Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вада, а дакладней — лічыльнікі вады падзялілі грамадзянаў Беларусі на тых, хто плаціць за яе танна, і каму яна абыходзіцца амаль утрая даражэй. Якія захады можна прапанаваць, каб ня толькі эканоміць ваду, але і захаваць прынцып сацыяльнай справядлівасьці?

Травеньскі рахунак за камунальныя паслугі для мянчанкі Маргарыты і яе маці-пэнсіянэркі выявіўся зь сюрпрызам. Маргарыта са зьдзіўленьнем убачыла, што за ваду яе маці прыйдзецца плаціць больш як удвая даражэй, чым у красавіку. Гэта ж пацьвердзілі жыроўкі за чэрвень і ліпень. Кубамэтар вады для маці, якая не ўсталявала лічыльніка, пачаў каштаваць не 627 рублёў, а 1544 рублі.

Маргарыта пайшла ў ЖЭС, дзе выслухала лекцыю пра тое, што “трэба было ўсталяваць лічыльнікі, што ўсіх папярэджвалі, а самыя ўпартыя хай цяпер пераплачваюць, калі ў іх ёсьць лішнія грошы”. Маргарыта згодная, што ўлік патрэбны, у сваёй кватэры яна гэтыя прылады ўсталявала. Але жанчыну зьдзіўляе, што ў Беларусі, дзе ўлада быццам бы абвяшчае роўнасьць правоў грамадзянаў, для адных вада прадаецца па адной цане, а для другіх — па амаль утрая большай.

“Вось узяць прыклад маёй маці. Ёй 86 гадоў, яна жыве непадалёк ад гатэля „Арбіта“. Там стары дом. Каб усталяваць лічыльнік, патрэбны рамонт. Трэба разьдзяўбці сьцяну, зламаць плітку. Старыя людзі, шмат хто, ня хочуць ніякіх рамонтаў. Дарэчы, ёсьць і маладыя, якія зрабілі рамонты, ім усё ламаць таксама няма жаданьня. Але ў нас галоўнае, што мама не перажыве ніякага рамонту, старога чалавека ўсё непакоіць, і мы вырашылі, што нам лепш плаціць. Але галоўнае ў гэтай праблеме, чаму такія розныя тарыфы: 600 рублёў і 1,5 тысячы рублёў. Гэта ж жахлівы факт!”

У ЖЭСе, куды зьвярнулася жанчына, паводле яе словаў, ёй па сакрэце распавялі, што ня толькі тарыфы большыя для тых, хто не ўсталяваў лічыльнікі. У паўтара раза, нібыта, большыя і нормы спажываньня вады на чалавека, які жыве ў кватэры безь лічыльнікаў. Такім чынам, атрымліваецца, што гэты грамадзянін пераплачвае яшчэ і за павышаны аб’ем вады, якім ніколі не карыстаецца.

Чаму існуюць розныя тарыфы на ваду ў залежнасьці ад таго, усталяваны лічыльнік ці не? У прыёмнай Міністэрства жыльлёва-камунальнай гаспадаркі спаслаліся на ўказ Аляксандра Лукашэнкі:

“Быў указ прэзыдэнта. Ён ужо 2 гады як выконваецца. А па тлумачэньні зьвярніцеся на прыём да намесьніка міністра Ліпеня”.

У Мікалая Станіслававіча Ліпеня ўдалося даведацца, што “значная большасьць жыхароў Менску і грамадзянаў Беларусі ўжо ўсталявала лічыльнікі”. Гэтыя працы будуць працягвацца, але, каб давесьці колькасьць карыстальнікаў прыладаў да 100% , людзям, якія не ўсталявалі лічыльнікі, ваду адключаць ніхто не зьбіраецца, запэўніў намесьнік міністра:

“Дастаткова і стымулаў: даюць растэрміноўку і на 3 месяцы, і на паўгода. Людзі адразу бачаць, што амаль удвая меней плацяць, чым норма была. Але адключаць ваду тым, хто не ўсталяваў лічыльнік, ня будуць. Калі яны будуць плаціць па павышаным тарыфе, то няма праблемаў”.

