Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвецік: “Мяне хочуць зрабіць бамжом!”


Віцебскаму абаронцу Леаніду Сьвеціку прысуджаны самы вялікі штраф, якія дагэтуль давалі суды вобласьці: паводле выраку абласнога суду ён мае сплаціць дзяржаве 31,5 мільёна рублёў.

Да тагож трэба заплаціць судовыя ды іншыя выдаткі.

Больш за месяц пад старшынёўствам судзьдзі абласнога суду Галіны Ўрбановіч працягваўся разгляд справы праваабаронцы, сябра БХК Леаніда Сьвеціка, якога мясцовая ўправа КДБ абвінаваціла ў распальваньні міжнацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. На падставе матэрыялаў, сабраных сьледчай групай, суд прызнаў праваабаронцу вінаватым у напісаньні й распаўсюджваньні лістоў ад імя радыкальнай нацыяналістычнай арганізацыі “Русское Национальное Единство”, дакладней, ад мясцовай філіі гэтай арганізацыі.

Леанід Сьвецік лічыць гэтае абвінавачаньне бязглуздым, бо аўтаразнаўчая экспэртыза не пацьвердзіла ягонага дачыненьня да лістоў, якія цягам 2006—2008 гадоў атрымлівалі тутэйшыя апазыцыянэры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі, чыноўнікі і прадстаўнікі габрэйскіх суполак гораду. Ён кажа, што ў справе няма ніводнага неаспрэчнага доказу ягонай віны: да прыкладу, у высновах экспэртызы, якая вывучала забраную ў яго аргтэхніку, няма катэгарычнага адказу пра тое, што менавіта на ёй вырабляліся лісты, ёсьць толькі словы “верагодна” і “мажліва”. А калі ўлічыць, што больш за год забраныя падчас ператрусу кампутары і друкаркі захоўваліся ў КДБ, то спадар Сьвецік не бярэцца прадказаць, што рабілі з гэтым абсталяваньнем — тым больш што экспэртызы даўнасьці забраных у адрасатаў лістоў не праводзілася.

І Леанід Сьвецік, і сябар КХП БНФ , пацярпелы Ян Дзяржаўцаў, які ў свой час атрымаў ад “філіі РНЕ” ліст з пагрозай фізычнай расправы за апазыцыйныя погляды, неаднаразова хадайнічалі перад судом, каб была праведзеная дактыляскапічная экспэртыза. Тады паводле наяўнасьці або адсутнасьці адбіткаў пальцаў падсуднага можна было б высьветліць, ці меў Сьвецік дачыненьне да лістоў ад РНЕ. Але судзьдзя адхіліла і гэтае, і шэраг іншых хадайніцтваў, якія заяўляў падсудны.

З прысудам, вынесеным сёньня, Леанід Сьвецік катэгарычна ня згодны, бо свае віны не прызнае. Ён зьбіраецца яго абскарджваць, лічыць ня толькі несправядлівым, а яшчэ й абразьлівым. Сплаціць штраф, эквівалентны 10 з паловай тысячам даляраў, судовая выдаткі, выдаткі сьледзтва на правядзеньне экспэртызаў ды яшчэ адзін мільён матэрыяльнай кампэнсацыі, па якую зьвярнулася ў суд адна з пацярпелых, старшыня Віцебскай філіі СПБ Тамара Краснова-Гусачэнка,
Алесь Бяляцкі: Відавочна, што ўлады апасаюцца ствараць новыя прэцэдэнты зьяўленьня палітвязьняў
для звычайнага чалавека, у якога з маёмасьці ёсьць хіба толькі трохпакаёвая кватэра, практычна неверагодна:

“Калі я прадам гэтую кватэру, то мая сям’я апынецца на вуліцы. Фактычна дзяржава зрабіла патэнцыйным бамжом ня толькі мяне, але й двух маіх непаўналетніх дзяцей і жонку.

Жонка Леаніда Сьвеціка цяпер у дэкрэтным адпачынку. У сям’і двое дзяцей — 9-гадовая дачка Вікторыя і сын Арсень, якому няма яшчэ й двух гадоў. Тым ня менш адвакат Павал Сапелка прызнаецца, што не выключаў для свайго падабароннага нават турэмнага зьняволеньня: пакараньне паводле артыкулу 130 часткі 1 Крымінальнага кодэксу прадугледжвае магчымасьць пазбаўленьня волі на тэрмін да 5 год. Таму пакараньне штрафам — гэта і добра, і дрэнна адначасова:

“У нашай дзяржаве любое пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі — гэта ўжо добра, калі ўлічыць, якія ўмовы ў нашых турмах. Але для сярэднестатыстычнага грамадзяніна штраф памерам у 31 з паловай мільён — гэта практычна непад’ёмна…”

Кіраўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Алесь Бяляцкі камэнтуе прысуд Леаніду Сьвеціку наступным чынам:

Алесь Бяляцкі ля будынку віцебскага абласнога суду
“Відавочна, што ўлады апасаюцца ствараць новыя прэцэдэнты зьяўленьня палітвязьняў. Нядаўна падобны працэс быў у Салігорску, і ўсе выдатна памятаюць, як было з салігорскай праваабаронцай Янай Паляковай… Гэты выпадак мы адназначна лічым перасьледам вядомага віцебскага праваабаронцы — тое, што яго прызналі вінаватым у такіх абсурдных абвінавачаньнях. Спадзяюся, што калі-небудзь мы даведаемся, хто ж замовіў гэты практычна палітычны працэс”.

Віцебскія апазыцыянэры перакананыя, што крымінальны і судовы перасьлед Леаніда Сьвеціка — гэта адмысловы праект спэцслужбаў, каб адпомсьціць яму за праваабарончую дзейнасьць. Бо менавіта ён патрабаваў знайсьці аўтараў допісаў ад імя РНЕ і неаднаразова выступаў у недзяржаўных мэдыях з крытыкай міліцыі і КДБ за тое, што яны гэтага ня робяць, кажучы, што знайсьці аўтараў немагчыма. Калі адказнасьць за лісты ад РНЕ суд усклаў на самога праваабаронцу, прысутныя ў залі закрычалі: “Ганьба”. Судзьдзя выклікала некалькі нарадаў АМАПаўцаў, якія дзяжурылі каля судовага будынка, пакуль і мясцовыя актывісты, і тыя, хто прыехаў падтрымаць Леаніда Сьвеціка зь Менску ды іншых гарадоў, урэшце не разышліся.
XS
SM
MD
LG