Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцыйны Менск падрыхтаваў праект пагадненьня паміж беларускім урадам і Ватыканам.


Пра гэта паведаміў на прэс-канфэрэнцыі ў Менску ўпаўнаважаны па справах рэлігій і нацыянальнасьцяў Беларусі Леанід Гуляка.

У зьвязку з гэтым плянуецца візыт у Менск дзяржаўнага сакратара Ватыкану кардынала Тарчызыё Бэртонэ, дата якога пакуль невядомая.

"Мяркуецца, што візыт кардынала Бэртонэ, відаць, і будзе зьвязаны з падрыхтаваным праектам пагадненьня. Магчыма, візыт кардынала можа быць зьвязаны з тым, што прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка разглядаў Беларусь як месца сустрэчы папы рымскага і патрыярха Маскоўскага і ўсяе Русі", – заявіў Гуляка.


У Беларусі дамінантнай рэлігіяй лічыцца праваслаўе. Кіраўнікі краіны на вялікія рэлігійныя сьвяты наведваюць царкву, а ў 2006 годзе патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт быў уганараваны званьнем Героя Беларусі. Яшчэ ў 1990-х дзяржава падпісала зь Беларускай праваслаўнай царквой адмысловыя пагадненьні аб супрацоўніцтве. Існуюць аналягічныя дамовы на ўзроўні нават асобных ведамстваў. Гэта ня толькі структуры агульнай гуманітарнай скіраванасьці, але нават сілавыя ведамствы, сярод якіх — МУС, Міністэрства абароны, памежны і мытны дзяржкамітэты.

За апошні год Злучаныя Штаты Амэрыкі двойчы крытыкавалі стан са свабодай рэлігіі ў Беларусі. У лютым 2009 году Дзярждэпартамэнт ЗША апублікаваў штогадовую справаздачу аб правах чалавека ў сьвеце. Паводле дакумэнта, у Беларусі ў 2008 годзе працягваліся парушэньні правоў чалавека з боку ўладаў. Сярод іншага — абмежаваньне права на зьмену улады, зьняволеньні з палітычных матываў, абмежаваньне грамадзянскіх свабодаў, у тым ліку свабоды друку, выказваньняў, сходаў і веравызнаньня.

А ў верасьні 2008 году Дзярждэпартамэнт ЗША выступіў са штогадовай справаздачай пра аб сытуацыі з рэлігійнымі свабодамі ў сьвеце. Паводле Дзярждэпартамэнту, урад Беларусі абмяжоўвае дэкляраваныя Канстытуцыяй правы беларускіх вернікаў. Гэта выяўляецца ў адмове ў рэгістрацыі альбо ў невяртаньні маёмасьці рэлігійным абшчынам, а таксама ў перасьледзе пастыраў і місіянэраў. Некаторых зь іх, паводле Дзярждэпартамэнту, высылалі з краіны, некаторым адмаўлялі ў візе.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG