2 – называюцца свабоднымі, 3, 4 і 5 – “часткова свабоднымі”, 6 і 7 – “несвабоднымі”.

У катэгорыі “Палітычныя правы” Беларусь атрымала найгоршую адзнаку – 7 балаў, у катэгорыі “Грамадзянскія свабоды” – 6 балаў.

“Спадзяваньні, што Лукашэнка аслабіць сваю хватку ў Беларусі, апынуліся ілюзорнымі”, -- пішуць аўтары Freedom House, узгадваючы асноўныя падзеі мінулага году. У жніўні 2008 беларускі рэжым вызваліў палітычных зьняволеных і пагадзіўся дапусьціць на парлямэнцкія выбары міжнародных назіральнікаў. Аднак, назіральнікі прыйшлі да высновы, што выбары не адпавядалі міжнародным стандартам, і ніхто з апазыцыі не апынуўся ў парлямэнце. Адначасова, рэжым прыняў новыя папраўкі ў заканадаўства, якія ўзмацнялі кантроль нам мэдыямі і пашыралі яго на Інтэрнэт. Не гледзячы на моцны інтарэс Эўразьвязу ў паляпшэньні дачыненьняў, адсутнасьць дэмакратычных рэформаў у Беларусі робіць любы прагрэс надзвычай складаным – робяць выснову праваабаронцы з Freedom House.
  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG