Лінкі ўнівэрсальнага доступу

За што сядзеў Юры Лявонаў?


Юры Лявонаў

Юры Лявонаў

Юрыя Лявонава пасадзілі ў ліпені 2006 году разам зь Мікалаем Аўтуховічам. Суд палічыў, што Лявонаў паспрыяў яму, каб Аўтуховіч не сплаціў дзяржаве падаткі ў асабліва буйным памеры.

Калі на пачатку 2008 году Аўтуховічу зьмякчылі пакараньне, то Лявонава выпусьцілі на свабоду зусім. Ён прабыў за кратамі паўтара года з прысуджаных яму трох гадоў і пяці месяцаў. У лютым гэтага году іх абодвух зноў арыштавалі. За што Лявонаў сядзеў першы раз?

Юры Лявонаў быў дырэктарам прыватнай транспартнай фірмы “Ніка-транс”, заснавальніцай якой зьяўлялася жонка Мікалая Аўтуховіча Алена (муж яе займаўся пасажырскімі перавозкамі на таксі). Але потым прадпрымальнікам забаранілі мець больш за тры працаўнікі. Тады Аўтуховіч падпісаў дамову зь Лявонавым, і кіроўцы таксовак сталі на ўлік у “Ніка-транс”. Суд палічыў, што гэта было зроблена выключна ў інтарэсах Аўтуховіча і лішнія людзі не былі патрэбныя фірме, а значыцца, у гэтым быў злачынны намер. Сам Юры Лявонаў меркаваў інакш:

“Калі прадпрыемства плянуе новы від дзейнасьці, то яно пад гэты від дзейнасьці зацьвярджае штатны расклад і ажыцьцяўляе набор працоўнай сілы. У гэтым нічога крымінальнага ніколі не было”.

У абвінавачаньні супраць Юрыя Лявонава гаварылася, што ён выкарыстаў свае службовыя паўнамоцтвы, паспрыяў Аўтуховічу ў стварэньні “незаконнай схемы” працы. Юры Лявонаў тады зазначыў, што ня быў заснавальнікам “Ніка-транс” і ня меў ад дамовы з Аўтуховічам ніякай матэрыяльнай карысьці: той пералічваў грошы на рахунак “Ніка-транс”, бо дамова паміж імі тычылася аказаньня менавіта платных паслугаў.

Лявонаў паводзіў сябе заўжды годна, не спрабаваў на судзе адмежавацца ад Аўтуховіча. Пасьля турмы крыху пасівеў і пачаў паліць, прычым люльку. Яму падабалася сама працэдура яе раскурваньня. У мяне захаваўся здымак Юрыя Лявонава зь люлькай у руках, зроблены мною пасьля таго, як ён вярнуўся пасьля зьняволеньня ў Ваўкавыск.
XS
SM
MD
LG