Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праявы салідарнасьці: пікеты, графіці, звароты, галадоўкі


Ад першага дня салідарнасьці ў кастрычніку 2005 году ў Беларусі і за яе межамі прайшлі сотні розных мерапрыемстваў у падтрымку сем’яў зьніклых палітыкаў і грамадзкіх дзеячаў, рэпрэсаваных і палітвязьняў.

Пік палітычнай актыўнасьці апанэнтаў рэжыму прыпаў на 2006 год — год прэзыдэнцкіх выбараў, які адзначыўся беспрэцэдэнтным размахам працы карнай машыны.

Адразу пасьля абвяшчэньня вынікаў галасаваньня сотні нязгодных засталіся на Кастрычніцкай плошчы. Амаль тыдзень публічнага пратэсту скончыўся жорсткім зьнішчэньнем намётавага лягеру. Больш за тысячу чалавек пакаралі штрафамі і адміністратыўнымі арыштамі.

У Дзень Волі 25 сакавіка 2006 году быў затрыманы адзін з кандыдатаў у прэзыдэнты Аляксандар Казулін. Фактычна ад таго дня пачалася працяглая кампанія за вызваленьне Казуліна ды іншых палітвязьняў, якія пасьля кожнай апазыцыйнай акцыі папаўнялі сьпіс зьняволеных.

На пачатку красавіка 2006-га па ўсёй краіне пракацілася хваля пікетаў з патрабаваньнем вызваліць Казуліна. У менскім парку 50-годзьдзя Кастрычніка на пікетоўцаў быў учынены напад: паўтара дзясятка маладых людзей у чорным паламалі стэнды з партрэтамі экс-кандыдата ў прэзыдэнты, парвалі ўлёткі і расьцяжкі “Свабоду Казуліну ”.

Актывісты салігорскай філіі “Маладога фронту” правялі аналягічную акцыю на цэнтральнай плошчы гораду. Блізу трох дзясяткаў чалавек запалілі сьвечкі перад будынкам гарвыканкаму. Да патрабаваньняў вызваленьня Казуліна дадалося яшчэ адно надзённае пытаньне — спыненьне крымінальнага перасьледу лідэраў моладзевай арганізацыі.

У траўні таго ж году агулам каля 100 чалавек цягам 20 дзён бралі ўдзел у эстафэтнай галадоўцы. Дэмакратычныя актывісты патрабавалі спыніць крымінальныя справы супраць маладафронтаўцаў, пратэставалі супраць выключэньня маладых людзей з навучальных установаў за ўдзел у апазыцыйных акцыях.

Неўзабаве на сьценах калёніі ў Шклове і на бліжэйшых пабудовах зьявіліся палітычныя графіці ў падтрымку лідэра “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча. Блізу дзясятка надпісаў патрабавалі — “Свабоду Дашкевічу!” Нагадаем, што на той момант паводле абвінавачаньня за ўдзел у незарэгістраванай арганізацыі Дашкевіч адбываў пакараньне менавіта ў Шклоўскай калёніі.

Спадзеючыся на адпаведную рэакцыю сусьветнай супольнасьці, палітычныя партыі і грамадзкія дэмакратычныя арганізацыі накіроўвалі дзясяткі зваротаў на адрас аўтарытэтных міжнародных арганізацый. У зваротах акцэнтавалася ўвага на становішчы з правамі чалавека ў Беларусі, фактычнай адсутнасьцю свабоды слова і волевыяўленьня. Беларускае пытаньне зрабілася першачарговым на парадку дня камісіяў ААН, Парлямэнцкай Асамблеі Рады Эўропы, праваабарончых арганізацыяў. У выніку рэпрэсіяў кіраўніцтва Беларусі атрымала пашыраны сьпіс неўязных беларускіх чыноўнікаў і эканамічныя санкцыі супраць стратэгічных прадпрыемстваў прамысловасьці.

У 2007-м зьявілася нагода, каб абвінаваціць беларускія ўлады ў рэлігійнай нецярпімасьці. У будынку царквы “Новае жыцьцё” вернікі-пратэстанты абвясьцілі галадоўку на знак нязгоды з судовым рашэньнем, паводле якога вернікаў пазбавілі зямельнага надзелу, а храм перавялі ў гарадзкую ўласнасьць. Пасьля таго як на 23-ці дзень некалькіх галадоўнікаў адвезьлі ў шпіталь, Вышэйшы гаспадарчы суд апратэставаў судовыя рашэньні. А царква ўзмацніла свой аўтарытэт.

Акцыя прадпрымальнікаў 10 студзеня 2008 году дала старт новым гучным справам — так званаму “працэсу 14-ці”, а таксама асобна выдзеленым справам Сяргея Парсюкевіча і Андрэя Кіма. Практычна кожнае судовае паседжаньне суправаджалася пікетамі і акцыямі падтрымкі зьняволеных.

Палітычны перасьлед замацаваў новы спосаб выказваньня салідарнасьці — праз эстафэтныя галадоўкі. 10 сакавіка 2008 году на знак салідарнасьці з палітвязьнямі эстафэтную галадоўку пачалі палітыкі Сяргей і Аляксандар Скрабцы. Да галадоўкі далучыліся дзясяткі актывістаў у Беларусі, у Нямеччыне ініцыятыву падхапіў былы міліцыянт Алег Алкаеў і ягоны сын Вячаслаў.

Парадаксальная думка, але ж у нашай краіне, мабыць, найбольш абароненымі зараз зьяўляюцца актывісты апазыцыі. Таму што мы салідарныя і падтрымліваем перадусім адзін аднаго
Палітык і праваабаронца Людміла Гразнова, удзельніца пікетаў і эстафэтных галадовак, акцэнтуе ўвагу на тым, што многія катэгорыі людзей папросту ня ведаюць, як скарыстоўваць акцыі салідарнасьці:

“Можа, парадаксальная думка, але ж у нашай краіне, мабыць, найбольш абароненымі зараз зьяўляюцца актывісты апазыцыі. Таму што мы салідарныя і падтрымліваем перадусім адзін аднаго. Іншыя ж катэгорыі — прадпрымальнікі, прадстаўнікі інтэлігенцыі, якіх за нейкія нязначныя парушэньні саджаюць у турму — яны менш абароненыя. Таму што сядзяць паасобку, таму што трасуцца і баяцца. І той стэрэатып, што беларусы хаваюцца ў бульбу — яскравы прыклад таго, што гэта вельмі нязручная і вельмі рызыкоўная тактыка. Трэба ўздымаць усю грамаду, усё асяродзьдзе, усіх сваіх знаёмых, родных, бегчы да праваабаронцаў, да ўсіх неабыякавых людзей і ўздымаць хвалю. Гэта я зьвяртаюся найперш да простых людзей, якія трапляюць у такога кшталту сытуацыі і застаюцца сам-насам са сваёй бядой. Толькі змагацца і быць салідарнымі адзін з адным”.

Сярод апошніх прыкладаў грамадзкай салідарнасьці з тымі, хто ў бядзе, — патрабаваньне трох дзясяткаў апазыцыйных палітыкаў вызваліць Мікалая Аўтуховіча і ягоных калегаў Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку. 13 ліпеня ліст такога зьместу былы палітзьняволены Аляксандар Казулін перадаў амбасадару Польшчы ў Менску Генрыку Літвіну. Нагадаем, што 16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч спыніў сваю трохмесячную галадоўку пратэсту.
XS
SM
MD
LG