Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь хоча трапіць у трыццатку лепшых бізнэс-краінаў


Міністар эканомікі Мікалай Зайчанка

Міністар эканомікі Мікалай Зайчанка

Дзяржаўныя ведамствы ўключаюцца ў рэалізацыю зацьверджанага ўрадам Пляну першачарговых мерапрыемстваў дзеля лібэралізацыі ўмоваў эканамічнай дзейнасьці. Так, Міністэрства эканомікі заявіла пра намер увайсьці ў лік краінаў з найлепшым бізнэс-кліматам, чакаючы ў адказ прывабных інвэстыцыйных прапановаў. Ці падмацаваныя дзяржаўныя амбіцыі практыкаю?


Міністэрства эканомікі разглядае магчымасьць спрашчэньня ліцэнзаваньня асобных відаў прадпрымальніцкай дзейнасьці. Цяпер у Беларусі ліцэнзуюцца 53 яе віды. Калі ініцыятывы Мінэканомікі атрымаюць ухвалу на прэзыдэнцкім узроўні, гэты лік можа зьменшыцца на 8—9. Апроч таго, у якасьці гуманных памкненьняў падкрэсьліваецца фактычны працяг мараторыю на праверкі прадпрымальнікаў, які фармальна скончыўся 1 ліпеня.

На тле дзяржаўных разважаньняў пра лібэралізацыю адкрытым застаецца пытаньне карэктаваньня падатку на дададзеную вартасьць, што наўпрост уплывае на канчатковыя прыбыткі прыватнага сэктару. Як гаворыць дырэктар Дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі, некаторыя спэцыялісты настойваюць на падвышэньні гэтага паказьніка з 18 да 22%:

“Я ведаю, што меркаваньні істотна падзяліліся. У прыватнасьці, пазыцыя прэм’ер-міністра ў гэтым пытаньні досыць катэгарычная — не падымаць плянку падатку. Разам з тым спэцыялісты пралічваюць іншыя варыянты. Аднак пакуль што да адзінай думкі бакі яшчэ не прыйшлі”.
Дынаміка руху Беларусі ў трыццатку лепшых захоўваецца


Прадстаўнік Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі распавёў: у мэтах лібэралізацыі на 2009 год урад зацьвердзіў 75 мерапрыемстваў, якія павінны паспрыяць інвэстыцыйнай прывабнасьці Беларусі. У прыватнасьці, цяпер ідзе праца дзеля таго, каб увайсьці ў лік 30 дзяржаваў з найлепшымі ўмовамі для вядзеньня бізнэсу:

“Што тычыцца рэйтынгу, яго падвышэньня ў рамках аналізу, які праводзіцца аналітыкамі Сусьветнага банку, то на распараджэньне прэм’ер-міністра створаная працоўная група. У яе склад уваходзяць прадстаўнікі ключавых органаў дзяржаўнага кіраваньня, прадстаўнікі Нацбанку. Да 1 ліпеня адбываліся сустрэчы ва ўсіх органах дзяржкіраваньня з экспэртамі банку, даводзіліся падрабязная інфармацыя па ўсіх 10 паказьніках, якія разглядаюцца для вызначэньня спрыяльнага бізнэс-асяродку. Інфармацыя афіцыйна накіраваная ўрадам у дырэкцыю Сусьветнага банку. Я думаю, што дынаміка гэтага росту руху Беларусі ў трыццатку лепшых захоўваецца”.

На думку беларускіх чыноўнікаў, калі Беларусь апынецца ў ліку “абраных”, гэта будзе спрыяць перадусім фінансаваму даверу да эканомікі краіны. Ва ўмовах, калі Расея практычна згарнула крэдытную праграму для Беларусі, магчымасьць браць пазыкі на Захадзе расцэньваецца як паратунак. У гэтым зьвязку асаблівыя спадзяваньні ўскладаюцца на крэдытныя праграмы Міжнароднага валютнага фонду. Між тым, як лічыць колішні кіраўнік Беларускай фондавай біржы, эканаміст Валеры Кругавы, існаваньне на пазычаныя грошы яшчэ нікога не ратавала:
Няма ніводнага прыкладу, каб крэдыт МВФ уратаваў тую ці іншую эканоміку


“Ва ўмовах гэтага крызісу ўсе так перапужаліся, што забываецца простая рэч: Міжнародны валютны фонд існуе не адзін год. І не адзін год ён дае крэдыты. Але няма ніводнага прыкладу, каб ягоны крэдыт уратаваў тую ці іншую эканоміку. Не ўратаваў ён Расею, якая ў свой час брала адтуль вялізныя рэсурсы — і скончылася ўсё гэта дэфолтам (а перад дэфолтам Расея ад МВФ брала і брала). Ня выратаваў ён у свой час ні Аргентыну, ні Мэксыку. Яшчэ няма прыкладаў у гісторыі Міжнароднага валютнага фонду, каб яго крэдыты сталіся выратавальнымі. Толькі самі яны сябе ўратоўвалі. У нашым выпадку папросту неабходнае хірургічнае ўмяшаньне. Груба кажучы, трэба паадразаць галовы тым, хто цяпер ва ўладзе, і прышыць новыя. Але паколькі гэта з катэгорыі фантастыкі, то наконт плёну — вы самі разумееце”.

Адной з праяваў павароту да замежных фінансістаў называюць палёгку ў банкаўскай сфэры. Паводле ўказу Аляксандра Лукашэнкі, любыя грашовыя ўклады замежнікаў у беларускіх банках прымаюцца пад гарантыі дзяржавы і будуць мець ананімны статус. Меркаваньне эканаміста Ўладзімера Карагіна:

“Ведаю досьвед іншых дзяржаваў — менавіта такія робяцца крокі, каб толькі прыцягнуць грошы ў свае краіны. Ва ўсім сьвеце ідзе барацьба за грошы, бо грошы — гэта кроў эканомікі. Таму дадзены ўказ ухваляю, думаю, што гэта адзін з мэтадаў вырашэньня праблемы. Хоць гэта не здымае з парадку дня паляпшэньня дзелавога клімату, ільготаў для малога бізнэсу. Увогуле — усяго, што мы прапісалі ў нашай Нацыянальнай плятформе бізнэсу”.
XS
SM
MD
LG