Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аўтуховіч - беларус, які нагадвае беларускага зубра


Мікалай Аўтуховіч, Ваўкавыск, 2003

Мікалай Аўтуховіч, Ваўкавыск, 2003

У 2004 годзе Мікалай Аўтуховіч балятаваўся ў якасьці кандыдата ў дэпутаты беларускага парляманта. Пазьней, пасьля выбараў, у яго пачаліся праблемы з уладамі.

Кіраўнік абласной арганізацыі АГП, Юры Істомін, падчас парляменцкіх выбараў 2004 года быў даверанай асобай Мікалая Аўтуховіча, хоць той і не уваходзіў у шэрагі іх партыі.

Юры Істомін узгадвае, як захоўваўся Аўтуховіч падчас выбарчай кампаніі:

Юры Істомін
“Тады я пабачыў гэтага чалавека, як моцнага духоўна, вельмі мужнага, паколькі да яго ня раз прыяжджалі пасланцы ад уладаў, вымушалі яго зьняцца, але ён пайшоў да канца. Так, за дзень да выбараў да яго прыехаў чалавек ад Шэймана, яны размаўлялі паўтары гадзіны сам-насам, і потым той выйшаў увесь бледны. Было відаць, што такой размовы, як яму хацелася, не атрымалася. Пасьля, калі мы зайшлі да Аўтуховіча ў кабінэт, ён стукнуў кулаком па стале і сказаў, што пойдзе да канца”.

Ірына Чарняўка працавала для сайта “Еўрамост” у той час, калі Мікалай Аўтуховіч знаходзіўся пад сьледзтвам у гарадзенскай турме і трымаў галадоўку болей за 70 дзён.

Яна ўзгадвае, як ёй давялося спаткацца з Аўтуховічам у ваўкавыскім шпіталі пасьля ягонай галадоўкі:

Ірына Чарняўка
“Самае жахлівае, як ён выглядаў у гэты момант: ледзьве-ледзьве перастаўляў ногі ад такой працяглай галадоўкі, аброс барадой і быў страшэнна худы. Перада мною быў стары, слабы чалавек, але вочы яго гарэлі, ён адчуваў сваю перамогу, перамогу, якой ён дамогся такой жахлівай стратай свайго здароўя. Пры гэтым у яго быў тузін плянаў як ён надалей зьбіраецца змагацца, паспрабаваў перадаць праз мяне просьбы да адваката. Гэты шалёны кантраст паміж унутранай энэргіяй і вонкавай слабасьцю – гэта было тое, што страшэнна ўразіла”.

Сябра Руху “За свабоду”, Эдвард Дмухоўскі, узгадвае Мікалая Аўтуховіча па-свойму:

Эдвард Дмухоўскі
“Добра мы знаёмыя не былі, больш зьнешне, але тым ня менш уражаньні такія, што ён нагадваў чалавека ўпэўненага ў сабе, добра ведаў, што робіць, нармальнага беларуса, якіх раней можна было сустракаць на кожным кроку. Гадоў 30 таму іх было шмат, а зараз большасьць ходзяць п’яныя, пагубленыя. Гэты чалавек упэўнены ў сабе і ведае, што ён хоча, рабіў сваю справу, тым больш прайшоў вайну. Нармальны беларус, які нагадвае беларускага зубра”.
XS
SM
MD
LG