Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Каму канкардат добры, а каму - дрэнны


Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі й Тадэвуша Кандрусевіча, красавік 2009-га.

Сустрэча Аляксандра Лукашэнкі й Тадэвуша Кандрусевіча, красавік 2009-га.

МЗС і Камітэт па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў пры Савеце Міністраў РБ падрыхтавалі праект пагадненьня паміж беларускім урадам і Ватыканам.

Упаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка кажа, што праект пагадненьня паміж Ватыканам і Рэспублікай Беларусь ужо распрацаваны:

“Пагадненьне распрацавана. Аўтараў у яго два — гэта Міністэрства замежных спраў і мы, нават у большай ступені МЗС, бо гэта міждзяржаўны акт. Мы ўсе свае заўвагі і прапановы ў гэты праект унесьлі, МЗС да ўсіх гэтых заўваг па распрацоўцы пагадненьня прыслухалася, і на сёньняшні дзень гэтае пагадненьне гатовае”.

Дзеля абмеркаваньня праекту плянуецца візыт у Менск дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала Тарчызіё Бэртонэ, але дата візыту пакуль невядомая нават прыкладна:

“Ужо трэба будзе абмяркоўваць пытаньне пагадненьня. Магчыма, гэта будзе ў разьвіцьцё таго, што кіраўнік нашай дзяржавы сказаў, што Беларусь ня будзе супраць стацца пунктам сустрэчы патрыярха маскоўскага і ўсяе Русі Кірыла і папы рымскага ў нас, — дзеля збліжэньня пазыцый цэркваў”.

Леанід Гуляка адзначыў высокую ацэнку, якую кардынал Бэртонэ даў нашаму заканадаўству падчас мінулага візыту:

“Сёньня Закон, прыняты ў 2002 годзе, „Аб свабодзе сумленьня і рэлігійных аб’яднаньнях“, — ён, па сутнасьці, адпавядае самым дэмакратычным законам. Нават, вазьму на сябе сьмеласьць сказаць, — у сусьветным маштабе. Бо гэта не мая ацэнка, а ацэнка кардынала Тарчызіё Бэртонэ, гэта, па сутнасьці, кіраўнік дзяржавы Ватыкан, правая рука папы рымскага”.

На думку мэтадоляга Ўладзімера Мацкевіча, падпісаньне пагадненьня Беларусьсю і Ватыканам можна толькі вітаць:

“Гэта, хутчэй, дакумэнт не царкоўны, а сьвецкі, дзяржаўны. І гэта можна толькі вітаць. І ў сэнсе значнай колькасьці каталікоў у Беларусі, і ўвогуле паляпшэньня міжканфэсійнай сытуацыі ў краіне, і наагул — трэба неяк дыпляматычна разьвіваць краіну”.

Але як збліжэньне каталіцкай і праваслаўнай цэркваў адаб’ецца на стасунках зь іншымі канфэсіямі, цяпер прагназаваць цяжка:

“Падчас візыту Бэртонэ сюды і падчас візыту Лукашэнкі ў Ватыкан сярод беларускіх пратэстантаў выказвалася думка, што паляпшэньне стасункаў паміж праваслаўнай царквой і каталіцкай, паміж беларускай дзяржавай і Ватыканам можа нэгатыўна адбіцца на становішчы пратэстантаў краіны. Увогуле, саюзы паміж праваслаўнымі і каталікамі заўсёды былі (гістарычна) ня вельмі спрыяльнымі, а часам і трагічнымі для пратэстантаў ва Ўсходняй Эўропе”.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG