Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ідзе 91-ы дзень галадоўкі палітвязьня Мікалая Аўтуховіча, якога абвінавачваюць у падпале дома міліцыянта і, паводле некаторых зьвестак, падазраюць у падрыхтоўцы тэрарыстычнага акту. Галадоўкай ваўкавыскі прадпрымальнік пратэстуе супроць крымінальнага перасьледу і дамагаецца тэрміновай перадачы справы ў суд альбо вызваленьня пад падпіску пра нявыезд.


Як паведаміла сёньня лекарка менскага сьледчага ізалятара на прыёме для сваякоў вязьняў, Мікалай Аўтуховіч працягвае галадоўку. “Ён яшчэ галадуе. Магчыма, каб прыняць рашэньне аб спыненьні галадоўкі, ён чакае адваката. Учора не дачакаўся, верагодна, адвакат будзе сёньня. Пачуваецца ён па-ранейшаму”, — паведаміла лекарка. Тыдзень таму жанчына казала, што “ў Аўтуховіча нармалізаваліся аналізы, ён слабы, але трымаецца”, і прасіла сваякоў паўплываць на яго, каб спыніў галадоўку. Гэтым разам лекарка прызнала, што “Аўтуховіч стаў яшчэ слабейшы”.

Адвакат Павал Сапелка апошні раз бачыўся з Аўтуховічам 10 ліпеня. Адвакат казаў, што Аўтуховіч схуднеў болей як на 35 кіляграмаў, ён “ледзь ходзіць, у яго кружыцца галава”. Зьвестак пра тое, ці наведаў сёньня Аўтуховіча адвакат Павал Сапелка, пакуль няма.

Тацяна Ўланава, жонка затрыманага 8 ліпеня былога “аўганца” Канстанціна Ўланава, атрымала ліст ад сьледчага Віктара Клачко адносна затрыманьня свайго мужа. Сьледчы пацьвердзіў, што Канстанцін Уланаў затрыманы ў справе Мікалая Аўтуховіча. Паводле сьледчага, абвінавачаньне спадару Ўланаву ня выстаўленае. Адвакат Мікалаеў паведаміў Тацяне Ўланавай, што сьледчыя дзеяньні з удзелам яе мужа працягваюцца:

“Казаў, што сёньня яшчэ будуць нейкія допыты, а заўтра будуць прымаць рашэньне адносна меры стрыманьня: выстаўляць ці не выстаўляць абвінавачаньне. Зараз я знаходжуся ў касьцёле, малюся за яго”.

Разам зь Мікалаем Аўтуховічам 8 лютага ў Ваўкавыску былі затрыманыя Юры Лявонаў і Ўладзімер Асіпенка. Дачка Лявонава Юля Міхнюк праз больш як месячны перапынак нарэшце атрымала ад таты ліст. Паводле Юлі Міхнюк, яе бацька Юрый Лявонаў ня скардзіцца на ўмовы ўтрыманьня і выказвае надзею, што хутка выйдзе на волю. Нядаўна ён напісаў ліст на імя пракурора, кажа Юля Міхнюк:

“Ён напісаў, што, маўляў, хопіць мяне тут трымаць, адпускайце. Сэнс скаргі такі”.

Паводле Юлі Міхнюк, ужо больш як месяц з удзелам яе бацькі не было ніякіх сьледчых дзеяньняў. Пра гэта ж казала ўчора і Людміла Асіпенка, дачка Ўладзімера Асіпенкі. Яны бачыліся на “Валадарцы” 13 ліпеня.

Сьледчы Віктар Клачко, які вядзе справу Мікалая Аўтуховіча, не камэнтуе зьвестак пра тое, што прадпрымальніка нібыта падазраюць таксама ў падрыхтоўцы да тэрарызму.

Некалькі тыдняў таму лекарка турмы на Валадарскага ў Менску пацьвердзіла ў інтэрвію Радыё Свабодзе, што Мікалай Аўтуховіч сапраўды галадае такі доўгі тэрмін. Яна таксама паведаміла, што вязень згадзіўся на кропельніцы, з дапамогай якіх лекары яго сілкуюць. Сам Аўтуховіч прымае толькі ваду.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG