Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Актывіста “Маладога фронту” Арцёма Дубскага трымаюць у камэры бабруйскага сьледчага ізалятара. Паплечнікі сёньня перадалі яму рэчы і харчы. Адвакатка падрыхтавала разам зь ім заяву на прысуд. 7 ліпеня Арцёма Дубскага пакаралі годам зьняволеньня за парушэньне правілаў адбыцьця пакараньня ў “справе 14-ці”. Арцём зьехаў ва Ўкраіну без дазволу інспэктара. Яго затрымалі на мяжы 13 лютага.

Маці Арцёма, Алена Дубская, на ўтульнай кухні прыватнага дома распавяла, што пасялілася тут з гадавалым Арцёмкам 21 год таму. Бабуля Алены падарыла ёй сваю хату пасьля таго, як яна сышла з маленькім сынам ад мужа. Зь цягам часу тую старую хатку перарабілі ў лазьню, а на яе месцы збудавалі новы дом.


У прыватным доме на вуліцы Дзяржынскага, якая нагадвае звычайную вясковую вуліцу, ёсьць прыродны газ, каналізацыя, ванны пакой. Алена патлумачыла з усьмешкай, што гэта ўсё зрабіў яе любімы мужчына. Так яна называе свайго грамадзянскага мужа.

Алена кажа, што раней ёй не шанцавала з мужчынамі. Калі Арцёмка меўся пайсьці ў першую клясу, яна вырашыла, што хлопчыку патрэбна мужчынскае выхаваньне, і вырашыла пабрацца шлюбам з чалавекам, якога пакахала і зь якім, ёй падавалася, яны былі б шчасьлівыя разам. Алена кажа, што той у апошні момант сказаў, што не гатовы да такой адказнасьці, і зьехаў.

Алена нарадзіла дачку Алесю і адна стала выхоўваць ужо дваіх дзяцей.

Алеся цяпер скончыла 9 клясаў. Яна кажа, што сябры і аднаклясьнікі выказвалі ёй спачуваньні.

“Усе ўсё разумеюць. Выказваюць спачуваньні, што мой брат сеў за краты. Але ж яны разумеюць, што не за забойства ці крадзеж... а за палітыку. Выказваюць мне спачуваньні і падтрымліваюць”.

Алена кажа, што Арцём яшчэ ў дзяцінстве вельмі абураўся, калі бачыў несправядлівасьць. Яна прыгадала, што калі ў Асіповічах зьявілася першая гімназія, туды быў вельмі высокі конкурс. Яе сын у 6 гадоў набраў найвышэйшы бал і паступіў у першую клясу.

“Характар у яго рана пачаў вызначацца. Яму было 4 гады, і калі хто-небудзь тэлефанаваў, то ён адказваў: “Пан Дубскі слухае”.

Асіповічы - горад вайскоўцаў. Маленькага Арцёма мама аднойчы павяла на парад, і хлопчык быў вельмі ўражаны. Ён стаў прасіць маму, каб тая яму пашыла вайсковую куртачку.

“Я ж увесь час сама ўсё дзецям шыла. Вось і Арцёму шорцікі, куртачку, пілёткі з камуфляжнай тканіны... Яму так усё гэта падабалася. Ён хацеў быць вайскоўцам. Але не прайшоў потым камісію”.

Алена прыгадала, што ў чацьвёртай клясе Арцём упаў з арэляў і зламаў пазванок. Хлопчык на некалькі месяцаў апынуўся ў ложку. Вось тады ён пачаў шмат чытаць.

“Чытаў у асноўным фантастыку. Я гляджу, што ўжо 3 гадзіна ночы, а ў яго сьвятло. Кажу: “Ты што?! Выключай зараз жа!” Дык ён што ўдумаў, чытаў пад коўдрай зь ліхтарыкам. Я тады кнігі толькі й насіла яму зь бібліятэкі”.

Алена Дубская цяпер шкадуе, што забрала Арцёма з гімназіі. У чацьвёртай клясе ў яго быў канфлікт з настаўніцай нямецкай мовы.

“Вось ён ёй там нешта сказаў, за некага заступіўся, а яна ж яшчэ й клясная ў іх была. Выклікала мяне і кажа: “Вон яго! Я не хачу, каб ён быў у маім клясе”. А я тады павінна была не забіраць дакумэнты ў звычайную школу, а стаяць на сваім і абараняць сына.

Ён тады перажываў сам. У нас так звычайна перажываюць усё сам-насам. Няма такога, каб мы нешта абмяркоўвалі. Я вось на працы хаджу, нібыта нічога ня здарылася. Так мы выхаваныя. Можа, у мяне ў душы ўсё гарыць, але я не падаю выгляду”.

На стале ў талерцы - хвораст. Яго напякла Алеся. Дзяўчына любіць нешта згатаваць сама. Яна прыгадала, што раней сварылася з Арцёмам з-за сваіх бліноў.


“Я іх пяку, а ён іх цягае і цягае з талеркі. Я не даю, а як толькі адвярнуся, ён сьцягнуў блін. А потым, як за стол садзіцца, ён ужо ня хоча”.

Алена: “Я тэлефаную дадому, як там. Алеся кажа, што будзе бліны пячы. А потым тэлефануе: “Мама! Арцём зьеў бліны, пакуль я начынку рабіла”.

Алена Дубская кажа, што Арцём ніколі не прасіў яе, як іншыя дзеці, набыць яму джынсы ці красоўкі.

“Усё сам. У яго галава наконт кампутараў. Ён каму-небудзь нешта зробіць і атрымае якую капейку. Тэлефон мабільны сам сабе набыў. Адзеньне таксама. Бывае, папросіць пяцёрку, але ён і аддасьць. У гэтым сэнсе самастойны”.

Вось я не глядзела, а мне знаёмыя распавялі, што на Арцёма БТ патраціла 10 хвілінаў эфірнага часу. Казалі, што ён і алькаголік, і ўсякі бруд лілі. Я так разумею, што гэта ўсё было патрэбна толькі ім”.

Алена Дубская кажа: асабліва яе крыўдзіць тое, што Арцёма абвінавачваюць у тым, чаго ніколі не было. Яе сын ня паліць, не ўжывае алькаголь. Яна паказала свой маленькі ўтульны гарод і садочак. Алена кажа, што Арцём не захапляецца садовымі працамі, але робіць тут цяжкую фізычную працу, толькі каб дапамагчы маці.

Цяпер у Арцёмавым пакоі жыве Алеся. Яна зрабіла сэрцайка з фотаздымкаў, дзе яна разам з Арцёмам і мамай.


На сьцяне ў рамках іконы, якія вышыла крыжыкам бабуля.


У палісадніку - кветкі і бульба. Алена патлумачыла, што адмыслова ўсё разьмеркавала, каб гародніну ня так было бачна. Хрызантэмы яна пасадзіла пад яблынямі, лілеі расквітнелі і закрылі сабой не такую прыгожую бульбу.


Пакуль мы размаўлялі, быў чуваць сабачы брэх. Алена кажа, што гэтыя два сабакі -- іхныя ахоўнікі.


І дадала, што ў яе ўсё, як і ва ўсіх. Яна лічыць, што яе сын сам абраў свой шлях і яна перашкаджаць яму ня будзе. Толькі часам, бывае, непакоіцца, калі ад яго не прыходзяць лісты ці раптам БТ дэманструе чарговы фільм пра небясьпеку, якую нясуць грамадзтву дзяўчаты і хлопцы з “Маладога фронту”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG