Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аксаміт: “Сьмерць Аўтуховіча была б выгадная ўладам”


Мікалай Аксаміт

Мікалай Аксаміт

Былы дэпутат Вярхоўнага Савету 12 скліканьня Мікалай Аксаміт працаваў разам зь Мікалаем Аўтуховічам, добра ведае яго як чалавека, бізнэсоўца і грамадзкага дзеяча.

Мікалая Аксаміта я знайшоў праз тэлефон у Польшчы. Былы дэпутат зараз працуе там на будоўлі. Каб утрымліваць сям’ю, зарабляе грошы на чужыне, бо, кажа, у роднай Беларусі працы не даюць. Мікалай Аксаміт сам з Ваўкавыску. Ён згадаў, чым была адметная фірма, якую арганізаваў Аўтуховіч.

“Без усялякай падтрымкі дзяржавы ён стварыў уласную службу радыётаксі. Ягоныя прыватныя таксі былі ўсе аднолькавыя белыя “Мэрсэдэсы”, добра аздобленыя. Гэта была як візытоўка гораду. І сэрвіс быў на высокім узроўні: усё толькі па лічыльніку, таксіст пакладзе багаж... Супэр! Ён добры арганізатар, здольны да бізнэсу, плюс — былы вайсковец”.

“Ягоны канфлікт зь мясцовымі ўладамі быў абумоўлены нейкімі асаблівасьцямі гэтага бізнэсу, гэта выпадковасьць ці тут якія іншыя прычыны?”

“Ня думаю, што гэта выпадковасьць. Аўтуховіч патрапіў у бізнэс ня дзякуючы асабістым адносінам з уладай, а толькі дзякуючы сваім якасьцям і працы. Гэта заўсёды мазоліла вочы ўладзе, бо ў бізнэс пускаюць людзей, як правіла, ад улады, якія дзеляцца з уладай. А Аўтуховіч заўсёды казаў гэтак: мне няма чаго баяцца, я ўсё раблю паводле закону і ніякіх хабараў нікому я даваць ня буду”.

“Ці праўда, што калі ў вас быў цяжкі пэрыяд, вас ня бралі на працу, вам дапамог Аўтуховіч?”

“Так, гэта было прыкладна ў 1996—97 годзе. Аўтуховіч узяў мяне на працу, хаця добра ведаў, што я былы апазыцыйны дэпутат. Ён сапраўды рызыкаваў, але пайшоў на гэта. У той момант у яго не было канфліктаў з уладай, ён не зьбіраўся ў палітыку. Але палітыка сама прыйшла да яго, бо яму як бізнэсоўцу ўлада не дала працаваць. Калі ён гэта зразумеў, то мусіў заняцца і палітыкай. Таму балятаваўся і ў Палату прадстаўнікоў. А характар у яго нязломны, пра што сьведчыць і ягоная галадоўка. Яго хочуць зламаць, а ён сваёй галадоўкай паказаў, што яго можна забіць, але зламаць — ніколі”.

“Ёсьць меркаваньне, што ягоная сьмерць была б выгадна ўладам, таму ён і спыніў галадоўку. Што вы пра гэта думаеце?”

“Безумоўна, гэта так. Бо ўлады не прызнаюць і ніколі не прызнаюць, што памыляліся. Што зараз рабіць уладзе? Каб Аўтуховіч памёр — няма чалавека, няма праблемы. Калі яго апраўдаць, гэта значыць прызнаць, што яны столькі часу трымалі чалавека за кратамі ні за што. Тады трэба караць і тых людзей, якія аддавалі загады аб ягоным арышце. І на судзе трэба прадставіць доказы ягонай віны. Між тым, я перакананы, што ніякіх доказаў у іх няма і быць ня можа”.
XS
SM
MD
LG