Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ваўкавыск: Многія баяцца гаварыць пра Аўтуховіча


Аўтуховіч каля адной са сваіх таксовак. Архіўнае фота

Аўтуховіч каля адной са сваіх таксовак. Архіўнае фота

Карэспандэнт Радыё Свабода наведаў Ваўкавыск, дзе спрабаваў паразмаўляць з людзьмі, якія асабіста ведаюць Мікалая Аўтухоча. Аказалася, што частка зь іх не адважваюцца называць гэтае прозьвішча.

Адпачатку я завітаў на вуліцу Чырвонаармейскую ў Ваўкавыску, дзе знаходзіцца офіс фірмы “Ніка-транс”. Бываў тут і раней, але ніколі не даводзілася трапляць у такую цішыню, нібыта ўсё павымірала.

Вялікі двор, дзе звычайна мясьціліся белыя мэрсэдэсы з шашачкамі і шматтоныя ціры, зараз пусты. Новы вартаўнік на браме кажа, што працуе толькі першы тыдзень і нікога з чужых не пускае.

Выйшаў нейкі мужчына ў рабочай вопратцы, я спрабаваў зь ім загаварыць, але калі той пачуў, што я журналіст, адразу паскорыў крок, сарамліва кінуў толькі, што працуе першы месяц і Аўтуховіча асабіста ня ведае.

На стаянцы таксовак у горадзе падыходжу да кіроўцаў белых мэрсэдэсаў з шашачкамі. У чаканьні кліентаў яны гуляюць у карты, а пачуўшы маю просьбу ўзгадаць пра іх былога шэфа, моўчкі разьбягаюцца па сваіх машынах, якія пачынаюць раз’яжджацца без пасажыраў.

І ўсё ж некаторыя згадзіліся паразмаўляць. Пытаюся – ці ведаюць яны пра справу Аўтуховіча, пра тое, што ён трымае галадоўку за кратамі ўжо тры месяцы і ці ўзгадваюць свайго былога кіраўніка?

Першы кіроўца: “Ды хто тут толькі ў гэтым горадзе ня чуў пра гэтую справу... “.

Другі кіроўца: “Я асабіста ня веру ў тое, што яму прад’яўляюць”.

Карэспандэнт: “А чаму ня верыце?”

Другі кіроўца: “Думаю, што ён ня здольны на падобныя злачынствы. Я хоць зь ім і няшмат папрацаваў, але зразумеў, што гэта вельмі прыстойны чалавек”.

Першы кіроўца: “Па рабоце быў вельмі нармальны начальнік, ніякіх прэтэнзій не было, а без работы мы зь ім неяк ня мелі дачыненьняў”.

Да нас падыходзіць кліент і пытаецца кіроўцаў – ці давязуць яны яго па пэўным адрасе. Я пытаюся таго – ці ведае ён Мікалая Аўтуховіча і што можа сказаць пра ягоную фірму?

Спадар: “Фірма мне вельмі падабалася, бо таксоўкі падаваліся хутка, кошты ў іх былі самыя танныя. А цяпер пайшоў нейкі разброд. Аўтуховіч трымаў дысцыплінку і машынкі ў яго былі вельмі дагледжаныя”.

Мікола Кавальчук, ваўкавыскі прадпрымальнік, асабіста ведае Аўтуховіча, таксама ня верыць, што той мог бы стаць на злачынны шлях. Кажа, што Аўтуховіч вельмі працавіты, прынцыповы і шанаваны праз людзей у горадзе чалавек.

Ён перакананы, што яго справу сфабрыкавалі, але найбольш прадпрымальніка зьдзіўляе тое, як мясцовая арганізацыя аўганцаў публічна пачала ад яго адхрышчвацца:

“Іх таварыства ў Ваўкавыску ён цалкам утрымліваў, даваў памяшканьне, многім даваў працу, ладзіў усе мэрапрыемствы, прычым, вельмі патрыятычныя. І калі трэба было ня тое, што заступіцца за яго, а хаця б прамаўчаць, яны заявілі ў прэсе, што адмяжоўваюцца ад яго, як ад палітыка і эканаміста. Гэта ўжо зусім ненармальна”.
XS
SM
MD
LG