Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Судовы тэрмін Мікалая Аўтуховіча заканчваўся 5 ліпеня…


Мікалай Аўтуховіч

Мікалай Аўтуховіч

Прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч стварыў у сваім горадзе службу таксі. Ён меў уласныя машыны і наймаў кіроўцаў. З 2003 году ён у судах даказваў, што падатковая служба беспадстаўна абвінавачвае яго ў няпоўнай сплаце падаткаў. Змаганьне за свае інтарэсы на свабодзе скончылася для яго ў сярэдзіне кастрычніка 2005 году. Аўтуховіча выклікалі ў Горадню ва ўпраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, затрымалі і пасадзілі ў сьледчы ізалятар гарадзенскай турмы.

Арышт для Мікалая Аўтуховіча стаўся нечаканым. Вось што сам ён паведаміў тады праз тэлефон (запіс размовы захаваўся):

Карэспандэнт: “Мікалай, добры дзень, што там здарылася?”

Аўтуховіч: “Ня ведаю, узбудзілі крымінальную справу супраць мяне, сяджу ва УДФР-ы тут (упраўленьне дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў), я так разумею, выпускаць ня хочуць”.

Карэспандэнт: “А як называецца крымінальная справа, чаго датычыць?”

Аўтуховіч: “Напісана: узбудзіць крымінальную справу па прыкметах складу злачынства, карацей, „нясплата падаткаў“, ухіленьне ад сплаты падаткаў у бюджэт”.

Карэспандэнт: “А вось гэтае рашэньне суду аб адмене?”

Аўтуховіч: “Якое рашэньне? Суду вярхоўнага, прэзыдыюму? Ну, ён адмяніў усе рашэньні, але гэта нічога ня значыць, яны ўбачылі тут іншае. Напэўна, што нібыта парушыў дэкрэт прэзыдэнта, я так разумею”.

Карэспандэнт: “Дэкрэт які і за які год?”

Аўтуховіч: “Чацьверты за 2003 год”.

Карэспандэнт: “А як цябе запрасілі сёньня туды і што адбылося?”

Аўтуховіч: “Запрасілі азнаёміцца з актам экспэртызы і прад’явілі абвінавачаньне. Карацей, падманулі, будзем так казаць. Ня ведаю, я чакаю адваката, будзе допыт, буду потым нешта ведаць. Самае цікавае, што нават не выпускаюць мяне. Гэта значыцца, у іх ужо заплянавана пасадзіць і да суду ня выпусьціць”.

Затым была першая доўгая галадоўка пратэсту Мікалая Аўтуховіча за кратамі. Яго перавялі пад хатні арышт у Ваўкавыск, аднак ён уцёк напярэдадні суду, хаваўся два месяцы, быў схоплены. 7 ліпеня 2006 году яго пасадзілі на тры з паловай гады. Яму налічылі нясплачаныя падаткі за фірму, якой не існавала, якой ён не ствараў, працуючы надалей індывідуальным прадпрымальнікам і наймаючы большасьць кіроўцаў у фірме “Ніка-транс”. Суд палічыў, што такім чынам Мікалай Аўтуховіч нанёс бюджэту страты ў асабліва буйным памеры.

У студзені 2008 году пакараньне было заменена на папраўчыя працы па месцы жыхарства. Пакуль ён сядзеў у турме, жыхары Ваўкавыску не адмовіліся ад таксі “22222”, сказаў ён тады нашаму радыё.

Аўтуховіч: “Людзі падтрымліваюць, нават дыспэтчары заўважылі: калі мяне выпусьцілі і ў горадзе стала вядома, што Аўтуховіч вызваліўся, проста сталі болей тэлефанаваць”.

Мікалай Аўтуховіч прызнаўся нам, што хоча абскардзіць свой прысуд. Аднак неўзабаве здарылася непрадбачанае: у Аўтуховіча ўзьнік канфлікт з адным кіроўцам таксоўкі, той падаў заяву ў суд. У судзе ў гэтага чалавека спыталіся: ці хоча ён, каб Аўтуховіча пакаралі? Кіроўца адказаў адмоўна і напісаў адпаведную заяву. Сам Аўтуховіч прызнаўся пасьля суду:

Аўтуховіч: “Быў настрой: зараз павязуць, дадуць пятнаццаць сутак.
А пасадзяць у камэру, то могуць яшчэ дзесяць парушэньняў напісаць, а там дарога ў гарадзенскую турму і назад на зону. Гэта ўсё вельмі проста.
А пасадзяць у камэру, то могуць яшчэ дзесяць парушэньняў напісаць, а там дарога ў гарадзенскую турму і назад на зону. Гэта ўсё вельмі проста”.

Тым ня менш пасьля гэтага спадзяваньні Мікалая Аўтуховіча атрымаць умоўна-датэрміновае вызваленьне ня спраўдзіліся. Ён па-ранейшаму знаходзіўся пад наглядам міліцыі і працягваў працаваць у фірме “Ніка-таксі 22222”. Сам ён пазьней расказаў наступнае:

Аўтуховіч: “Я лічуся проста кіроўцам. Кіроўцам таксоўкі мне не дазволілі працаваць, таму што ў мяне рэжым, я пасьля дзевятнаццатай гадзіны павінен быць дома. Мне не дазваляюць выяжджаць за тэрыторыю Ваўкавыску ні па працы, ніяк. У выходныя дні мне ўвогуле не дазваляюць выходзіць з дому: у суботу і нядзелю і ў сьвяточныя дні”.

Тэрмін судовага пакараньня Мікалая Аўтуховіча працягваўся да 5 ліпеня 2009 году, аднак яго зноў арыштавалі напачатку лютага сёлета.
XS
SM
MD
LG