Намесьнік міністра Мікалай Ліпень не адказаў на пытаньне, наколькі абгрунтавана тое, што тарыфы на ваду амаль утрая адрозьніваюцца.

Ці праўда, што ў некаторых ЖЭСах працягваюць налічваць ваду па нейкіх нормах нават тым, хто ўсталяваў лічыльнікі? Зьвяртаюся ў 114-ы менскі ЖЭС, па сваім месцы жыхарства. Майстар, якая адказвае за ваду, зьдзіўляецца маёй падазронасьці.

Карэспандэнт: “Вось знаёмая кажа, што ўсталявала лічыльнік, а лічаць нібыта па нейкай сярэдняй норме ўсё роўна”.

“Не, не. Лічаць адпаведна вашым паказаньням. Вы самі перадайце гэтыя паказаньні, можаце нават праз тэлефон. Колькі кубоў прайшло, гэтак і налічаць”.

У маім ЖЭСе зараз усталёўваюць лічыльнікі беларускай фірмы “Белценнер”. Усталяваць такі лічыльнік каштуе 220 тысяч рублёў, а яшчэ на пачатку году паслуга каштавала 190 тысяч. “Гэта разам з працай сантэхнікаў, вы за іх працу нічога не заплаціце”, — запэўнілі мяне ў ЖЭСе. Паводле зьвестак, у Беларусі ўсталёўваюць лічыльнікі вады толькі чатырох фірмаў (усе чатыры беларускія), якія прайшлі конкурс і праверку на адпаведнасьць розным тэхнічным патрабаваньням.

Незалежны эканаміст Міхал Залескі згадаў пра свае праблемы, зьвязаныя з усталяваньнем лічыльніка: падчас плянавага рамонту дома яму паставілі прыладу, якая не адпавядала нормам “Водаканалу”, і толькі празь вялікую бюракратычную валакіту ўдалося давесьці справу да ладу:

“Безумоўна, гэта такая савецкая кампанія. Кшталту: хто ня з намі, той супраць нас. Павінен быць выбар, тарыфы павінны быць адзіныя, а тарыф на тых, хто не карыстаецца лічыльнікам, павінен быць нейкі сярэдні — гэта ж ня цяжка падлічыць”, — мяркуе Міхал Залескі.

Як быць з тымі, хто з розных прычын адмаўляецца ад усталяваньня лічыльнікаў? Паводле назіраньняў Міхала Залескага, гэта часьцей людзі сталага веку, якім маюць фінансавыя праблемы. Каб ім дапамагчы, эканаміст Залескі прапануе наступнае выйсьце:

Ёсьць банкаўскія ўклады да 1991 году. Вось з гэтых укладаў трэба аплачваць ваду бабулькам, у тым ліку і ўсталяваньне гэтых лічыльнікаў.
“Ёсьць банкаўскія ўклады да 1991 году. Вось з гэтых укладаў трэба аплачваць ваду бабулькам, у тым ліку і ўсталяваньне гэтых лічыльнікаў. Паводле „залатога парытэту“ падлічыць, колькі ў бабулі было тады грошай, і цяпер зь іх налічаць за ваду”.

Другі незалежны эканаміст, Яраслаў Раманчук, мяркуе, што розныя тарыфы на ваду сталі прычынай манаполіі ў камунальнай гаспадарцы. Яраслаў Раманчук кажа, што ў Эўропе такое немагчыма:

“Там ёсьць рэгуляваньне тарыфаў, бо не дазваляюць за адны і тыя ж паслугі бралі з чалавека ў 2-3 разы болей. Гэта жорстка рэгулюе антыманапольнае заканадаўства. У сытуацыі манаполіі яно і ёсьць галоўным рэгулятарам справядлівасьці ў пастаўках тавараў і паслуг на рынак”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG