Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Чый Грунвальд: польскі, літоўскі, беларускі?


«Грунвальдзкая бітва» Яна Матэйкі

«Грунвальдзкая бітва» Яна Матэйкі

Сёньня ў Польшчы на Грунвальдзкім полі, дзе 599 гадоў таму войска Рэчы Паспалітай і Вялікага княства Літоўскага здабыла гістарычную перамогу над Тэўтонскім ордэнам, ладзяцца тэатралізаваныя відовішчы ў традыцыях сярэднявечча — з танцамі, барацьбой, страляньнем з луку… Мерапрыемствы працягнуцца да нядзелі ўключна. У суботу, 18 ліпеня, на грунвальдзкім полі на месцы баёў 1410 году — галоўны нумар праграмы: інсцэніроўка самой бітвы, піша польская Rzeczpospolita.

На сёньняшні фэст на Грунвальдзкае поле зьехаліся прадстаўнікі ня толькі Польшчы, але і Літвы ды Беларусі. Бітву рыцараў упершыню інсцэніравалі тут у 1998 годзе. Ад самага пачатку ў рыцарскіх турнірах бралі ўдзел і прадстаўнікі Беларусі. Аднак апошнім часам перад імі паўсталі пэўныя праблемы. Летась беларускія харугвы ўвогуле ня трапілі пад Грунвальд з прычыны “неадпаведнасьці патрабаваньням адносна дасьпехаў”. Патрабаваньні бясьпекі дасьпехаў сталі больш жорсткімі пасьля далучэньня Польшчы да шэнгенскай зоны. Паводле арганізатараў фэсту, у зьвязку з уступам краіны ў ЭЗ і падаражэньнем візаў паменела ў Грунвальдзе і беларускіх турыстаў.

Сёлета Беларусь на грунвальдзкім сьвяце прадстаўлена мастацкімі калектывамі, найперш гуртамі сярэднявечнай музыкі. Сярод іх — Testamentum Terrae (“Запавет зямлі”).

Як кажуць самі палякі, многія зь іх раней ня чулі падобнай музыкі, а таму ўражаныя выступамі гурту, сьпевамі і скокамі беларускай моладзі.

“Тут, пад Грунвальдам, ва ўсіх гэтых сярэднявечных строях нібыта адчуваеш сябе часткай тых вялікіх падзеяў”, — кажуць беларускія ўдзельнікі імпрэзаў.

Улічваючы той гістарычны факт, што менавіта воіны Вялікага Княства Літоўскага зрабілі вызначальны ўнёсак у перамогу над крыжакамі, аглядальнікі Rzeczpospolita ставяць пытаньне: дык чый жа ўсё ж насамрэч Грунвальд: польскі, літоўскі, беларускі?

Паводле выданьня, Грунвальдзкая бітва стала сымбалем барацьбы літоўцаў за ўласную дзяржаву. І цяпер гэтая гістарычная падзея адыгрывае асаблівую ролю ў нацыянальным самавызначэньні літоўцаў. У гонар падзеі названыя вуліцы, плошчы, караблі, спартовыя клюбы, самая вядомая баскетбольная каманда Літвы і нават 75-градусны алькагольны напой.

У сувязі з 600-гадовым юбілеем грунвальдзкай перамогі ў наступным годзе афіцыйная Вільня выказала намер каардынаваць разам з Варшавай сумесныя мерапрыемствы з гэтай нагоды. Таксама Вільня заклікала афіцыйны Менск “не адмаўляцца ад свайго гістарычнага мінулага” і далучыцца да сумеснага сьвяткаваньня важнай падзеі.

Пакуль жа ў Беларусі традыцыі Вялікага Княства Літоўскага шануе толькі апазыцыя.

Ці магчымае агульнае польска-літоўска-беларускае сьвяткаваньне 600-годзьдзя Грунвальдзкай бітвы? Як лічаць польскія назіральнікі, усё будзе залежаць ад эканамічнай сытуацыі. Калі прыйдзе дапамога з Захаду, то беларускія ўлады будуць сьвяткаваць усё, што падабаецца Захаду. А калі больш дапаможа Масква, Менск забудзецца пра Грунвальд.

У Грунвальдзкім музэі пра Беларусь ні слова няма. Сьцягі вісяць толькі літоўскія ды польскія.
Тым часам беларускі гісторык Алег Трусаў кажа, што на 99% упэўнены ў тым, што Менск не забудзецца пра Грунвальд.

Трусаў: “Я думаю, што працэсы ідуць такія, што з кожным днём мы ўсё болей грошай будзем браць з Захаду. І думаю, што колькасьць гэтых грошай рэзка павялічыцца да юбілею Грунвальда”.

Карэспандэнтка: “Такім чынам, вы лічыце, што разам з палякамі і літоўцамі і беларусы будуць адзначаць сьвята на Грунвальдзкім полі?”

Трусаў: “Так. Учора я хвілін 15 гутарыў з польскім амбасадарам. Самае галоўнае, што я быў у гэтым музэі грунвальдзкім. І пра Беларусь там ні слова няма. Сьцягі вісяць толькі літоўскія ды польскія. Я запытаўся, колькі ж нас можна яшчэ ігнараваць, бо беларусы ўсё ж вядомыя ў Эўропе. І 40 харугваў беларускіх было. Мой родны мсьціслаўскі полк там палёг на чале з нашым князем Мсьціслаўскім. Дарэчы, я ад нашых беларускіх уладаў дабіўся таго, што будзе паштовая марка, прысьвечаная Грунвальду, спэцыяльны капэрта і спэцгашэньне ў маім родным Мсьціславе”.

Алег Трусаў спадзяецца, што ў наступным годзе беларускіх турыстаў у Грунвальд трапіць багата, у тым ліку і таму, што шэнгенскія візы для беларусаў стануць таньнейшымі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG