Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Чаму ў справе Аўтуховіча ня выказалася царква?


Меркаваньне філёзафа і публіцыста, манаха-дамініканіна Пётры Рудкоўскага.

Рудкоўскі: Цяжка выбраць адназначны спосаб рэагаваньня на гэтую сытуацыю. З аднаго боку, тут такі маральны ці этычны выклік, бо чалавек галадае 90 дзён. З другога боку, каб ацаніць такі акт пратэсту, трэба мець больш інфармацыі, якой тут якраз не хапае. Тут патрэбная пільная ўвага як з боку міжнароднага грамадзтва, так і беларускай супольнасьці да гэтай справы.

Карэспандэнт: Чаму, на вашу думку, царква маўчыць у гэтай сытуацыі, калі чалавек, фактычна, забівае сябе 90 дзён?

Калі існуюць сумненьні наконт адэкватных маральных паводзінаў дзяржавы, і калі дзяржава не гарантуе сумленнага незалежнага расьсьледаваньня такога выпадку, то можна гаварыць пра апраўданасьць прэзумпцыі вінаватасьці ўлады
Рудкоўскі: Няма такой традыцыі, каб называючы канкрэтных людзей ці канкрэтныя падзеі, выказвацца. Царква выказваецца апасродкавана, праз прапаведаваньне тэзісу пра годнасьць чалавека і пра правы чалавека. Хоць, на маю думку, гэта робіцца недастаткова і ў Праваслаўнай, і ў Каталіцкай цэрквах. Але прынцып максымальнага дыстанцыянаваньня ад грамадзкіх працэсаў і падзеяў, асабліва ад тых, якія маюць палітычную афарбоўку, захоўваецца.

Карэспандэнт: Улада ня раз паўтарала, што ў Беларусі няма палітычных вязьняў, а ёсьць толькі крымінальнікі. Ранейшыя справы ў Беларусі кшталту паклёпу на прэзыдэнта былі як бы палітычнымі паводле сваёй сутнасьці, а вось такім справам, як справа Аўтуховіча, якая даволі заблытаная, людзі даюць палітычную афарбоўку, сыходзячы з прэзумпцыі вінаватасьці ўлады...

Рудкоўскі: Я не выключаю, што апазыцыя можа злоўжываць гэтай прэзумпцыяй вінаватасьці ўлады. Але вось пра што я думаю. У выпадку дзяржавы, якая зьяўляецца вельмі моцнай структурай, асабліва калі мова ідзе пра аўтарытарную дзяржаву, дык тут якраз ёсьць падставы гаварыць пра прэзумпцыю вінаватасьці ўлады. Гэта значыць, калі існуюць сумненьні наконт адэкватных маральных паводзінаў дзяржавы, і калі дзяржава не гарантуе сумленнага незалежнага расьсьледаваньня такога выпадку, то можна гаварыць пра апраўданасьць прэзумпцыі вінаватасьці ўлады. Яна апраўдана наяўнай сытуацыяй – сытуацыяй адсутнасьці дэмакратычнага клімату ў краіне.
XS
SM
MD
LG