Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У аглядзе тэлефанаваньняў слухачы гавораць пра зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку.

16 ліпеня Мікалай Аўтуховіч спыніў галадоўку. Ён не прымаў ежу 91 дзень. За гэты час схуднеў на 35 кіляграмаў.

Ваўкавыскіх прадпрымальнікаў арыштавалі 8 лютага 2009 году і зьвінавацілі ў падпале дома міліцыянта ў 2005 годзе. Аднак за гэтае злачынства ўжо адбыў пакараньне іншы чалавек.

Пазьней Аўтуховіча зьвінавацілі ў тым, што ён кіраваў групай аўганцаў, якія рыхтавалі замах на кіраўніка Гарадзенскага аблвыканкаму Ўладзімера Саўчанку і намесьніка міністра па падатках і зборах Васіля Каменку.

Аўтуховіч віны за сабой не прызнае, кажа пра палітычны перасьлед.

Галадаў ён на знак пратэсту супраць зацягваньня ягонай справы. Таксама Аўтуховіч патрабаваў, каб справу або перадалі ў суд, або вызвалілі яго і ягоных сяброў.

Менавіта галадоўка Аўтуховіча і выклікала найбольшую колькасьць тэлефанаваньняў:

Яўгенія Казлова і Іна Мішур: “Хочам зьвярнуцца да спадара прэзыдэнта. Паважаны Аляксандар Рыгоравіч! Вы займаеце ў краіне самы высокі пост, вас нават называюць нашым бацькам. Кожны бацька любіць сваіх дзяцей і клапоціцца пра іх здароўе. Чаму ж вы дазваляеце аднаму са сваіх сыноў, Аўтуховічу Мікалаю, паміраць галоднай сьмерцю? Чым жа ён перад вамі гэтак страшна правініўся? Ці ён злодзей, ці забойца? Толькі вы можаце ўратаваць жыцьцё нашага маладога суайчыньніка. Мы, беларусы, будзем за гэта да вас вельмі ўдзячныя, а пашана да вас ад гэтага толькі ўзрасьце”.

Спадар: “Аўтуховіч падняў руку на міліцыянэраў ці на Саўчанку. Гэта крымінальная справа! Які ж ён “палітычны”?!”

Яшчэ адзін зьняволены ваўкавыскі прадпрымальнік, Юры Лявонаў, нарадзіўся 23 жніўня 1961 году ў горадзе Калініне Маскоўскай вобласьці. Былы вайсковец. У ліпені 2006 году Юры Лявонаў быў асуджаны да пазбаўленьня волі на тры гады і пяць месяцаў. Прэзыдыюм Гарадзенскага абласнога суду задаволіў пратэст старшыні гэтага суду, які прасіў зьменшыць тэрмін пакараньня Юрыя Лявонава да паўтара гадоў. Выйшаў на свабоду Юры Лявонаў у студзені 2008 г. Пасьля вызваленьня з калёніі рабіў праграмістам у адной зь фірмаў Ваўкавыску. 8 лютага 2009 г. Юры Лявонаў быў зьняволены разам з прадпрымальнікамі Мікалаем Аўтуховічам і Ўладзімерам Асіпенкам.

Слухачы “Свабоды” — пра справу ваўкавыскіх прадпрымальнікаў, і, у прыватнасьці, пра галадоўку пратэсту Мікалая Аўтуховіча.

Зіноўеў: “Я думаю, што сэнс новага абвінавачаньня Аўтуховічу нагадвае словы з камэдыі Леаніда Гайдая “Ня можа быць!” Навошта Аўтуховіч прасіў зарэгістраваць ягоную арганізацыю? Каб органы зьвярнулі на яго ўвагу, калі нешта здарыцца на Гарадзеншчыне?”

Галіна, Магілёў: “Кангрэсмэны ЗША не дазволілі свайму грамадзяніну і двух тыдняў галадаць. Праз акіян прыляцелі, каб забраць дамоў Эмануіла Зэльцэра. У той жа час беларускія ўлады на сваёй зямлі зь дзіўнай абыякавасьцю назіраюць за тым, як галадае, даказваючы сваю невінаватасьць, Мікалай Аўтуховіч. Гэта ўжо не самазабойства, а самае сапраўднае публічнае пакараньне. Выратоўваць трэба Мікалая Аўтуховіча. Трэба змагацца за гэтага чалавека”.

Аўтары тэлефанаваньняў гавораць пра зьняволеных ваўкавыскіх прадпрымальнікаў Мікалая Аўтуховіча, Юрыя Лявонава і Ўладзімера Асіпенку.

Уладзімер Асіпенка нарадзіўся ў 1953 годзе ў мястэчку Сапоцкін Гарадзенскага раёну. Былы вайсковец. У 1994—2003 гадах працаваў у падатковай інспэкцыі Ваўкавыскага раёну. У 2003 годзе падае пазоў да начальніка падатковай інспэкцыі і ягонага намесьніка, вінаваціць іх у карупцыі і хабарніцтве. Супраць яго ўзбуджаюць крымінальную справу. Але пазьней справу раптоўна прыпыняюць. У 2003-м Асіпенку звольнілі з працы “за грубае парушэньне службовых абавязкаў”.

Віктар, Магілёў: “Я хацеў зьвярнуцца праз вас да Мікалая Аўтуховіча з просьбай тэрмінова спыніць галадоўку. Нельга сябе губіць толькі дзеля ідэі, якую мала хто падзяляе. Я — просты чалавек і вакол мяне — простыя людзі. Яны не ўспрымаюць галадоўку. Альбо кажуць, што Аўтуховіч хворы чалавек, альбо ставяцца абыякава. Вельмі будзе шкада, калі такі чалавек памрэ”.

Віктар Буто, Менск: “Пра вымушанае самазабойства прадпрымальніка, які трымае палітычную галадоўку. Такім грамадзянам патрабуецца вельмі сур’ёзная юрыдычная і фінансавая дапамога”.

Тэлефон “Свабоды” ў Менску — 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для смс-паведамленьняў: 375.293.912.224. Тэлефануйце і пішыце! Дзяліцеся навінамі, выказвайце сваё стаўленьне да падзеяў у Беларусі і ў сьвеце. Мы таксама чакаем водгукаў на працу Радыё Свабода.
XS
SM
MD
LG