Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомельскія актывісты дбаюць пра “Наш дом”


Грамадзянская кампанія “Гомель — Наш дом” ужо амаль тры гады займаецца пошукам і вырашэньнем жыльлёва-камунальных ды іншых гарадзкіх праблемаў: каб асьвятляліся вуліцы, хадзілі аўтобусы туды, дзе жывуць людзі, былі чыстымі пад’езды, бясьпечнымі пляцоўкі, дзе гуляюць дзеці. І каб чыноўнікі на кожны зварот гараджаніна рэагавалі з такім жа імпэтам, як і на сыгнал з прэзыдэнцкай адміністрацыі.

Пра накірункі дзейнасьці грамадзянскай кампаніі “Гомель — Наш дом” апавядае актывіст Андрэй Аксёнаў:

“Калі я выходжу са свайго пад’езду, я, груба кажучы, у пад’ездзе, па дарожцы да прыпынку й да месца сваёй працы павінен прыехаць так, каб мяне ўсё задавальняла. Невялікая мэта, але паспрабуйце яе дамагчыся! Каб вакол гарэла сьвятло, каб ніхто не заламаў ногу, каб можна дзе было сесьці, куды плюнуць. Нават, каб пры жаданьні, калі чалавек хоча выпіць гэтую няшчасную бутэльку піва, каб ён яе выпіў. Каб нам не казалі: ах, вы хочаце пасядзець у сквэры на вуліцы Камсамольскай, ідзіце лепей у парк. А я ня хочу ў парк, я хочу ля свайго дому”.

Актывісты “Нашага дому” дамагліся належнага асьвятленьня вуліц 9 Траўня, Бранскай, сквэру імя Шаўчэнкі, шэрагу тэрыторый дзіцячых садкоў і школаў. Працягнутыя аўтобусныя маршруты ў мікрараён Валатава, абсталяваны многія прыпынкі грамадзкага транспарту. Прыбраныя ў бясьпечныя месцы дзіцячыя гульнёвыя пляцоўкі, якія, невядома чаму, разьмяшчалі побач з ажыўленымі вуліцамі, дзе рухаецца шмат транспарту.

Грамадзкія актывісты самі зьвярталіся ў “вэртыкальныя” органы гораду альбо дапамагалі людзям зьвяртацца, каб вырашыць іхнія праблемы. І пасьля нават, кажа спадар Аксёнаў, па выніках рэагаваньня на звароты вызначалі рэйтынг гарадзкіх чыноўнікаў:

“Самы запатрабаваны чыноўнік — гэта той, які адказвае ў горадзе за самыя вялікія праблемы, і да каго часьцей за ўсё зьвярталіся. Ім аказаўся Каршакоў з гарадзкога ЖКГ. Самы „непрабівальны“ чыноўнік — які не хацеў браць на сябе ініцыятыву і вырашаць людзкія пытаньні. Гэта ў нас быў Філіпцоў, намесьнік кіраўніка адміністрацыі Цэнтральнага раёну, а таксама дзяржаўны санітарны ўрач гораду Зіновіч”.

Цяпер актывісты “Нашага дому” ўзялі пад свой кантроль стан некаторых школьных стадыёнаў і наяўнасьць у горадзе пандусаў.

Гаворыць актывіст Мікалай Бяспяты:

“Зьвярніце ўвагу: вы шмат бачыце людзей-інвалідаў у нас на вуліцах? Не! Уяўляеце: у адміністрацыі Савецкага раёну няма пандусаў для інвалідаў!”

У кампаніі “Наш дом”, якая падтрымліваецца ў шэрагу беларускіх гарадоў, працуюць і вядомыя ў краіне людзі. У Віцебску, напрыклад, праваабаронца Валер Шчукін, выключаны ў свой час з шэрагаў Партыі камуністаў беларускай:

“Я чалавек актыўны і разумею, што у адзіночку нічога зрабіць не магу. Знайшлася структура! Мае погляды супадаюць зь іхнімі — я ім патрэбны, а яны — мне. У мяне патрэба дапамагаць. Але я дапамагаю тым, хто змагаеца”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG